Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскага сьпевака крытыкуюць за згоду выступаць перад Пуціным

Сьпевака Робі Ўільямса моцна раскрытыкавалі ў Брытаніі за згоду выступіць на цырымоніі адкрыцьця чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі.

Цырымонія адбудзецца 14 чэрвеня на маскоўскім стадыёне «Лужнікі» перад першым матчам чэмпіянату паміж зборнымі Расеі і Саудаўскай Арабіі. На ёй будзе прысутнічаць расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.

«У той час як расейскія самалёты бамбяць мірнае насельніцтва Сырыі, а расейская дзяржава цкуе людзей на вуліцах Брытаніі і перасьледуе ЛГБТ-супольнасьць — як у Чачні, так і ўсюды, не кажучы ўжо пра спробы разбурыць нашу дэмакратыю, я магу толькі выказаць здагадку, што Робі зьбіраецца падняць усе гэтыя тэмы ў сваім выступе», — заявіў брытанскі парлямэнтар Стывен Доўты, якога цытуе The Telegraph.

Кіраўнік фонду Hermitage capital Уільям Браўдэр сказаў, што «сьвядома ці несьвядома, Робі Ўільямс зьдзяйсьняе ганебны ўчынак». «Я хацеў бы пазнаёміць яго з удавой Сяргея Магніцкага, каб ён зразумеў, што за рэжым ён легітымізуе», — падкрэсьліў Браўдэр.

Афіцыйныя асобы Вялікабрытаніі будуць байкатаваць чэмпіянат сьвету ў знак пратэсту супраць атручваньня ў Солсбэры Сяргея і Юліі Скрыпаль, да якога, як упэўнены ў Лёндане, датычная Расея.

XS
SM
MD
LG