Супрацоўнікі службы нацыянальнай бясьпекі (СНБ) Армэніі правялі ператрус у вёсцы Аршалуйс Армавірскай правінцыі, у зоне адпачынку, якая належыць генэралу Манвэлу Грыгар’яну.
Таксама ператрус быў праведзены ў асабняку генэрала Грыгар’яна ў Эчміядзіне.
Ператрусы праведзеныя ў рамках барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і крымінальнай справы, заведзенай паводле артыкулу 235 КК Армэніі — «Незаконнае набыцьцё, збыт, захоўваньне, перавоз або нашэньне зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў або выбуховых прыладаў, учыненыя групай асобаў з папярэдняй змовы».
«Зона адпачынку, якая належыць Манвэлу Грыгар’яну, была ператворана ў збройны склад і аўтапарк зь дзясяткам рэтра- і сучасных аўтамабіляў. Дача ў Акналічэ служыла для генэрала таксама складам прадуктаў харчаваньня, сродкаў гігіены, мэдыкамэнтаў, вайсковай формы, на якіх была пазнака „для салдатаў“. Зь лістоў пры скрынках, адрасаваных вайскоўцам, відавочна, што зьмесьціва скрынак ўяўляе сабой адпраўленую яшчэ ў дні Красавіцкай вайны 2016 году дапамогу для салдатаў на перадавой», — паведамляе прэс-цэнтр СНБ.
На складзе ў зоне адпачынку былі сабраныя таксама прадукты харчаваньня, адпраўленыя салдатам зь дзясяткаў дзіцячых садкоў, школ і суполак рэспублікі — згушчанае малако, макаронныя вырабы, таматная паста, кансэрваваные мяса і гародніна, сродкі гігіены, туалетная папера. Пры ператрусе былі выяўленыя таксама прадукты харчаваньня са спэцыяльным пазначэньнем «для салдата», якія былі пастаўленыя для Міністэрства абароны і не падлягаюць продажу або выкарыстаньню для іншых патрэбаў.
У часе ператрусу ў зоне адпачынку ў вёсцы Аршалуйс былі сканфіскаваныя 18 процітанкавых мінамётаў тыпу «ПГ-7»; 20 гранатаў тыпу «Ф-1»; 21 589 штук патронаў рознага калібру; 12 400-грамовых брыкетаў тратылавай выбухоўкі; 27 узрывальнікаў тыпу «КД»; 2 рулі ад кулямёта і шэраг іншых боепрыпасаў.
З асабняку генэрала Грыгар’яна ў Эчміядзіне сканфіскаваныя 79 стрэльбаў з нумарамі; 39 пісталетаў з нумарамі; 12 300 штук патронаў рознага калібру. У асабняку былі таксама выяўленыя дзясяткі сэртыфікатаў уласнасьці.
У доме адпачынку, які належыць Грыгар’яну, было выяўлена тры аўтапаркі з калекцыямі сучасных дарагіх аўтамабіляў, рэтрааўтамабіляў, матацыклаў і сьнегаходаў.
Быў знойдзены таксама шэраг уседарожнікаў, прызначаных у дні чатырохдзённай вайны для Арміі абароны, і аўтамабіль хуткай дапамогі. Яны былі перададзеныя ў дар Арміі абароны прадстаўнікамі армянскай супольнасьці Расеі, але Манвэл Грыгар’ян аформіў іх на імёны сваякоў і перавёз у свой аўтапарк.
У доме адпачынку генэрала і дэпутата Нацыянальнага сходу ёсьць таксама ўласны заапарк, дзе жывуць тыгр, мядзьведзі, страўсы, ёсьць таксама іпадром.
«На падставе атрыманых зьвестак стала ясна, што прадукты харчаваньня, прызначаныя для салдатаў-удзельнікаў чатырохдзённай красавіцкай вайны, Манвэл Грыгар’ян выкарыстаў для кармленьня жывёлы ва ўласным заапарку», — гаворыцца ў паведамленьні СНБ Армэніі.