Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад атручваньня алькаголем у Беларусі за 5 месяцаў загінулі 600 чалавек — пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі начальнік упраўленьня прафіляктыкі Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку міліцыі грамадзкай бясьпекі міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Алег Каразей. Яго словы цытуе Інтэрфакс.

Паводле Алега Каразея, з гэтых 600 загіблых толькі 50 ужывалі сурагаты.

Прадстаўнік МУС таксама нагадаў пра сувязь паміж ужываньнем алькаголю і ўчыненьнем злачынстваў. «Паводле статыстыкі на 1 чэрвеня ў Беларусі адбыліся амаль 34 тысячы злачынстваў, зь іх 6 тысячаў — у стане алькагольнага апʼяненьня» — паведаміў ён.

Паводле яго, у 2018 годзе ў Беларусі ўжо ўчынена 120 забойстваў, прычынена 300 цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, прычым больш за 80% гэтых цяжкіх злачынстваў зьдзейсьненыя ў стане алькагольнага апʼяненьня. Акрамя таго прадстаўнік МУС адзначыў, што пад узьдзеяньнем алькаголю робіцца кожны другі крадзеж.

Алег Каразей выказаў упэўненасьць, што для эфэктыўнай прафіляктыкі алькагалізму і злачыннасьці ў краіне трэба абмежаваць рэалізацыю алькаголю. МУС працуе над праектам указу прэзыдэнта «Аб пытаньнях гандлю ўраздроб алькагольнымі, слабаалькагольнымі напоямі і півам». У праекце прапануецца ўсталяваць адзіны час рэалізацыі алькагольнай прадукцыі — з 9.00 да 23.00. Акрамя таго, МУС прапаноўвае павялічыць узрост, з якога дазволена купляць алькаголь.

Дадзеныя, агучаныя прадстаўніком МУС, цікава супаставіць са статыстыкай за мінулыя гады, якая ёсьць на сайце міністэрства статыстыкі.

Сьмяротнасьць ад выпадковага атручваньня алькаголем, колькасьць памерлых

2010

2011

2012

2013

2014

2015

2016

2017

2018, студзень - травень

2458

2415

1918

1670

1192

1394

1461

1497

600

Заўважальнае зьніжэньне колькасьці загіблых ад алькагольнага атручваньня.

Днямі быў абнародаваны рэйтынг спажываньня алькаголю ў сьвеце, складзены Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя (WHO) на 2016 год. Шмат гадоў, паводле рэйтынгу гэтай арганізацыі, беларусы былі адной з самых пітушчых нацыяў у сьвеце. У перадапошнім рэйтынгу WHO ставіла беларусаў на другое месца ў сьвеце пасьля літоўцаў з 16,4 літра ўмоўнага сьпірту на чалавека за год. Паводле апошняга рэйтынгу, грамадзяне Беларусі выпіваюць 11,2 літра ўмоўнага сьпірту на год і краіна займае ўжо 27-е месца.

Беларускія ўлады рашуча аспрэчвалі дадзеныя WHO мінулых гадоў. Цяперашнія лічбы – каля 11 літраў умоўнага сьпірту на чалавека – вельмі блізкія да тых, якія ў спрэчках з WHO называлі прадстаўнікі міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Прыведзенная вышэй дынаміка алькагольных атручваньняў прынамсі не супярэчыць зьменам афіцыйных рэйтынгаў WHO. Можна меркаваць, што чым менш памірае народу ад алькагольнага атручваньня, тым менш народ пʼе. Таму магчыма і сапраўды менш п'юць.

Аднак зьніжэньне на траціну спажываньня алькаголю беларусамі літаральна за год, якое адбылося паводле рэйтынгу WHO, уяўляецца малаімаверным. Магчыма, прадстаўнікоў WHO пераканалі аргумэнты беларускіх афіцыйных экспэртаў і ў выніку Беларусь страціла сумнае лідэрства ў «алькагольным» рэйтынгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG