Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмія імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» пад пагрозай. Грошы зьбіраюць талакой


Архіўнае фота. Узнагарода ляўрэату прэміі «За свабоду думкі імя Васіля Быкава»

Абвешчаны збор сродкаў на штогадовае ўручэньне прэміі Васіля Быкава «За свабоду думкі» выдатным беларусам, якія праявілі сябе ў грамадзкай ці творчай дзейнасьці на карысьць Бацькаўшчыны.

Імпрэза заплянаваная на 23 чэрвеня, арганізатарам выступае рух «За свабоду». Прэмія будзе ўручацца адзінаццаты раз на радзіме Васіля Быкава, каля дома-музэю ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне. Першых ляўрэатаў у 2008 годзе назвалі 50 найбoльш вядомых прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва. Пазьней iмёны пераможцаў вызначала ў двух турах журы ў складзе папярэдніх уладальнікаў прэміі.

Уручэньне прэміі «За свабоду думкі» ў 2017 годзе. Перамог Зьміцер Дашкевіч
Уручэньне прэміі «За свабоду думкі» ў 2017 годзе. Перамог Зьміцер Дашкевіч

Ад неабходнай сумы сабрана ўсяго 8%

Кампанія на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» стартавала ў канцы красавіка, усяго неабходна сабраць 5000 рублёў. Пакуль актыўнасьць невысокая — сабрана меней за 250 рублёў.

Сродкі патрэбны на выраб статуэткі і дыплёму для ляўрэата (1100 рублёў), арганізацыю ўрачыстасьцяў, канцэрт і падтрымку мэдыя (1600 рублёў), выраб прызоў (1000 рублёў), арэнду аўтобусаў (1300 рублёў). Актыўныя ўдзельнікі змогуць асабіста далучыцца да цырымоніі, а таксама атрымаць камплект падарункаў з падзякай ад арганізатараў.

Да гэтага арганізатары спраўляліся самастойна, чаму гэтым разам зьвярнуліся па народную падтрымку?

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, заснавальніка руху «За свабоду», аднаго зь ініцыятараў стварэньня прэміі імя Васіля Быкава, краўдфандынгавая кампанія вымушаная: другі год ёсьць праблемы з вонкавым фінансаваньнем, скарачаць расходы давялося ўжо летась. Сёньня вельмі няпростыя часы для беларускіх ініцыятываў, патлумачыў праблемы Мілінкевіч.

Архіўнае фота. Уручэньне прэміі «За свабоду думкі» . Аляксандар Мілінкевіч распавядае пра прэмію
Архіўнае фота. Уручэньне прэміі «За свабоду думкі» . Аляксандар Мілінкевіч распавядае пра прэмію

«Наша задача — агульнымі намаганьнямі захаваць добрую традыцыю, — заявіў Свабодзе Аляксандар Мілінкевіч. — Прэмія „За свабоду думкі“ не зьяўляецца прыватнай уласнасьцю руху „За свабоду“. Так, мы былі ініцыятарамі, але чарговага пераможцу вызначаюць ляўрэаты мінулых гадоў, заслужаныя і вядомыя людзі краіны. А зараз, калі дамо рады сабраць грошы, то і фінансаваньне будзе народным. І гэтым можна было б ганарыцца».

Зрабіць прэмію народнай

Аляксандар Мілінкевіч зьвяртаецца да ўсіх неабыякавых грамадзянаў з заклікам уганараваць ляўрэатаў прэміі імя Быкава разам. На яго перакананьне, абыякавасьць дзяржавы ня можа стаць перашкодай, каб адзначыць на шырокім нацыянальным узроўні выдатных творцаў і грамадзкіх дзеячоў.

Узнагарода ляўрэату прэміі «За свабоду думкі імя Васіля Быкава»
Узнагарода ляўрэату прэміі «За свабоду думкі імя Васіля Быкава»

Калі патрэбную суму сабраць ня ўдасца, цырымонію давядзецца адмяніць ці прынамсі адкласьці на няпэўны тэрмін.

«Гэтая прэмія важная і для Беларусі, і для ўшанаваньня асобы Васіля Быкава, — кажа Аляксандар Мілінкевіч. — Несумненна, мы б хацелі, каб прэмія па-ранейшаму была арганізаваная намі (хоць ёсьць і іншыя арганізацыі, якія актыўна дапамагаюць), аднак імя ляўрэата павінна вызначацца ня рухам. Як, уласна кажучы, і пытаньне збору сродкаў. Тады можна будзе казаць аб прэміі як сапраўды шырокай і народнай. Гэтая ідэя сёньня для нас вельмі важная».

Ляўрэатамі прэміі Васіля Быкава «За свабоду думкі» станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, літаратары і палітыкі Ўладзімір Някляеў і Павал Севярынец, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч, рэжысэр Валеры Мазынскі, грамадзкі дзеяч Зьміцер Дашкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG