Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Зісер выратаваў прэмію імя Васіля Быкава. Уручэньне адбудзецца 23 чэрвеня ў Бычках


Архіўнае фота. Узнагарода ляўрэату прэміі «За свабоду думкі імя Васіля Быкава»

Цырымонія ўручэньня прэміі Васіля Быкава «За свабоду думкі» выдатным беларусам, якія праявілі сябе ў грамадзкай ці творчай дзейнасьці на карысьць Бацькаўшчыны, адбудзецца 23 чэрвеня. Пра гэта Свабодзе заявіў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Раней наконт сёлетняга ўручэньня прэміі былі сумневы, паколькі збор сродкаў на прэмію ішоў марудна.

Паводле заснавальніка руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, аднаго з ініцыятараў стварэньня прэміі імя Васіля Быкава, другі год у арганізатараў праблемы зь фінансаваньнем, скарачаць расходы давялося ўжо летась. У красавіку стартавала кампанія на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака», аднак актыўнасьць аказалася невысокай.

Праект падтрымаў бізнэсовец, заснавальнік парталу TUT.by Юры Зісер, які перавёў на рахунак арганізатараў 2000 рублёў зь неабходных 5000.

Тым ня менш агулам на гэты момант сабрана толькі 71% ад сумы. Сродкі патрэбны перадусім на выраб статуэткі і дыплёму для ляўрэата (1100 рублёў), арганізацыю ўрачыстасьцяў, канцэрт і падтрымку мэдыя (1600 рублёў), выраб прызоў (1000 рублёў), арэнду аўтобусаў (1300 рублёў).

Як паведаміў Свабодзе Юрась Губарэвіч, імпрэза на радзіме Васіля Быкава ў Бычках на Ўшаччыне адбудзецца. Зэканомяць на выдатках, якія можна кампэнсаваць — найперш гэта тычыцца транспарту.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Частка людзей паведаміла, што будзе дабірацца самастойна, некаторыя едуць ня зь Менску, а з рэгіёнаў, — сказаў палітык. — Акрамя таго, яшчэ застаецца час для ахвяраваньняў, мы бачым, што якраз у апошні тыдзень назіраецца пэўная актыўнасьць. Спадзяюся, на момант правядзеньня прэміі максымальна блізка падыдзем да сумы, якую хацелі б сабраць. Плюс частка людзей дэкляравала, што ахвяруюць грошы на месцы, бо для старэйшага пакаленьня сыстэма збору праз інтэрнэт усё ж досыць складаная».

Пачатак імпрэзы ў Бычках 23 чэрвеня а 13-й гадзіне.

Прэмія будзе ўручацца адзінаццаты раз на радзіме Васіля Быкава, каля дома-музэю ў вёсцы Бычкі. Першых ляўрэатаў у 2008 годзе назвалі 50 найбoльш вядомых прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва. Пазьней iмёны пераможцаў вызначала ў двух турах журы ў складзе папярэдніх уладальнікаў прэміі.

Ляўрэатамі ў розны час станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, літаратары і палітыкі Ўладзімір Някляеў і Павал Севярынец, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч, рэжысэр Валеры Мазынскі, грамадзкі дзеяч Зьміцер Дашкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG