Пракурор паўднёвага гораду Экс-ан-Праванс запатрабаваў праз суд закрыцьця асацыяцыі, якая называе сябе «афіцыйным прадстаўніцтвам» ДНР у Францыі. Пра гэта 7 чэрвеня паведамляе агенцтва France-Presse.
У верасьні 2017 году былы дэпутат мясцовай рады Марсэлю ад ультраправай партыі «Нацыянальны фронт» Юбэр Файяр абвясьціў аб адкрыцьці «афіцыйнага прадстаўніцтва Данецкай Рэспублікі ў Францыі». На цырымоніі ў гатэлі прысутнічалі некалькі дэпутатаў мясцовых саветаў, якім быў прадэманстраваны відэазапіс зь віншаваньнямі ад імя «ураду» ДНР.
«Мы маем справу з напаўдыпляматычным прадстаўніцтвам у Францыі, што парушае дзяржаўны і міжнародны парадак, — завіў пракурор Ашыль Кірыякідэс. — Данецкая Рэспубліка не прызнаная ніводнай дзяржавай сьвету, і тым больш Францыяй».
Такія «адвольныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы» могуць падарваць міжнародны аўтарытэт Францыі, сьцьвярджае пракурор Кірыякідэс. Ён зьвярнуўся ў суд пасьля таго, як азнаёміўся з матэрыяламі, якія былі перададзеныя яму міністэрствам замежных справаў Францыі. У сваім звароце пракурор патрабуе роспуску асацыяцыі, закрыцьця арандаванага ёю памяшканьня і забароны сходаў яе членаў.
Суд вынесе рашэньне 7 верасьня.
У верасьні 2016 «ДНР» абвясьціла пра адкрыцьцё свайго першага «прадстаўніцтва» ў Эўропе — у чэскім горадзе Астрава. МЗС Чэхіі выступіў з заявай, што «не прызнае ДНР дзяржавай і не падтрымлівае зь яе прадстаўнікамі ніякіх дыпляматычных стасункаў, а таксама лічыць недапушчальным самавольнае выкарыстаньне званьня „ганаровы консул“».
Адкрыцьцё суправаджалася акцыямі пратэсту і ў чэрвені 2017
абласны суд у Астраве скасаваў зарэгістраванае таварыства «Прадстаўніцкі цэнтар Данецкай народнай рэспублікі».
«Прадстаўніцтвы ДНР» былі адкрытыя ў Грэцыі, Італіі і Фінляндыі. МЗС гэтых краінаў заявілі, што «прадстаўнічыя цэнтры» ня маюць ніякага афіцыйнага статусу і ўрады гэтых краінаў падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.