Амэрыканскі Сэнат ухваліў законапраект аб абароннай палітыцы на 2019 фінансавы год, які прадугледжвае выдаткі абʼёмам 716 мільярдаў даляраў.
Дакумэнт заклікае вывучыць пытаньне аб сталым разьмяшчэньні брыгады войскаў ЗША ў Польшчы і ўхваляе выдзяленьне Ўкраіне дапамогі ў сфэры бясьпекі ў памеры 200 мільёнаў даляраў у сувязі з расейскай агрэсіяй.
Кантраляваны рэспубліканцамі Сэнат ухваліў штогадовы Закон аб асыгнаваньнях на нацыянальную абарону 85 галасамі «за» пры 10 «супраць».
Каб набыць сілу закону, ён павінен быць узгоднены з аналягічным законапраектам, прынятым раней Палатай прадстаўнікоў. Потым кампрамісны варыянт павінен быць ізноў ухвалены абедзьвюма палатамі і падпісаны прэзыдэнтам Дональдам Трампам.
Ухвалены Сэнатам законапраект прадугледжвае выдаткаваньне 639 мільярдаў даляраў на базавыя абарончыя выдаткі, уключаючы закупку ўзбраеньняў, караблёў і самалётаў і выплаты вайскоўцам. Яшчэ 69 мільярдаў даляраў прызначаныя для фінансаваньня баявых дзеяньняў у бягучых канфліктах.
Пакет дапамогі Украіне абʼёмам 200 мільёнаў даляраў уключае пастаўкі абарончай летальнай зброі, не канкрэтызуючы яе віды.
Законапраект таксама патрабуе ад міністра абароны падаць справаздачу аб мэтазгоднасьці дыслякацыі на сталай аснове брыгаднай баявой групы ў Польшчы.
Уключаная ў дакумэнт папраўка забараняе продаж Турэччыне зьнішчальнікаў F-35, калі толькі прэзыдэнт Трамп не пацьвердзіць, што Турэччына не пагражае NATO, купляючы ваенную тэхніку ў Расеі ці затрымліваючы амэрыканскіх грамадзян.
Нагодай для гэтай папраўкі паслужыла заключэньне ў турэцкую турму амэрыканскага пастара Эндру Брансана і закупкі Анкарой расейскіх сыстэм СПА С-400.
Законапраект таксама прадугледжвае вылучэньне 300 мільёнаў даляраў на навучаньне і аснашчэньне сырыйскай апазыцыі для процідзеяньня «Ісламскай дзяржаве», але перш чым гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаныя, прэзыдэнт павінны прадставіць даклад аб стратэгіі ЗША ў Сырыі.
Законапраект дае вышэйшаму вайскова-палітычнаму кіраўніцтву паўнамоцтвы даручыць Кібэрнэтычнаму камандаваньню ЗША прыняць «дарэчныя і прапарцыйныя меры» у кібэрпрасторы для зрыву, абароны і стрымліваньня сыстэматычных кібэратак з боку Расеі.
Сэнатары таксама выказалі меркаваньне, што ЗША павінныя ўмацоўваць адносіны зь Індыяй як з асноўным вайсковым партнэрам.