Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думаю, гісторыя нашага народу ацэніць адстаўку прэм’ера»: інтэрвію прэзыдэнта Армэніі пра палітычны крызіс


У Армэніі з 13 красавіка працягваюцца мітынгі пратэсту супраць таго, каб ва ўладзе заставаўся былы прэзыдэнт Сэрж Саргсьян. Хоць ён пад ціскам ужо падаў у адстаўку, пратэсты не спыняюцца. Ці ёсьць спосабы разьвязаць палітычны крызіс у краіне? Інтэрвію прэзыдэнта Армэніі Армэна Саргсьяна Радыё Свабода.

— Як вы ацэньваеце адстаўку Сэржа Саргсьяна з пасады прэмʼер-міністра Армэніі? (Палітык быў прызначаны на гэтую пасаду парлямэнтам 17 красавіка, а 23 красавіка падаў у адстаўку — РС).

— Узгадайце, што ў краіне было тыдзень таму, да 23 красавіка: пачатак пратэстаў, мітынгі ў Ерэване і ў іншых гарадах. Прэмʼер-міністар сам, паказваючы высокія грамадзянскія і чалавечыя якасьці, адмовіўся ад сваёй пасады. Я высока ацэньваю гэты яго грамадзянскі і палітычны крок. Я думаю, што гісторыя нашага народу ацэніць гэта.

— Ці зьмянілася краіна пасьля адстаўкі Сэржа Саргсьяна?

— Новая Армэнія больш дэмакратычная, чым тая, якая была яшчэ некалькі месяцаў таму. Я ўпэўнены, што мы знаходзімся на правільным шляху. Гэтыя зьмены заўважаем ня толькі мы, гэта таксама заўважае міжнародная супольнасьць, міжнародныя структуры. І я ганаруся гэтым.

Новая Армэнія знаходзіцца як мінімум на адну прыступку вышэй, чым была раней. Я думаю, што гэта сапраўды «Новая Армэнія», бо дарогі назад няма. Незалежна ад таго, кім мы сёньня зьяўляемся, і якія ідэі ў нас ёсьць, і незалежна ад таго, якім будзе новы ўрад і хто ў ім будзе — гэта можа быць заўтра, а можа быць пасьлязаўтра, калі ў нас будуць новыя выбары — дарогі назад няма.

Мы маленькая дзяржава, але сусьветная нацыя. Так што меркаваньні пра тое, што адбываецца ў Армэніі, выказваюць і ў Лос-Анджэлесе, і ва Ўладзівастоку.

— Ці можна цяперашні крызіс у Армэніі вырашыць палітычным шляхам?

— Ня трэба забываць, што ў час цяперашняга працэсу мы ня можам спыніць краіну на некалькі хвілін, дзён, тыдняў, каб знайсьці рашэньне. Краіна павінна рухацца сваім нармальным шляхам.

Я хачу сказаць наступнае: кожны супрацоўнік, работнік дзяржаўных органаў павінен дакладна разумець, што яго першачарговы доўг — дзяржаўная служба. Кожны грамадзянін мае права мець сваё ўласнае меркаваньне, але дзяржаўны парадак усё роўна трэба выконваць. Інакш дзяржаўная структура будзе разбурацца.

Таму вельмі важна, каб усе нашы розныя меркаваньні, і крайнія левыя, і вельмі правыя падыходы і меркаваньні, прапановы, усе былі прыведзены да кансэнсусу. Трэба іх усё сабраць у адно месца, дзе можна знайсьці рашэньне, і відавочна, што адзінае месца, дзе можа быць прынятае такое рашэньне — гэта цэнтар дэмакратыі, парлямэнт.

Нягледзячы на розныя меркаваньні, абмеркаваньне павінна ісьці ў парлямэнце, і абмеркаваньне, і галасаваньне. І гэта павінна быць рашэньне, якое прымае парлямэнт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG