Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Сырыя закупляе і перавозіць пшаніцу з Крыму


Ілюстрацыйнае фота.

За апошні год Расея паставіла ў Сырыю амаль 170 тыс. тон пшаніцы з анэксаванага Крыму, гаворыцца ў расьсьледаваньні Reuters.

Журналісты, спасылаючыся на партовую дакумэнтацыю ў Крыме і крыніцы ў індустрыі перавозак, распавялі, што Расея за год нарасьціла ў некалькі разоў пастаўкі збожжа для ўраду Башара Асада. Тым ня менш, па дадзеных расейскай мытні, піша Reuters, зерне ў Сырыю не экспартавалася.

Як піша выданьне, зпрычыны ваенных дзеяньняў і цяжкай сытуацыі зь сельскай гаспадаркай урадавыя запасы зьнізіліся да «крытычнай» адзнакі, таму Дамаск стаў спадзявацца выключна на імпарт.

Нягледзячы на тое, што пастаўкі прадуктаў харчаваньня ў Сырыю міжнароднымі санкцыямі не забароненыя, з прычыны арыштаваных рахункаў і санкцый банкаўскага сэктару многія пастаўшчыкі вырашылі адмовіцца ад супрацоўніцтва з урадам Асада. Крым, які Расея анэксавала ў 2014 годзе, таксама знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, забараняючымі супрацоўніцтва міжнародных кампаній у шэрагу сфэр, у тым ліку сельская гаспадарка і перавозкі.

«У нас няма праблем з многімі краінамі, уключаючы Сырыю. Мы ня ўводзілі адзін супраць аднаго санкцыі, таму, вядома, яны [урады] спакойна могуць працаваць [адзін з адным]», — сказаў агенцтву Георгій Мурадаў, намесьнік старшыні расейскага Савету міністраў Крыму.

Як высьветлілі журналісты, для перавозак збожжа выкарыстоўваюцца сырыйскія караблі і судны, якія знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Згодна з навігацыйнымі дадзенымі, сьцьвярджае Reuters, караблі з анэксаванага Крыму прыставалі наўпрост да сырыйскіх берагоў — на расейскую ваенную базу ў Тартус, іншыя пастаўкі ідуць праз Лібан.

Раней урад Сырыі заяўляў, што мае намер закупіць у Расеі каля трох мільёнаў тон збожжа на працягу трох гадоў. Як паведамілі Reuters два чыноўніка ў Расеі, паколькі Сырыі няма чым плаціць за пастаўкі, наўзамен Дамаск будзе пасылаць аліўкавы алей і гародніна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG