Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO павялічыць сілы хуткага рэагаваньня з 20 тысяч да 30, — Die Welt


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як сьцьвярджае нямецкае выданьне Die Welt, Паўночнаатлянтычны альянс зьбіраецца сфармаваць падразьдзяленьне пастаяннай гатоўнасьці з 30 тысяч жаўнераў, якое можа быць разгорнутае цягам месяца.

Паводле суразмоўцаў выданьня, ініцыятыва нібыта належыць ЗША, але ў плянах галоўную ролю мае выконваць Нямеччына. На выпадак крызісных сытуацыяў плянуецца значна падвысіць апэратыўнасьць разгортваньня ўзброеных сілаў на сушы на тэрыторыі краінаў NATO, у паветры і на моры, стварыць рэзэрвовае падразьдзяленьне як дадатак да сілаў хуткага рэагаваньня (NRF), у якім цяпер каля 20 тысяч вайскоўцаў.

Пляны па стварэньні падразьдзяленьня, сьцьвярджае Die Welt, могуць быць абмеркаваныя 7–8 чэрвеня на саміце міністраў абароны краінаў NATO ў Брусэлі.

Цяпер NATO праводзіць у Польшчы і краінах Балтыі маштабныя вучэньні Saber Strike. Польшча нядаўна заяўляла, што разглядае прапанову аб разьмяшчэньні ў сябе пастаяннага кантынгенту войскі ЗША, як гэта зрабілі Нямеччына і Італія пасьля Другой усясьветнай вайны. Прэзыдэнт Польшчы называў Расею «самай сур’ёзнай пагрозай глябальнаму міру».

Беларусь не выключае магчымасьці разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы на сваёй тэрыторыі

«Можна чакаць, што зноў пачнуцца размовы пра сумесны адказ на прасоўваньне NATO на ўсход у межах беларуска-расейскага вайсковага супрацоўніцтва, — казаў Свабодзе палітоляг, заснавальнік Belarus securety blog Андрэй Паротнікаў. — Да гэтага часу была пэўнасьць, што расейскіх базаў [у Беларусі] ня будзе».

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заяўляў, што ў Расеі зь Беларусьсю «адзіная пазыцыя»: «мы не шукаем канфрантацыяў». Але выказваў занепакоенасьць Крамлю дзеяньнямі NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG