Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе 4 гады турмы для міліцыянта, які зламаў нагу вяскоўцу


У судзе над старшым участковым інспэктарам Кобрынскага РАУС Сяргеем Куляшовым

У судзе над старшым участковым інспэктарам Кобрынскага РАУС Сяргеем Куляшовым прайшлі спрэчкі бакоў.

На суд другі дзень запар прыйшлі дзясяткі міліцыянтаў у форме, якія амаль цалкам запоўнілі залю.

Міліцыянт абвінавачваны паводле часткі 3 артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу — перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Пацярпелы селянін Анатоль Глыцюк заяўляў, што міліцыянт паламаў яму нагу.

Кобрынскага міліцыянта судзяць па абвінавачаньні ў зьбіцьці селяніна

На паседжаньні 12 чэрвеня выступіў начальнік Кобрынскага РАУС Уладзімер Сьцепанюк, які заявіў, што Куляшоў не злачынец.

«Вы судзіце не ўчастковага інспэктара міліцыі, не супрацоўніка Кобрынскага РАУС — вы судзіце ўсю сыстэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», — сказаў начальнік падсуднага.

Падчас спрэчак бакоў 13 чэрвеня пракурор заявіў, што віна Сяргея Куляшова даказаная на падставе сьведчаньняў мясцовых жыхароў, якія бачылі інцыдэнт, а таксама на падставе іншых чыньнікаў, у тым ліку судова-мэдыцынскіх экспэртыз і сьледчага экспэрымэнту. Пракурор прапанаваў прызнаць міліцыянта вінаватым ва ўчыненьні «дзеяньняў, якія яўна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў і пацягнулі ўчыненьне шкоды правам і інтарэсам грамадзянаў, а таксама дзяржаўным інтарэсам, перавышэньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, спалучанымі з гвалтам у дачыненьні да пацярпелага».

Міліцыянт Куляшоў (зьлева)
Міліцыянт Куляшоў (зьлева)

У якасьці зьмякчальных абставінаў дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прызнаць наяўнасьць выплаты ўчыненай шкоды і малалетніх дзяцей. Абцяжарвальнымі абставінамі пракурор папрасіў прызнаць учыненьне злачынствам асобай, якая тым самым парушыла прысягу.

Пракурор прапанаваў прызначыць абвінавачанаму міліцыянту пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 4 гады з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасьля пракурора далі слова пацярпеламу Анатолю Глыцюку, які пацьвердзіў, што траўму яму нанёс міліцыянт, але папрасіў «не караць яго строга».

Адвакатка Сяргея Куляшова ў сваёй прамове заявіла, што віна міліцыянта ў судзе не даказаная, і калі існуюць сумневы, то прысуд павінен быць на карысьць абвінавачанага. Адвакатка прапанавала апраўдаць Сяргея Куляшова.

«Вы судзіце ўсю сыстэму органаў унутраных спраў». У Кобрыні на суд над міліцыянтам прыйшлі каля 40 ягоных калег

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG