Аналітычны цэнтар Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў (ФАН) распавёў пра магчымую рэнавацыю «складу ядзернай зброі» у Кулікове побач з Калінінградам.
Яны спасылаюцца на спадарожнікавыя здымкі. Па дадзеных экспэрта па ядзернай зброі Ганса Крыстэнсэна, склад разьмешчаны за 50 кілямэтраў ад польскай мяжы, і з 2016 году там вядзецца маштабная рэканструкцыя.
«Наколькі я ведаю, гэта адзіны склад ядзернай зброі ў Калінінградзкай вобласьці, — піша ён. — Гэта натуральна выклікае пытаньні аб апэрацыйным статусе пляцоўкі. Спадарожнікавыя здымкі не даюць дакладных адказаў на гэтыя пытаньні».
Па дадзеных ФАН, адзін з трох падземных складоў быў раскапаны для правядзеньня рэканструкцыі, а ў 2018 годзе ён ужо гатовы да эксплюатацыі. У навукоўцаў няма доказаў таго, што на складзе знаходзяцца боегалоўкі.
Па словах Крыстэнсэна, Расея публічна заявіла, што ўся тактычная ядзерная зброя — а менавіта ракеты малой далёкасьці — захоўваецца ў цэнтральных складах унутры Расеі, але меркаваная рэнавацыя складу можа азначаць, што боегалоўкі могуць быць транспартаваныя ў Кулікова пры першай неабходнасьці.
У публікацыі адзначаецца, што разьмяшчэньне Калінінграду робіць яго асабліва праблематычным для ваенных пляніроўшчыкаў NATO — зброя нават малой далёкасьці ў рэгіёне можа паставіць пад пагрозу гарады краін-чальцоў NATO, такія як Варшава ці нават Бэрлін.
Міністэрства абароны Расеі пакуль ніяк не пракамэнтавала гэтую інфармацыю.
У канцы студзеня камандуючы расейскім ракетным падразьдзяленьнем у Калінінградзкай вобласьці палкоўнік Анатоль Гарадзецкі заявіў, што інжынэры скончылі будаўніцтва неабходнай інфраструктуры для разьмяшчэньня перадавой сыстэмы балістычных ракет «Іскандэр-М».
Пазьней Уладзімір Шаманаў, былы ваенны камандзір, які ўзначальвае камітэт абароны ў Дзярждуме РФ, паўтарыў гэтую заўвагу і сказаў, што сыстэмы «Іскандэр-М» фактычна ўжо разгорнутыя. Міністар абароны Літвы таксама пацьвердзіў разгортваньне.
Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і NATO заявілі, што разьмяшчэньне такіх ракетных сыстэм дэстабілізуе сытуацыю ў рэгіёне.
Расейскія вайскоўцы ня раз перакідалі апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр» у Калінінградзкую вобласьць і будуць рабіць гэта ў будучыні ў рамках баявой падрыхтоўкі, заяўляў ў 2016 годзе афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны РФ Ігар Канашэнкаў.