Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Расеі адмаўляе зьнішчэньне дадзеных аб рэпрэсаваных у СССР


Намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Ігар Зубаў абверг інфармацыю пра зьнішчэньне архіўных уліковых картак аб рэпрэсаваных у савецкія гады. Чыноўнік адзначыў, што ўліковыя карткі зьяўляюцца дакумэнтам строгай справаздачнасьці і будуць захоўвацца вечна.

Па словах Зубава, адсутнасьць карткі канкрэтнага зьняволенага варта разглядаць асобна. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце Савету па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі.

Пра тое, што ў Расеі зьнішчаюць адзіныя архівы дадзеных рэпрэсаваных у СССР на падставе засакрэчанага міжведамаснага загаду ад 2014 года, паведамляла расейская газэта «Коммерсантъ» са спасылкай на заяву дырэктара Музэя гісторыі ГУЛАГа Рамана Раманава.

Колькі ўсяго чалавек былі забітыя ў СССР у пэрыяд Вялікага тэрору 1937-1939 гадоў, а таксама да і пасьля яго — да гэтага часу дакладна невядома.

Па афіцыйных дадзеных, у 1930-1953 гадах па справах ОГПУ-НКВД-МУС былі асуджаныя 3,8 мільёна чалавек, а расстраляна на працягу 1923-1953 гадоў 800 000.

Гісторыкі лічаць, што гэтыя дадзеныя заніжаныя ў некалькі разоў.

Праваабарончае таварыства «Мэмарыял» змагло дакладна пацьвердзіць інфармацыю пра больш чым 2,6 мільёна грамадзян СССР, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям. Дакладна вядомыя іх імёны, кім яны былі, дзе жылі і за што былі арыштаваныя. Але многія ахвяры працягваюць заставацца невядомымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG