Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці зьбітага ў спэцвучэльні хлопца: гвалт супраць дзяцей ужывалі і раней, кіраўніцтва ўсё ведала


Спэцвучэльня ў Магілёве
Спэцвучэльня ў Магілёве

Кіраўнік спэцыяльнай прафэсійна-тэхнічнай вучэльні закрытага тыпу № 2 і яго намесьнік арыштаваныя. Іх вінавацяць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле сьледзтва, абвінавачаныя зьбівалі хлопцаў, высьвятляючы прычыны і абставіны іх уцёкаў з закрытай установы.

Праваабаронцы лічыць, што інцыдэнт у спэцвучэльні будзе расьсьледаваны, але, на іхную думку, агульнай сытуацыі з такімі ўстановамі і парадкамі ў іх ён ня зьменіць, бо яны застаюцца па-за грамадзкім кантролем грамадзтва.

У пацярпелага кампрэсійны пералом першага пазванка паясьнічнага аддзелу

Жыхарка Чэрыкава Алена Шчаўлікава даведалася пра зьбіцьцё сына Андрэя 28 лістапада ад мэдсястры аддзяленьня траўматалёгіі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Яна патэлефанавала жанчыне, каб узяць дазвол на кампутэрную тамаграфію сьпіны непаўналетняга і сказала, што зь ім гутараць міліцыянты.

Андрэй Шчаўлікаў. Фота: Алена Шчаўлікава
Андрэй Шчаўлікаў. Фота: Алена Шчаўлікава

У тэлефоннай размове сын Алене сказаў, што ён і яшчэ пяцёра хлопцаў 26 лістапада ўцяклі з вучэльні. Андрэй патлумачыў уцёкі невыноснымі ўмовамі ўтрыманьня ў спэцустанове. Калі хлопцаў злавілі, то за правіну пакаралі гвалтам.

Са слоў сына, казала Алена, хлопцаў заводзілі па адным у пакой для сустрэч з бацькамі, у якім няма відэаназіраньня, і трое супрацоўнікаў вучэльні іх зьбівалі.

«Усю ноч пры ўключаным асьвятленьні зьбітыя дзеці стаялі ў гэтым пакоі. За імі назіраў супрацоўнік адміністрацыі», — пераказвала сынаў аповед пра здарэньне Алена.

«На наступны дзень, — казала яна далей, — на загад дырэктара вучэльні зьбітых дзяцей павялі на сьняданак пазьней, чым іншых навучэнцаў, каб утаіць пабоі. Прахадзіўшы дзень пасьля зьбіцьця, Андрэй зьвярнуўся па дапамогу. Намесьнік дырэктара Антон Якавіцкі перад адпраўкай у лякарню сказаў пра яго, што ён сымулянт і зь лякарні яго прывязуць назад. Сына, аднак, лекары пастанавілі шпіталізаваць. У яго дыягнаставалі кампрэсійны закрыты пералом першага пазванка паясьнічнага аддзелу».

Маці хоча, каб сына не вярталі хворым у вучэльню

Калі Алена пачала высьвятляць, як у сына зрабіўся пералом хрыбта, то ў вучэльні ёй далі зразумець, што былі ўцёкі і, калі хлопец саскокваў з агароджы, то і пашкодзіў сабе сьпіну. На пытаньне, чаму маці не паведамілі пра здарэньне, адказалі, што гэта б нічога не зьмяніла.

Паводле Алены Шчаўлікавай, спачатку затрымалі намесьніка дырэктара вучэльні па рэжыме і фізрука . Жанчына даведалася, што гэтыя супрацоўнікі нібыта білі дзяцей. Цяпер, паводле яе, яны на свабодзе — пад падпіскай пра нявыезд. Пад арышт узятыя дырэктар вучэльні Алег Малышкін і ягоны намесьнік. Пра гэта Алене сказалі ў Сьледчым камітэце

Праз колькі дзён пасьля інцыдэнту Алене ўдалося праз тэлефон пагутарыць з дырэктарам спэцустановы. Ён пераконваў жанчыну, што пра здарэньне ня ведаў, бо быў у водпуску, а вінаватых у зьбіваньні падначаленых пакарае суд.

Алена ж настойвае: дырэктар ведаў пра зьбіваньне дзяцей і сам ужыў гвалт супраць яе сына, ударыўшы яго ў лоб

Алена ж настойвае: дырэктар ведаў пра зьбіваньне дзяцей і сам ужыў гвалт супраць яе сына, ударыўшы яго ў лоб. Яна спрабавала адшукаць праз сацыяльныя сеткі бацькоў тых дзяцей, якіх білі разам з сынам, але ёй гэтага не ўдалося.

Жанчына перакананая, што білі дзяцей у вучэльні і раней, але такія выпадкі не выходзілі за сьцены спэцустановы. У інтэрнэце жанчына адшукала сайт з водгукамі былых навучэнцаў, якія апавядаюць пра парадкі і мэтады выхаваньня ў магілёўскай спэцустанове. Гэтыя аповеды Алену напалохалі. Цяпер яна баіцца за свайго сына, якога неўзабаве выпішуць з бальніцы і зноў адправяць у вучэльню. Яна ж хоча, каб Андрэя перавялі на час рэабілітацыі пад хатні нагляд.

«Сыну ўжо сказалі, што ў канцы гэтага тыдня яго выпішуць. Далечвацца ён будзе ў мэдсанчастцы вучэльні. Ён страшыць, што з вучэльні ўсё роўна ўцячэ. Баіцца туды вяртацца, і я таксама баюся за яго».

На волі ўцекачы пабылі тры гадзіны

Алена Шчаўлікава ведае, што можа спагнаць маральную шкоду з тых, хто зьбіў Андрэя, але кажа, што няхай гэтае пытаньне вырашае суд. Дараваць зьбіцьцё сына жанчына не зьбіраецца. Кажа, што ў яе ніхто з адміністрацыі вучэльні не прасіў прабачэньня.

Паводле Алены Шчаўлікавай, у Магілёўскую вучэльню закрытага тыпу шаснаццацігадовы Андрэй трапіў пасьля таго, як зь сябрам у Чэрыкаве абрабаваў машыну. Абодвум інкрымінавалі крадзеж, учынены групай асобаў. Сума шкоды склала 64 рублі.

Уладальнікі машыны прасілі суд жорстка не караць непаўналетніх. Ім прызначалі паўгода абмежаваньня вольнага часу. Паводле Алены, сын меўся ад 9 вечара да 7 раніцы знаходзіцца дома, аднак парушаў рэжым, што выявіла камісія ў справах непаўналетніх. Хлопца паўторна асудзілі на 1 год утрыманьня у спэцвучэльні.

26 кастрычніка Андрэя накіравалі ў Магілёўскую вучэльню закрытага тыпу № 2. А празь месяц ён зь яе ўцёк. Злавілі ўцекачоў на другім канцы гораду праз тры гадзіны. Андрэя затрымалі апошнім.

СК: абвінавачваным пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі​

Тым часам афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці Аксана Салянюк сказала Свабодзе, што супраць дырэктара спэцвучэльні і яго намесьніка распачатая крымінальная справа. Яны пад вартай. Іх дзеяньні кваліфікаваныя паводле 3 часткі 426 артыкулу Крымінальнага кодэксу (перавышэньне службовых паўнамоцтваў). Абвінавачваным пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

«Сьледзтвам высьветлена, што абвінавачваныя, высьвятляючы ў шасьцярых гадаванцаў абставіны і прычыны іх самавольнага сыходу з тэрыторыі вучэльні, зьбілі непаўналетніх, а затым зьмясьцілі іх у пакой, абмежаваўшы тым самым свабоду. Сумеснае супрацьпраўнае дзеяньне абвінавачаных разам з гвалтам прывялі да прычыненьня цялесных пашкоджаньняў шасьцярым непаўналетнім, адзін зь якіх шпіталізаваны», — паведаміла Аксана Салянюк.

Паводле яе, сьледчыя дапытваюць сьведак, пацярпелых і іх сваякоў, а таксама выкладчыкаў вучэльні.

Міністэрства адукацыі: гэта адзінкавы выпадак​

У самой вучэльні інцыдэнт са зьбіваньнем падлеткаў не камэнтуюць. У прыёмнай параілі зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі. Яго прэсавая сакратарка Людміла Высоцкая сказала Свабодзе, што прадстаўнікі Міністэрства сустракалі з навучэнцамі спэцустановы, а затрыманыя яе кіраўнікі адхіленыя ад службовых абавязкаў на час сьледзтва.

Людміла Высоцкая адзначыла, што пакуль зарана рабіць высновы ў справе, бо не ўстаноўлена, зламаны ці пашкоджаны хрыбет у гадаванца вучэльні, а таксама ня высьветлена, якім чынам ён быў траўмаваны: у вынікі зьбіваньня яго супрацоўнікамі ці калі пералазіў праз агароджу.

«Наша пазыцыя дужа жорсткая: гвалту ня мусіць быць ні ў якіх установах адукацыі. Ён недапушчальны, — казала Людміла Высоцкая. — Няхай сьледзтва дакажа, што былі факты зьбіваньня, і калі гэта будзе выяўлена, то вінаватыя панясуць пакараньне».

На пытаньне, ці часта адбываюцца інцыдэнты ў навучальных установах, як у Магілёўскай спэцвучэльні, прадстаўніца Мінадукацыі запэўніла, што гэта адзінкавы выпадак.

Праваабаронца: закрытыя ўстановы без грамадзкага кантролю небясьпечныя злоўжываньнямі

Праваабарончы цэнтар «Вясна», паводле юрыста Паўла Сапелкі, зьвяртаў увагу на сытуацыю з закрытымі дзіцячымі ўстановамі падчас маніторынгу месцаў несвабоды. Ён адзначае, што закрытыя школы і вучэльні — пэнітэнцыярныя ўстановы, у якія накіроўваць тых, каго, паводле судовых рашэньняў, пакаралі пазбаўленьнем волі.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

У спэцустановах дзейнічае рэжым, пры якім падлеткі ня могуць іх пакідаць, супрацоўнікі маюць права аглядаць іх і іхныя рэчы, а таксама памяшканьні. А за парушэньні правілаў падлеткаў адпраўляюць у пакоі, якія адпавядаюць умовам турэмных штрафных ізалятараў.

Тое, што гэтыя ўстановы застаюцца па-за сфэрай грамадзкага кантролю, кажа Павал Сапелка, стварае небясьпеку злоўжываньняў з боку адміністрацыі, якія застаюцца беспакаранымі. Падлеткі ня маюць магчымасьці зьвярнуцца ў праваахоўныя і кантрольныя органы. Разьлічваць на бацькоў ім таксама не выпадае, бо сувязь зь імі альбо адсутнічае, альбо парушаная.

«Нават у выпадках, калі падлеткі ўцякаюць, — кажа праваабаронца, — наколькі мне вядома, не праводзіцца ніякіх пракурорскіх праверак для высьвятленьня прычынаў. А ўцёкі бываюць масавымі і частымі. Так, з магілёўскай спэцвучэльні ўцякла ў свой час амаль траціна падлеткаў, і праверак па гэтым факце таксама ніякіх не было».

На яго думку, выпадак са зьбіцьцём падлеткаў у Магілёўскай спэцвучэльні будзе расьсьледаваны. Але, становішча, заўважае ён, у навучальных, мэдычных установах ці месцах пазбаўленьня волі клясычнага характару ня зьменіцца, паколькі яны застаюцца непадкантрольнымі грамадзтву.

Чатырохмэтровая агароджа ня стрымлівае падлеткаў ад уцёкаў

Магілёўскую дзіцячую спэцустанову заснавалі ў 1944 годзе на месцы ўсебеларускай сельскагаспадарчай камуны для беспрытульных і малалетніх правапарушальнікаў.

Агароджа ў чатыры мэтры не перашкода для ўцёкаў
Агароджа ў чатыры мэтры не перашкода для ўцёкаў

На сайце цяперашняй Дзяржаўнай спэцыяльнай прафэсійна-тэхнічнай вучэльні закрытага тыпу № 2 дрэваперапрацоўкі адзначана, што яно створаная для «вырашэньня задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і утрыманьня падлеткаў, якія ўчынілі грамадзка небясьпечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадзкіх паводзінаў». У вучэльню накіроўвацца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.

У навінах на сайце ўстановы пра ўцёкі навучэнцаў ня згадваецца. Паводле разьдзелу «Кантакты», на сваіх пасадах застаюцца кіраўнікі вучэльні, якіх вінавацяць у зьбіваньні падлеткаў.

Спэцустанова месьціцца на пэрыфэрыі Магілёва. Яна агароджаная чатырохмэтровым плотам. Ён, аднак, не становіцца перашкодаю для ўцёкаў гадаванцаў. У 2014 годзе на ўцёкі адважыліся 34 падлеткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG