Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць і ўваскрашэньне Аркадзя Бабчанкі: увесь сьвет — тэатар


Аркадзь Бабчанка на брыфінгу СБУ, 30 траўня 2018
Аркадзь Бабчанка на брыфінгу СБУ, 30 траўня 2018

Бабчанка жывы! Гэтая навіна, якая выбухнула як бомба, абляцела ўвесь сьвет. Спачатку гэта ўспрымалася, як чорны гумар, блюзьнерскі жарт. Аказалася — не, і праўда жывы здаровы, тое, што ўсе ўспрынялі як трагедыю, было, як высьветлілася, інсцэніроўкай спэцслужбаў. Ну, па-першае, дзякуй Богу, што жывы чалавек, з якім ужо разьвіталіся.

Але, па-другое, узьнікае пытаньне — а навошта? Адказ можна ўявіць сабе ў параўнаньні з альтэрнатывай. Не было б учорашняй інфармацыі пра забойства, не было б узрушэньня многіх і многіх людзей, не было б гарачых праклёнаў на адрас забойцаў, а выйшаў быў да публікі кіраўнік СБУ і паведаміў: намі раскрытая змова з мэтай забойства ў Кіеве расейскага журналіста Бабчанкі, нам вядомыя выканаўцы, замоўшчыкі — расейскія спэцслужбы.

Ну і што? Замаху няма, трупу няма, а ці была тая замова — сказалі б многія. Украінскім уладам і спэцслужбам не ўсе вераць. У іх там увесь час нейкія змовы выкрываюць. Ну і раскрыцьцё змовы, якая не прывяла да наступстваў — не навіна. Напэўна, гэта няправільна, несправядліва, але так уладкаванае людзкое ўспрыманьне, так збудаваныя мэдыя.

Ну а тут — фантастыка. Паўстаньне з мёртвых — на гэта адрэагуе ўвесь сьвет. Хрысьціянскі сьвет, па меншай меры. І зусім не з прычыны значнасьці самога Бабчанкі.

Калі мэтай было прыцягнуць увагу да інфармацыі СБУ аб замаху — гэтая паліттэхналягічная мэта была дасягнутая бліскуча. Пакуль яшчэ вельмі мала інфармацыі пра справу, але якая-небудзь іншая мэта пакуль не праглядаецца.

Ну а калі б злачынцу злавілі за руку за хвіліну да стрэлу — чым гэта было б горш? Навошта патрэбна была менавіта інсцэніроўка, упэўненасьць усіх (або многіх), што замах дасягнуў сваёй мэты? Хіба што дзеля наступнага сцэнару.

Выканаўца тэлефануе заказчыку: Паглядзі тэлік, я замачыў Бабчанку, заданьне выкананае. А ў адказ: Ну ты малайчына, што грохнуў Бабчанку, Расея цябе не забудзе, твае 30 тысяч знойдзеш пад вадасцёкавай трубой.

Мэта была запісаць менавіта такую размову і такое прызнаньне? Ну можа. Хацелася б гэтую гутарку паслухаць.

Для ўсяго астатняга менавіта інсцэніроўка была не патрэбная. Чыю і якую нечаканую, выкрывальную рэакцыю выклікалі, атрымалі арганізатары інсцэніроўкі? Людзі, якія паважаюць (ледзь не сказаў — паважалі) Бабчанку, сумавалі, абураліся, лаяліся, пракліналі, афіцыйная Масква сказала, што відаць самі ўкраінцы забілі, на Захадзе прыгадвалі і Нямцова, і Шарамета, і Скрыпалёў. Якая з гэтых рэакцыяў была нечаканай, якая адназначна паказала на вінаватага? Ні адна.

Паўтару — яшчэ не ўсе дэталі ясныя. Але з таго, што вядома, вымалёўваецца толькі адна мэта — зрабіць так, каб сьвет здрыгануўся, прыцягнуць яго ўвагу. Прыцягнулі. Але да чаго?

Больш зьмястоўны вынік гэтая апэрацыя прынясе толькі ў тым выпадку, калі ў украінскіх спэцслужбаў ёсьць жалезабэтонныя, забойчыя, на 200% пераканаўчыя доказы таго, што гэта сапраўды была замова і менавіта расейскіх спэцслужбаў. Доказы патрэбныя менавіта забойчыя. Таму што і сам характар інсцэніроўкі, і тое, што, як паведамляецца, выканаўцы — вэтэраны АТА, дапускае, а кагосьці і падштурхне да думкі, ці не інсцэніроўка ў гэтай справе ўвогуле ўсё.

У рэшце рэшт выдаць сябе за расейскіх разьведчыкаў маглі і іх украінскія калегі. А мог быць і проста прамы загад афіцэраў СБУ выканаўцам (ці «выканаўцам»), службовыя людзі прывыклі выконваць загады. Такая інсцэніроўка ў інсцэніроўцы, тэатар у тэатры.

Я не сьцьвярджаю, што так і было, балазе ёсьць каму разьвіваць падобныя тэорыі. Але перабіць іх можна толькі звышпераканаўчай доказамі. Можна меркаваць, што яны ёсьць, калі апэрацыю і праўда рыхтавалі некалькі тыдняў і пастку змайстравалі такую, зь якой не ўцячы.

Калі не — грамавы эфэкт ад сьмерці і ўваскрашэньня будзе працаваць супраць Украіны.

Але, зрэшты, ад гэтай апэрацыі нават у выпадку яе поўнага палітычнага, паліттэхналягічнага посьпеху застанецца, як у вядомым анэкдоце, асадачак.

Амаль суткі сотні, тысячы людзей ва ўсім сьвеце былі ў горы, у журбе, сумавалі, плакалі. Многія горача бічавалі забойцаў і іх гаспадароў. А гэтых людзей, іх пачуцьці, іх шчырасьць проста выкарысталі. Вашы сьлёзы і праклёны разагналі хайп. Усім дзякуй, усе свабодныя, спэктакль скончыўся.

Яно, вядома, як пісаў Шэксьпір: «Усё жыцьцё — тэатар, у ім жанчыны, мужчыны — усе акторы, і кожны не адну грае ролю». Акторы. Але не марыянэткі. А тут апынуліся марыянэткамі. А людзі ў прынцыпе не любяць, калі іх робяць марыянэткамі.

Ну і ёсьць яшчэ адзін момант. 29 мая ў Кіеве была інсцэніроўка. А што яшчэ было, ёсьць і будзе там інсцэніроўкай?

Зрэшты, за Аркадзя Бабчанку асабіста можна толькі парадавацца. Рэдкаму чалавеку даводзіцца прачытаць такую колькасьць адрасаваных яму нэкралёгаў і пачуць столькі пахавальных плачаў. За ўсіх астатніх радавацца ў сувязі з гэтым спэктаклем неяк не атрымліваецца.

Перадрук з парталу TUT.BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG