Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкі бровар правядзе ў Менску беларускую дыктоўку, якую напішуць сотні чалавек


Напісаньне «Агульнай дыктоўкі», арганізаванай «Лідзкім півам» у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2017 годзе

Беларуская дыктоўка, арганізаваная броварам «Лідзкае піва» мае адбыцца ў Нацыянальнай бібліятэцы 2 чэрвеня. Упершыню да яе напісаньня могуць далучыцца ўсе ахвочыя, паколькі трансьляцыя з імпрэзы будзе весьціся ў інтэрнэце і, магчыма, празь Беларускае радыё.

Лідзкі бровар яшчэ летась у камунікацыях пачаў пераходзіць на беларускую мову. І ў 2017 годзе кампанія ўпершыню арганізавала беларускую дыктоўку, прысьвечаную 950-годзьдзю Менску. Сёлетнюю тэму, паводле галоўнага маркетоляга «Лідзкага піва» Натальлі Яфімкінай, выбралі таксама невыпадкова.

Натальля Яфімкіна
Натальля Яфімкіна

«400-годзьдзе першага друкаванага беларускага лемантара мы палічылі адной з галоўных культурных нагод сёлета для таго, каб гэта стала тэмай дыктоўкі, — кажа Яфімкіна. — І ідэя напісаньня дыктоўкі — даць магчымасьць кожнаму праверыць валоданьне беларускай мовай і падтрымаць імкненьне ўдасканальваць веды».

У Нацыянальнай бібліятэцы станоўча паставіліся да напісаньня дыктоўкі

Як і летась, дыктоўка будзе праводзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску. Паводле Яфімкінай, гэтае месца аказалася ня толькі сымбалічным, бо тут знаходзіцца найбольш значны кнігазбор Беларусі, але і даволі зручным разьмешчаным.

Напісаньне «Агульнай дыктоўкі», арганізаванай «Лідзкім півам» у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2017 годзе
Напісаньне «Агульнай дыктоўкі», арганізаванай «Лідзкім півам» у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2017 годзе

«Да таго ж у Нацыянальнай бібліятэцы вельмі добрая заля для напісаньня дыктоўкі, і адміністрацыя паставілася да нашай ідэі вельмі станоўча», — гаворыць Натальля Яфімкіна.

Да напісаньня беларускай дыктоўкі змогуць далучыцца ўсе ахвочыя

Сёлета, паводле галоўнага маркетоляга «Лідзкага піва», да напісаньня дыктоўкі змогуць далучыцца людзі ў самых розных рэгіёнах Беларусі. З інтэрнэт-трансьляцыяй пытаньне ўжо вырашанае, няясным пакуль застаецца, ці ўдасца наладзіць трансьляцыю на канале Беларускага радыё.

«Вядома, мы вельмі б хацелі, каб да напісаньня дыктоўкі далучылася як мага болей людзей з усяе Беларусі, для нас гэта вельмі важна. Летась у яе напісаньні бралі ўдзел многія нашыя работнікі, прыходзілі проста некаторыя людзі з вуліцы і разам пісалі дыктоўку на заводзе. Спадзяюся, што так будзе і сёлета», — кажа спадарыня Натальля.

Арганізатары прапануюць зарэгістравацца на сайце

Для ўдзелу ў напісаньні дыктоўкі арганізатары прапануюць ахвотнікам зарэгістравацца на іх сайце.

Напісаньне «Агульнай дыктоўкі», арганізаванай «Лідзкім півам» у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2017 годзе
Напісаньне «Агульнай дыктоўкі», арганізаванай «Лідзкім півам» у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2017 годзе

«Летась у нас зарэгістравалася каля 270 чалавек, і яшчэ без рэгістрацыі прыехалі з рэгіёнаў каля 170. А сёлета на раніцу 31 траўня мы ўжо атрымалі больш за 350 заявак. Рэгістрацыя праводзіцца для таго, каб арыентавацца, колькі людзей могуць прыйсьці непасрэдна ў Нацыянальную бібліятэку, паколькі заля ў ёй зьмяшчае толькі каля 500 чалавек», — кажа Натальля Яфімкіна.

Яна таксама запэўнівае, што калі нехта ня здолее зарэгістравацца і проста прыйдзе ў дзень правядзеньня дыктоўкі, то праблемаў ніякіх ня будзе.

Паводле Натальлі Яфімкінай, як і летась, тыя, хто напішуць дыктоўку на «выдатна» і «добра», атрымаюць прызы і памятныя падарункі.

Чытальніцай праекту выступіць Руся — cьпявачка, акторка беларускага дубляжу, «голас беларускай чыгункі», трэнерка голасу.

ТБМ Ліды заявіла аб удзеле ў дыктоўцы

Лідзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы ўжо заявіла аб тым, што 2 чэрвеня далучыцца да напісаньня беларускай дыктоўкі. Кіраўнік арганізацыі Станіслаў Суднік адзначыў, што і тэма дыктоўкі, прысьвечанай 400-годзьдзю першага друкаванага беларускага лемантара, выбраная вельмі ўдала.

«ТБМ зьбярэцца ў вёсцы Пескі Лідзкага раёну на сядзібе аднаго з нашых сяброў. І мы цяпер распаўсюджваем пра гэта інфармацыю і запрашаем усіх ахвотных далучыцца да напісаньня дыктоўкі. Тэхнічна нашы хлопцы ўсё здолеюць забясьпечыць», — сказаў Свабодзе Станіслаў Суднік.

Акцыянэрнае таварыства «Лідзкае піва» летась цалкам абнавіла свой сайт — ён стаў беларускамоўным. Камунікацыю ў інтэрнэце і маркіроўку прадукцыі кампанія пераводзіць на беларускую мову. Такое рашэньне прымалася на падставе найперш таго, што «Лідзкае піва» — кампанія зь беларускімі каранямі, яе гісторыя налічвае больш за 140 гадоў. На прадпрыемстве лічаць, што беларуская мова набірае папулярнасьць, таму цалкам натуральна, каб на ўнутраным рынку кампанія камунікавала па-беларуску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG