Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кобрынскага міліцыянта судзяць па абвінавачаньні ў зьбіцьці селяніна


Кобрынскага міліцыянта судзяць па абвінавачаньні ў зьбіцьці падчас затрыманьня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:10 0:00

У Кобрыні праходзіць судовы працэс над участковым міліцыянтам, 34-гадовым маёрам Сяргеем Куляшовым, якога вінавацяць у нанясеньні менш цяжкіх цялесных пашкоджаньняў жыхару вёскі Бярозна Анатолю Глыцюку. Міліцыянт абвінавачаньняў не прызнае.

Тым ня меней выявілася, што яшчэ некалькі вяскоўцаў вінавацяць міліцыянта ў тым, што ён біў іх раней.

Пацярпелы: Міліцыянт зламаў мне нагу

Інцыдэнт паміж 59-гадовым Анатолем Глыцюком і міліцыянтам Сяргеем Куляшовым здарыўся 18 сакавіка.

Анатоль Глыцюк
Анатоль Глыцюк

«Я прыехаў зь Берасьця з пахаваньня братавай жонкі. Ішоў па ўзбочыне, упоперак мне стала міліцэйская машына, зь яе выйшаў маёр Куляшоў. Я пытаюся, у чым справа. Ён не адказвае, а адразу хапае мяне за руку і б’е ніжэй калена ў нагу. Хітае рукой, і я падаю. Потым накладае мне кайданкі, а ў мяне ўжо пайшлі кругі жоўтыя, у вачах расплылося — я зразумеў, што быў моцны ўдар па назе. Пасьля гэтага ён мяне пасадзіў у машыну і павёз», — кажа Анатоль Глыцюк.

Міліцыянт склаў на яго адміністрацыйны пратакол і адпусьціў дадому. У лякарню Анатоль Глыцюк у той дзень не зьвяртаўся. Ён кажа, што на наступны дзень да яго прыехалі міліцыянты, якія даведаліся, што ў яго траўмаваная нага і завезлі яго ў лякарню. Там і дыягнаставалі пералом.

9 дзён спадар Глыцюк праляжаў у лякарні. На нагу наклалі гіпс, які ён насіў тры месяцы.

Як сказаў Анатоль Глыцюк Свабодзе, у выніку сваякі настаялі, каб ён пісаў скаргу на міліцыянта. Пасьля гэтага, кажа Анатоль, участковы прапаноўваў яму грошы, каб замірыць канфлікт.

Разьбіральніцтва ж зацягнулася да таго часу, пакуль сваякі пацярпелага не пачалі тэлефанаваць на розныя «гарачыя лініі» высокапастаўленых праваахоўнікаў.

Урэшце 30 жніўня міліцыянта Сяргея Куляшова ўзялі пад варту. За кратамі ён прабыў да першага паседжаньня суду 28 лістапада, калі яго адпусьцілі пад хатні арышт.

Вэрсія абвінавачанага міліцыянта

У судзе міліцыянт Куляшоў хаваў твар ад фотакамэр журналістаў
У судзе міліцыянт Куляшоў хаваў твар ад фотакамэр журналістаў

Міліцыянт Сяргей Куляшоў у судзе бараніў сваю вэрсію — што ён ня біў Анатоля Глыцюка, а той сам паваліўся і паламаў нагу. Глыцюка ён затрымаў, калі ехаў па панятых дзеля ператрусу ў хаце аднаго зь месьцічаў.

Паводле Куляшова, падставай для затрыманьня Глыцюка было тое, што ён нібыта ішоў у нецьвярозым стане па праезнай частцы.

Міліцыянт кажа, што спыніўся побач з Глыцюком, каб папярэдзіць яго, што нельга ісьці па дарозе.

«Ён мне сказаў, што ідзе з пахаваньня дахаты. Я яму патлумачыў, што ў адносінах да яго пачынаю адміністрацыйны працэс. Патлумачыў, што ў выпадку непадпарадкаваньня да яго будзе прымененая фізычная сіла і спэцсродкі, і папрасіў сесьці ў службовы аўтамабіль. У той момант я яго ўтрымліваў левай рукой за правы локаць. Ён стаў махаць рукамі, у адвароце курткі я пабачыў бутэльку гарэлкі. Дзеля таго каб ён не нанёс мне якіх цялесных пашкоджаньняў бутэлькай, я яе дастаў і кінуў сабе на сядзеньне кіроўцы. Ён упіраўся, не хацеў ісьці. Я быў вымушаны прымяніць да яго фізычную сілу», — казаў у судзе Сяргей Куляшоў.

У выніку, кажа міліцыянт, ён быў вымушаны паваліць Глыцюка на багажнік, каб накінуць кайданкі. Аднак Глыцюк, паводле ягоных слоў, не даваўся і адыходзіў ад машыны. Пасьля чаго яны разам пачалі падаць.

«У гэты час кантакт быў маёй правай нагі і яго левай нагі. І калі ён ударыўся нагой, то паляцеў тварам уніз. Я разумею, што зараз разаб’е твар аб асфальт, таму правай рукой падхапіў пад твар. Ён паваліўся, я паваліўся на калена», — казаў Сяргей Куляшоў.

Пасьля гэтага міліцыянт пасадзіў вяскоўца ў службовую машыну і паехаў да той хаты, дзе ладзіўся ператрус.

Ня першы інцыдэнт з удзелам міліцыянта Куляшова?

У судзе на абвінавачанага прадставілі станоўчыя характарыстыкі — як на непрымірымага барацьбіта з правапарушэньнямі. Суд далучыў іх да матэрыялаў справы.

Аднак выявілася, што да Куляшова маюць прэтэнзіі і іншыя сяляне, якія сьцьвярджаюць, што ўчастковы не ўпершыню распускаў рукі.

Як сказаў Свабодзе жыхар вёскі Шамятоўка Кобрынскага раёну Пётар Шыманскі, міліцыянт ударыў ягоную 82-гадовую маці, вэтэрана працы.

Пётар Шыманскі
Пётар Шыманскі

«17 лютага гэтага году ён прыехаў зь ператрусам шукаць самагонку і падчас ператрусу ўдарыў маю маці, — кажа суразмоўца. — Маці была дастаўленая ў Кобрынскую лякарню. Зьвярнуліся ў праваахоўныя органы. Праводзілі праверку, аднак прававой ацэнкі не далі, бо сьведкі — сацыяльна залежныя ад Куляшова людзі — прынялі ягоны бок».

Пётар Шыманскі кажа, што міліцыянт ударыў ягоную маці бутэлькай.

Прэтэнзіі да міліцыянта Куляшова мае і жыхар вёскі Стрыгава, мэханізатар Васіль Каляда. Ён кажа, што ў 2013 годзе Куляшоў зламаў яму рабрыну.

Васіль Каляда
Васіль Каляда

«Ён пасадзіў мяне ў машыну, складаў пратакол. Пачаў грубіць, зьневажаць. Я яму кажу: — а вы, маўляў, ня думаеце, што нашая размова можа быць запісаная на тэлефон? А ён ускіпеў, пачаў пагражаць, што адвязе „на суткі“. Можа, я нейкае непадпарадкаваньне і ўчыніў — выйшаў з машыны. Ён пачаў мяне круціць, заломваць рукі. Я прасіў яго накідаць кайданкі на рукі сьпераду, а ня ззаду, але ён мне пшыкнуў пярцоўкай у вочы, закруціў рукі, кінуў на зямлю, у гэты момант штосьці і хруснула ў грудзях. Аказалася — зламаная рабрына», — распавёў жыхар вёскі Стрыгава.

Васілю Калядзе ў выніку прысудзілі штраф за непадпарадкаваньне міліцыі. Аднак потым прысуд перагледзелі, і грошы яму вярнулі. Падаваць заяву на міліцыянта за зламаную рабрыну, кажа вясковец, ён не захацеў.

У судзе перапынак да 9 студзеня

Пасьля вызваленьня з-пад варты на наступным паседжаньні Сяргей Куляшоў сядзеў ужо ня ў клетцы, а на пярэдняй лаве. Абвінавачаны не ідзе на кантакт з журналістамі і стараецца прыкрываць тэчкай твар ад фотааб’ектываў. На суд прыходзіць і мясцовае міліцэйскае начальства — нават начальнік Кобрынскага РАУС Уладзімер Сьцепанюк.

Прадстаўнік групы падтрымкі міліцыянта скруціў журналістам дулю
Прадстаўнік групы падтрымкі міліцыянта скруціў журналістам дулю

Пасьля другога паседжаньня адзін з сваякоў абвінавачанага падышоў да берасьцейскіх блогераў, якія апісвалі першае паседжаньне, і сказаў, што яны «панапісвалі няпраўды». Пасьля чаго круціў дулі ў аб’ектывы журналістам, якія спрабавалі яго сфатаграфаваць.

У судзе абвешчаны перапынак да 9 студзеня. Чакаецца, што ў суд будуць запрашаць экспэртаў, якія давалі заключэньне аб характары траўмы пацярпелага Анатоля Глыцюка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG