Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога намесьніка галоўнага лекара Менскага абласнога дзіцячага шпіталя абвінавацілі ў карупцыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Былы намесьнік галоўнага лекара Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы абвінавачваецца ў карупцыі, паведамляе Сьледчы камітэт.

Ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне крымінальнай справы былога намесьніка галоўнага лекара Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, які ў студзені быў затрыманы за атрыманьне хабару.

Паводле сьледзтва, ён сыстэматычна выкарыстаў службовыя паўнамоцтвы ў карысьлівых мэтах: з траўня 2015 па сьнежань 2017 году ён неаднаразова браў хабар ад прадстаўнікоў будаўнічых арганізацый за прыцягненьне іх як падрадчыкаў па бягучым рамонце на аб’ектах шпіталя, заключэньне зь імі дамоваў, станоўчую прыёмку выкананых імі працаў і іх своечасовую аплату.

Сьледзтва сабрала доказы па 24 фактах перадачы хабару на агульную суму больш за 46 тысяч беларускіх рублёў.

Яму прад’яўленае абвінавачваньне паводле ч.1 і ч.2 арт.430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару, у тым ліку паўторна і ў буйным памеры). Ён знаходзіцца пад вартай, на ягоную маёмасьць накладзены арышт.

Напярэдадні ў СМІ зьявілася інфармацыя пра маштабную антыкарупцыйную апэрацыю КДБ у дачыненьні да чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя. Выданьне «Ежедневник» апублікавала ўласнае расьсьледаваньне, у якім паведамляе пра затрыманьне больш за 10 чыноўнікаў.

Прэсавыя службы КДБ Беларусі і Міністэрства аховы здароўя пакуль не давалі афіцыйных заяваў з нагоды гэтай інфармацыі і недаступныя для камэнтароў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG