Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булінг у кіеўскім ліцэі: школьніку зламалі пазванкі, ён ляжыць амаль паўгоду


Максіма Чэрнікава зьбілі на перапынку аднаклясьнікі, ды так, што ён ужо пяты месяц не ўстае — у яго пералом двух пазванкоў. Кіраўніцтва ліцэю, у якім вучыцца хлопчык, кажа, што праблем з булінгам у іх ніколі не было. Маці зьбітага хлопчыка сьцьвярджае адваротнае, яна дамаглася завядзеньня крымінальнай справы супраць нападнікаў.

Сяміклясьніку Максіму Чэрнікову 12 гадоў. Летась ён перайшоў са звычайнай кіеўскай школы ў прэстыжны спэцыялізаваны ліцэй: хацеў стаць рэклямістам.

5 месяцаў таму яго на перапынку зьбілі аднаклясьнікі — хлопчык трапіў у шпіталь з пераломам двух пазванкоў.

Максім распавядае, што яго білі па галаве, па плячах. «Я стараўся абараняць галаву, але яны ўвесь час траплялі. Іх было двое. Адзін быў на галаву мяне вышэй. Другі — па масе. Адзін ^[хлопчык^] сказаў дзецям, якія стаялі за мной: "Адыдзіце", з усёй сілы наляцеў на мяне і ўдарыў. І я адляцеў на падлогу».

Сяміклясьнік распавядае, што агрэсію хуліганы праяўлялі і ў дачыненьні да іншых дзяцей. Але калі б за яго нехта заступіўся, «іх чакала б расплата яшчэ большая», лічыць Максім.

Школьнік паскардзіўся настаўнікам на востры боль у сьпіне і грудзях, казаў, што не адчувае ног. Праз паўтары гадзіны пасьля зьбіцьця па яго прыехала бабуля. Яна настаяла на тым, каб у ліцэй выклікалі «хуткую».

«Да мяне гэтае пытаньне ніхто не спрабаваў узьняць. Яны вырашылі так: бабуля прыедзе, забярэ праблему і вывезе яе са школы», — лічыць бабуля Максіма.

У шпіталі хлопчыку зрабілі МРТ, па выніках якой стала ясна, што ў Максіма пералом двух пазванкоў.

Складанасьці ў адносінах з аднаклясьнікамі пачаліся, па словах Максіма, пасьля таго, як ён атрымаў удар у вока, і ў школу прыйшлі бацькі. Але такія ж праблемы былі і ў іншых дзяцей: «У нас у распранальні пастаянна біліся, кідалі рэчы, разьдзіралі іх, лаяліся матам», — распавёў Максім.

Пасьля здарэньня ў ліцэі правялі расьсьледаваньне, распавяла Ірына Бабка, дырэктар кіеўскага ліцэя падатковай і рэклямнай справы. Супрацоўнікі і яна сама атрымалі дысцыплінарнае спагнаньне. Вучняў, якія зьбілі хлопчыка, паставілі на ўнутрышкольны ўлік, зь імі праводзяць выхаваўча-прафіляктычную працу.

Кіраўніцтва ліцэю запэўнівае: праблем з булінгам у іх ніколі не ўзьнікала. А ў гэтай сытуацыі яны дзейнічалі па законе.

У Мінадукацыі Ўкраіны кажуць, што паўнамоцтваў умешвацца ў сытуацыю ў іх няма.

Ганна Чэрнікава, мама Максіма, дамаглася завядзеньня крымінальнай справы супраць нападнікаў. Яна даказвае, што выпадак зь яе сынам — не адзіны. Акрамя таго, яна хоча абараніць правы свайго дзіцяці ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека.

Украіна — адзін з сусьветных лідэраў па паказчыках цкаваньня сярод падлеткаў і дзяцей: па дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, краіна займае чацьвёртае месца ў сьвеце па ўзроўні падлеткавай агрэсіі. Па дадзеных ЮНІСЕФ, у 2017 годзе з булінгам сутыкнуліся 67% украінскіх школьнікаў.

Праблема булінгу актуальная і для Беларусі. Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЕСКА запускае дыстанцыйны навучальны курс па прадухіленьні гвалту ў школах. Адміністрацыям навучальных устаноў раскажуць, чаму такія выпадкі нельга замоўчваць і хаваць, і навучаць арганізоўваць працу ў сытуацыях, калі дзеці праяўляюць агрэсію ў адносінах да аднагодкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG