Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забітыя і забытыя. Чаму Расея пратэстуе супраць зносу камуністычных помнікаў, але маўчыць пра лёс і стан соцень вайсковых могілак Чырвонай Арміі


Мэмарыял салдат Чырвонай Арміі ў Варшаве

Ці сапраўды ў Польшчы татальна зьнішчаюць помнікі колішняй савецкай прысутнасьці, у тым ліку манумэнты Чырвонай Арміі, якая вызваляла краіну ад нямецкай акупацыі ў 1944–45 гадах? Калі верыць расейскай прапагандзе, у інфармацыйнай прасторы якой цалкам застаецца Беларусь — так, у Польшчы пасьля ўнесеных летась Сэймам паправак у закон аб забароне прапаганды камунізму зносяць усё, што нагадвала б пра Чырвоную Армію і яе дзеяньні. На што афіцыйныя ўлады Польшчы парыруюць: так, сымбалічных помнікаў, якія ўслаўляюць камуністычны рэжым і ягоныя сілавыя структуры, у польскай дзяржаве фактычна не застанецца. Але гэта ніяк не датычыць вайсковых могілак, дзе спачываюць салдаты Чырвонай Арміі.

Безыменныя ахвяры, залічаныя радзімай у здраднікі

Уявіць сабе адзін мільён трыста тысяч магіл даволі складана. Калі выцягнуць іх у адзін ланцужок, гэта — 2600 кілямэтраў: адлегласьць ад Масквы да Парыжа. Столькі чырвонаармейцаў склалі свае галовы на тэрыторыі цяперашняй Польшчы. Пераважная большасьць іх (800 000) — у лягерах ваеннапалонных, яшчэ 500 000 — падчас наступальных апэрацый Чырвонай Арміі ў 1944–45 гадах.

Найбольш уражвае тое, што імёны гэтых соцень тысяч людзей больш як у 90 працэнтаў выпадкаў на надмагільлях ніяк не пазначаныя. Хоць пры жаданьні іх лёгка можна было б ідэнтыфікаваць. Зьвесткі ў архівах ёсьць, асабліва датычна ахвяраў 1944–45 гадоў, калі адбываўся наступ Чырвонай Арміі. За ёй ішлі тылавыя службы, улік вёўся. Архівы пераважна захаваліся. А магілы — безыменныя. Чаму? І немцы, і брытанцы, і французы, і палякі, і італьянцы рабілі ўсё магчымае, каб магілы іхных салдат не былі безыменнымі. Гэтак рабілі і робяць усе эўрапейскія краіны. Усе, апроч СССР і ягонай пераемніцы — Расеі.

Мэмарыял салдат Чырвонай Арміі ў Варшаве. Безыменныя агульныя магілы. Каля 22 000 пахаваных
Мэмарыял салдат Чырвонай Арміі ў Варшаве. Безыменныя агульныя магілы. Каля 22 000 пахаваных

Невялікі гарадок Бялабжэгі ў Мазавецкім ваяводзтве. Могілкі савецкіх ваеннапалонных. Каля дзесяці тысяч ахвяраў. Паўміралі яны тут пераважна ад голаду, холаду, хваробаў: Савецкі Саюз не ратыфікаваў міжнародных пагадненьняў аб ваеннапалонных. Для сталінскага рэжыму салдат, які трапіў у палон, лічыўся здраднікам. Нават калі нейкім цудам выжыў і вырваўся з варожага лягера — трапляў у ГУЛАГ. Адметны факт: на другім этапе вайны ў гэты ж лягер трапіла вялікая група італьянскіх ваеннапалонных. Зь іх памерлі — трое. Кожны пахаваны асобна, на магіле кожнага — помнік з крыжам, імем, званьнем. А побач — сотні і сотні безыменных чырвоных зорак на шэрых бэтонных квадратах калектыўных магіл...

Магілы італьянскіх ваеннапалонных на салдацкіх могілках у Бялабжэгах
Магілы італьянскіх ваеннапалонных на салдацкіх могілках у Бялабжэгах

На гэтых жа могілках — безыменныя магілы палонных чырвонаармейцаў
На гэтых жа могілках — безыменныя магілы палонных чырвонаармейцаў

Мой дзед Уладзіслаў Саковіч таксама быў ваеннапалонным. Быў мабілізаваны ў польскую армію ў верасьні 1939-га. Апошні ліст ад яго бабуля атрымала 3 студзеня 1940 году — з Асташкава Калінінскай вобласьці, з савецкага лягера ваеннапалонных. Шукала і чакала яго да канца жыцьця. Камуністычны рэжым старанна хаваў сьляды свайго злачынства — расстрэлу 22 000 палонных польскіх афіцэраў у красавіку-траўні 1940 году. Праўда стала вядомай толькі на пачатку 90-х, калі бабулі ўжо не было на гэтым сьвеце. На месцы пахаваньня расстраляных — вайсковыя могілкі, мэмарыяльныя комплексы, узьведзеныя польскай дзяржавай напрыканцы 90-х. І на кожнага расстралянага — асобная мэмарыяльная таблічка: імя, вайсковае званьне, месца нараджэньня, гады жыцьця. Пасьмяротна ўсе ахвяры Катыні адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі. Дзед — бронзавым Крыжам Заслугі.

(На фота — Мэмарыял у Медным Цьвярской вобласьці Расеі. Польскія вайсковыя могілкі)

Падчас сустрэчы зь віцэ-міністрам культуры Польшчы Ярославам Сэлінам згадваем пра гэтыя польскія вайсковыя могілкі. З 22 тысяч расстраляных польскіх афіцэраў на сёньня вядомыя і ўвекавечаныя імёны прыблізна 17 тысяч. Дагэтуль застаюцца невядомымі лёсы прыблізна 5 тысяч. У польскага боку ёсьць сур’ёзныя падставы меркаваць, што гэтыя імёны ўтрымліваюцца ў так званым «беларускім сьпісе» ахвяраў, існаваньне якога афіцыйны Менск пакуль што не прызнае. Віцэ-міністар Сэлін называе найбольш верагодныя месцы пахаваньня польскіх афіцэраў у Менску — Курапаты і парк Чалюскінцаў. Польскі бок неаднаразова прасіў дазволу на правядзеньне эксгумацыі ў гэтых мясьцінах: тады пытаньне было б зьнятае. Афіцыйны Менск кожны раз адказвае адмовай.

Помнікі камуністычнага рэжыму — асобна, магілы чырвонаармейцаў — асобна

Цікаўлюся ў віцэ-міністра Сэліна, колькі камуністычных помнікаў у Польшчы трапяць пад знос згодна з новым заканадаўствам. Аказваецца, больш за тры сотні.

— А колькі застанецца?

— Адзін, у Ольштыне.

А захаваецца ён толькі таму, што на пачатку 90-х гадоў быў унесены ў рэестар помнікаў архітэктуры. Аўтар гэтага манумэнта вызваленьня Вармінскай і Мазурскай зямлі — Ксавэры Дунікоўскі, вядомы скульптар, які перажыў зьняволеньне ў Асьвенціме. Маюць шанец захавацца і іншыя помнікі сацыялізму, але — толькі калі яны на тэрыторыі могілак альбо ўяўляюць мастацкую каштоўнасьць.

Вайсковыя могілкі ў Польшчы ніхто не чапае: зносяцца толькі сымбалічныя помнікі аўтарытарнага камуністычнага рэжыму. Трэба ўлічваць той факт, што пры ПНР яны ўсталёўваліся ў знакавых месцах, у самым цэнтры гарадоў і пасёлкаў, прытым — у вялізных колькасьцях. Масква гэткім чынам імкнулася ўсталяваць сымбалі свайго дамінаваньня, пазначыць тэрыторыю ўласнага панаваньня. Адметна, што гэтыя помнікі вырабляліся са значна больш якасных і дарагіх матэрыялаў, чым ішлі на ўпарадкаваньне салдацкіх могілак.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка адрасаваў Маскве недвухсэнсоўныя папрокі ў тым, што Расея спрабуе манапалізаваць Перамогу ў той вайне. Хоць у Расеі робяць дакладна тое, што ўжо на працягу чвэрці стагодзьдзя робіць сам Лукашэнка. На вайсковыя парады выдаткоўваюцца мільёны даляраў. Узводзяцца велічныя помнікі, якія ўслаўляюць ваенную перамогу. Пры гэтым зразумела, што пампэзнае бразгатаньне зброяй толькі падагравае мілітарысцкія рэваншысцкія настроі, якія пасьля Крыму і так пануюць у грамадзкай сьвядомасьці расейцаў. Замест жаху перад пагрозай новай вайны — захапленьне новымі сродкамі зьнішчэньня. Нібы зьнішчаць будуць толькі яны, а не і іх таксама.

Савецкія магілы на польскай зямлі

Гэтыя могілкі і надмагільныя абэліскі паўсталі пераважна ў першыя паваенныя дзесяцігодзьдзі — у 40–60-я гады. На матэрыялах тады ашчаджалі: амаль усё выраблялася з бэтону. Верагодна, меркавалася, што зь цягам часу бэтон будзе заменены каменем. Але гэтага не адбылося.

За паўстагодзьдзя пад дажджом і сонцам цэмэнтныя канструкцыі шмат дзе патрэскаліся і пакрышыліся, пачарнелі, страцілі першапачатковую форму.

Магілы савецкіх афіцэраў у Макаве Мазавецкім, якія даўно маюць патрэбу ў рэканструкцыі
Магілы савецкіх афіцэраў у Макаве Мазавецкім, якія даўно маюць патрэбу ў рэканструкцыі

Усяго на тэрыторыі Польшчы такіх могілак больш як 700. Выглядаюць яны пераважна акуратнымі, ахайнымі — пакошаныя траўнікі, прыбранае сьмецьце, добрыя агароджы. Але што да асноўных канструкцый (абэліскі, надмагільныя пліты) — то нават павярхоўнага позірку дастаткова, каб пераканацца: без кардынальнай рэканструкцыі ў бліжэйшыя гады і дзесяцігодзьдзі на большасьці могільнікаў не абысьціся.

Афіцыйныя асобы ў Польшчы прызнаюць: сёньняшнія бюджэтныя магчымасьці дазваляюць выконваць толькі бягучыя рамонтныя працы і догляд. Паводле прадстаўніка Ўсходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы Міхала Гродзкага, зь якім мы, група беларускіх і расейскіх журналістаў, сустракаліся ў Варшаве, на працягу 2016–2017 гадоў на такія працы зь бюджэту было выдаткавана больш за 6 мільёнаў злотых (гэта каля 1 мільёна 700 тысяч даляраў). Каб весьці маштабную рэканструкцыю на ўсіх аб’ектах, гэтага, зразумела, не дастаткова. Тым больш што асноўны фінансавы цяжар утрыманьня могілак кладзецца на мясцовыя гміны, рэсурсы якіх досыць сьціплыя.

А што ж Расея, салдаты якой, уласна, і пахаваныя на гэтых могілках? Апошнім часам пэўныя сродкі яна выдзяляе, але — выбарачна, толькі на некаторыя аб’екты. Плён такой супрацы мы мелі магчымасьць пабачыць у Мілейчыцах (Падляскае ваяводзтва). Там мясцовая гміна ў 2016 годзе правяла капітальную рэканструкцыю могілак сумесна з расейскім фондам «Кранштацкі марскі сабор». Вынік уражвае.

Вайсковыя могілкі ў Мілейчыцах, Падляскае ваяводзтва
Вайсковыя могілкі ў Мілейчыцах, Падляскае ваяводзтва

Але такія выпадкі — адзінкавыя.

Вайсковыя парады натхняюць на новую вайну, вайсковыя могілкі — выклікаюць жах перад яе пагрозай

Апошнія гады ва ўсіх рэгіёнах Расеі і нават шмат дзе за яе межамі пры падтрымцы Крамля набыла размах акцыя «Бесьсьмяротны полк»: гэта калі дзеці, унукі і праўнукі былых салдат выходзяць на вуліцы з партрэтамі сваіх загінулых і памерлых продкаў. Неблагая ідэя: паказаць, што ты памятаеш, што адчуваеш адказнасьць перад памяцьцю продкаў.

Але адказнасьць — ня толькі ў тым, каб выйсьці на вуліцу з партрэтам. Ці ведаюць гэтыя тысячы і тысячы людзей з партрэтамі, дзе знайшлі апошні спачын іхныя продкі? Ці маюць магчымасьць прыйсьці туды з кветкамі, каб пакланіцца? Безьліч так званых брацкіх безыменных магілаў расьцярушаныя ў гарадах і вёсках, мястэчках і хутарах, а то і проста сярод палёў і лясоў. І ня толькі за мяжой, але найперш — у самой Расеі, у балотах пад Ржэвам і Смаленскам, у курскіх лясах і на берагах Волгі. Не сумняюся, што многія зь іх ужо зьніклі за пасьляваенныя гады, сышлі ў нябыт — ператварыліся ў сосны і бярозы, зьніклі ў дзірване і кустоўі.

Цяжка ўявіць, што ўнук ці праўнук салдата будзе ехаць адкуль-небудзь з Варонежа ці Тамбова ў Польшчу ці Нямеччыну, каб пакланіцца абстрактнаму помніку над агульнай безаблічнай брацкай магілай. Людзі шукаюць сваіх крэўных і хочуць бачыць на магіле іх канкрэтныя імёны і прозьвішчы. Адсюль — гэтыя самаробныя таблічкі на брацкіх магілах, якія парушаюць агульны строгі выгляд, але якія не наважваюцца чапаць мясцовыя ўлады ў Польшчы. Такія таблічкі, прывезеныя і ўсталяваныя сваякамі аднекуль з тэрыторыі былога СССР, мы бачылі на салдацкіх могілках і ў Варшаве, і ў Астралэнцы, і ў Аўгустове...

Самаробныя памятныя таблічкі з імёнамі загінулых салдат на брацкіх магілах у Варшаве
Самаробныя памятныя таблічкі з імёнамі загінулых салдат на брацкіх магілах у Варшаве

Людзі маюць на гэта права. Аднавіце магілы іхных родных — вы, хто так клапоціцца пра тое, каб у вас не адабралі права ганарыцца той перамогай. Аднавіце так, каб на кожнай — прозьвішча, імя, гады жыцьця, а яшчэ пажадана б — і крыж ці іншы знак веравызнаньня пахаванага. На кожнай. Спачатку — на 500 000 забітых у баях. А потым — і над 800 000 тых, што памерлі пакутніцкай сьмерцю ў варожым палоне. Усё гэта магчыма зрабіць, калі б хаця б на пару гадоў адмовіцца ад пампэзных вайсковых парадаў у Маскве і Менску, а акцыі «Бесьсьмяротны полк» праводзіць ня ў цэнтры Масквы, а — парадкуючы могілкі ў Астралэнцы і Беластоку, Пултуску і Аўгустове, Бялабжэгах і Макаве Мазавецкім. І яшчэ на сотнях іншых салдацкіх нэкропаляў. Там, дзе ляжаць безыменныя савецкія салдаты той вайны. Забітыя і забытыя сваёй радзімай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Як суседзі Беларусі дбаюць пра мэмарыялы на месцы трагічных падзеяў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG