Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяроўкі Быкава


Аляксандар Лукашук

Некалі адзін расейскі пісьменьнік, выдатны стыліст, напісаў Быкаву, што перачытвае зноў і зноў канец «Сотнікава», і ніяк ня можа зразумець, як гэта зроблена — як там цячэ час, і ты сам усярэдзіне і звонку адначасна. Я сёньня некалькі разоў перачытаў 18-ты, перадапошні разьдзел аповесьці «Ліквідацыя», як яна мусіла называцца, і кожны раз там адкрываецца новы сьвет: у думках героя, у целе, на вуліцы, у архітэктуры, у людзях, у холадзе, у ветры, нават у захаваньні маткаштоўнасьцяў, калі так можна назваць вяроўку для шыбеніцы.

Вось толькі адзін абзац, калі вязьняў давялі да пляцу і Сотнікаў убачыў вяроўкі:

«Пяць гнуткіх, дбайна завязаных петляў ціха пагойдваліся па-над вуліцай, нібы дэманструючы перад усімі адмысловую моцнасьць тоўстых, спрытна завязаных вузлоў. Віселі яны на папярочыне старой, яшчэ даваеннай вулічнай брамы. Такая самая брама-арка была некалі і ў іх гарадку. Перад сьвятам яе абкручвалі дзеразой ды хвояй, прыбівалі ўгоры лёзунг, напісаны чарнілам на гладкім баку шпалерыны. Побач, на плошчы перад райвыканкамам, зьбіралі сьвяточныя мітынгі, і празь невысокі пралёт той аркі ішлі калёнамі вучні з дзьвюх школ, рабочыя льнозавода, гуты і тарнага камбіната. Наверсе, на крыжавіне, звычайна гарэла зорка або трапятаў на ветры сьцяжок, якія надавалі асаблівае хараство і закончанасьць усяму гэтаму збудаваньню. Цяпер жа там не было нічога, толькі з-пад счарнелых рэек-лучын выглядвалі парудзелыя папяровыя абрыўкі ды на слупе матляўся ад ветру нейкі аблезлы ласкут памерам з ражок піянэрскага гальштука. Акупанты прынесьлі на арку сваю аздобу — гэтыя пяць новенькіх, мабыць, спэцыяльна дзеля таго выпадку выпісаных са склада, вяроўчын. Значыць, іх будуць вешаць. А ён думаў — расстрэльваць».

Адзін толькі дадатковы сказ пра лёзунг, «напісаны чарнілам на гладкім баку шпалерыны», можна вывучаць ня толькі пісьменьнікам, але і праграмістам штучнага інтэлекту, дызайнэрам, кінаапэратарам, архітэктарам, скульптарам, усім, хто стварае новую рэальнасьць.

А вяроўкі, выпісаныя са складу, змогуць утрымаць ўсё мінулае жыцьцё.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG