У Армэніі Нацыянальны сход большасьцю галасоў пазбавіў дэпутацкай недатыкальнасьці чальца фракцыі Рэспубліканскай партыі Манвэла Грыгар'яна.
Сёньня дэпутаты далі згоду на тое, каб распачаць супраць яго крымінальную справу.
Грыгар'яну выставілі абвінавачваньне па двух артыкулах крымінальнага кодэксу — «Незаконнае набыцьцё, збыт, захоўваньне, перавозка або нашэньне зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў цi выбуховых прыладаў, учыненыя групай асоб па папярэдняй змове» і «Растрата ў асабліва буйных памерах». Па першай частцы абвінавачаньня яму пагражае пазбаўленьне волі ад двух да шасьці гадоў, па другой — ад чатырох да васьмі.
Зь ініцыятывай разгледзець гэтае пытаньне на пазачарговым пасяджэньні выступіў армянскі ўрад пасьля просьбы генэральнага пракурора.
Сам Грыгар'ян у пасяджэньні ня ўдзельнічаў.
Згодна з Канстытуцыяй Армэніі, крымінальны перасьлед у дачыненьні да дэпутата можа быць распачаты толькі са згоды Нацыянальнага сходу.
Чальца фракцыі Рэспубліканскай партыі Армэніі, старшыню Саюзу добраахвотнікаў, адстаўнога генэрала Манвэла Грыгар'яна затрымалі 16 чэрвеня.
17 чэрвеня Служба нацыянальнай бясьпекі паведаміла, што ў Грыгар'яна знайшлі склад зброі, калекцыю рэтра-аўтамабіляў і асабісты заапарк, а таксама гару рэчаў, якія валянтэры зьбіралі для арміі: кансэрвы і нават туалетную паперу. Ежай, якую адсылалі салдатам, Грыгар'ян карміў жывёл у сваім заапарку.
19 чэрвеня адмыслоўцы Фонду па ахове дзікай прыроды наведалі жывёл, якія знаходзяцца на дачы Манвэла Грыгар'яна. На іх думку, мядзьведзі і тыгр сілкаваліся недастаткова. Тыгра ў тэрміновым парадку перавезьлі ў дзяржаўны заапарк, у далейшым туды перавязуць і мядзьведзяў.