Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WSJ: Белы дом пачаў рыхтавацца да сустрэчы Трампа і Пуціна


Амэрыканская адміністрацыя пачала падрыхтоўку да магчымай сустрэчы прэзыдэнта Дональда Трампа і расейскага лідэра Ўладзімера Пуціна.

У Белым доме спадзяюцца, што перамовы прэзыдэнтаў дазволілі б вырашыць існуючыя паміж краінамі рознагалосьсі, якія ўжо дасягнулі маштабаў часоў халоднай вайны, распавялі газэце The Wall Street Journal крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.

Адзін з суразмоўцаў газэты адзначыў, што пасол ЗША ў Расеі Джон Хантсман нядаўна наведаў Вашынгтон, каб дапамагчы з арганізацыяй саміту.

«Асабістая сустрэча Пуціна і Трампа — праект пасла Хатсмана, які ён рыхтуе вось ужо некалькі месяцаў», — распавяла крыніца. Падрыхтоўка да саміту знаходзіцца на самай раньняй стадыі, даты і месца яго правядзеньня пакуль ня ўзгодненыя.

Чакаецца, што падчас сустрэчы лідэры абмяркуюць сытуацыю ў Сырыі і ва Ўкраіне, а таксама гонку ўзбраеньняў ЗША і Расеі. Выданьне нагадвае, што былы пасол РФ у ЗША Юры Ўшакоў у красавіку заявіў журналістам, быццам бы Трамп падчас тэлефоннай размовы запрасіў Пуціна наведаць Вашынгтон.

Прэс-сакратарка амэрыканскай адміністрацыі Сара Сандэрс неўзабаве пацьвердзіла, што такое запрашэньне сапраўды прагучала. Яна адзначыла, што сустрэча можа адбыцца «ў не такой далёкай будучыні» у тым ліку і на тэрыторыі Белага дома.

Зрэшты, як падкрэсьліла крыніца газэты, цяпер Трамп цалкам сфакусаваны на сустрэчы зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам. «Калі перамовы з Паўночнай Карэяй працягнуцца, з сустрэчай з Расеяй давядзецца пачакаць», — заявіла прадстаўнца адміністрацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG