Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва распавяло, як кіраўнікі магілёўскай спэцвучэльні білі навучэнцаў


Спэцвучэльня закрытага тыпу №2 у Магілёве. 18 сьнежня 2017 году
Спэцвучэльня закрытага тыпу №2 у Магілёве. 18 сьнежня 2017 году

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да дырэктара Магілёўскай спэцвучэльні закрытага тыпу № 2 і яго дваіх намесьнікаў, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Сьледзтва ўстанавіла, што абвінавачаныя, перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, зьбілі шасьцярых непаўналетніх выхаванцаў установы, калі высьвятлялі абставіны і прычыны самавольных уцёкаў навучэнцаў з тэрыторыі вучэльні, а потым, тым незаконна зьмясьцілі іх у бацькоўскі пакой да раніцы наступнага дня, абмежаваўшы тым самым іх волю. Акрамя таго, паводле сьледзтва, аднаго з выхаванцаў вучэльні, 2001 году нараджэньня, за парушэньне правілаў унутранага распарадку сыстэматычна зьбівалі.

Маці зьбітага ў спэцвучэльні хлопца: гвалт супраць дзяцей ужывалі і раней, кіраўніцтва ўсё ведала

Службовым асобам прад’яўленае абвінавачваньне паводле ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэксу Беларусі (перавышэньне службовых паўнамоцтваў, учыненае зь іншай асабістай зацікаўленасьці, спалучанае з гвалтам і абразай пацярпелага).

У ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы былі ўстаноўленыя і іншыя злачынствы, якія зьдзейсьніў дырэктар вучэльні. У верасьні 2016 году ён, кіруючы службовым аўтамабілем, наехаў на малалетнюю дзяўчынку 2009 году нараджэньня, прычыніўшы ёй па неасьцярожнасьці менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні. А ў пэрыяд зь верасьня 2016 па сакавік 2017 года абвінавачваны сыстэматычна даваў незаконныя ўказаньні сваім падначаленым і выхаванцам вучэльні, каб тыя арганізоўвалі і выконвалі ў яго асабістых мэтах розныя працы, у тым ліку з выкарыстаньнем службовага транспарту.

За гэта дырэктара будуць судзіць па ч.1 арт.317 (парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасьці прычыненьне менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня) і ч.2 арт.424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Крымінальная справа накіраваная ў суд. Абвінавачаныя па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай.

«Сын параіў не паддавацца ціску». Маці зьбітага ў спэцвучэльні хлопца пра ўцёкі навучэнцаў

У сьнежні 2017 году 6 навучэнцаў Магілеўскай спэцвучэльні № 2 самавольна пакінулі тэрыторыю закрытай установы, каб прыцягнуць увагу да жорсткіх умоў утрыманьня ў спэцустанове. Пасьля трох гадзінаў «самаволкі» іх затрымалі і вярнулі назад. Камісія ў справах непаўналетніх Ленінскага раёну пакарала хлапцоў папярэджаньнем.

Кіраўнік вучэльні і яго намесьнік былі арыштаваныя паводле абвінавачваньня ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Сьледзтва высьветліла, што службоўцы білі хлопцаў, высьвятляючы прычыны і абставіны ўцёкаў. Пасьля зьбіцьця аднаго непаўналетняга паклалі ў бальніцу з пашкоджаным хрыбтом. Інцыдэнт адбыўся 26 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG