Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры незалежнага прафсаюзу РЭП адмовіліся пісаць Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні


Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

Старшыня незалежнага прафсаюзу рабочых радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч і бухгальтар РЭП Ігар Комлік, якіх абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», адмовіліся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта Свабодзе паведаміў Генадзь Фядыніч, які 8 чэрвеня разам зь Ігарам Комлікам пабываў у Сьледчым камітэце.

«Нарэшце мы скончылі вывучаць нашу справу, а гэта вялікі аб’ём — 11 тамоў па 300 аркушаў. Пасьля таго як мы сказалі сьледчым, што азнаёміліся са справай, яны спыталіся, ці хочам мы скарыстацца сваім правам напісаць хадайніцтва аб памілаваньні на імя кіраўніка беларускай дзяржавы. Мы адказалі адмоўна, бо нічога не парушалі. Таму прасіць аб памілаваньні няма падстаў», — сказаў Фядыніч.

Пасьля гэтага сьледчыя сказалі, што справа Фядыніча і Комліка працягнутая яшчэ на адзін месяц да 1 ліпеня 2018 году.

Абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Што важна ведаць

  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG