Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэйскім могілкам Магілёва просяць надаць ахоўны статус. Тым часам ад зьнішчэньня іх ратуе грамадзкасьць


Ратаваць могілкі прыйшлі ня толькі дарослыя, але і дзеці
Ратаваць могілкі прыйшлі ня толькі дарослыя, але і дзеці

У Магілёве грамадзкасьць прыбірае гістарычную частку габрэйскіх могілак. Талаку на кладах склікала габрэйская грамада. Прыйшлі больш за сотню добраахвотнікаў.

На гэтых могілках пад пагрозай зьнішчэньня больш за сотню старых пахаваньняў, за якімі працяглы час няма прыгляду. Вельмі шмат надгробкаў у аварыйным стане. Новая ж рэдакцыя закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятая ў 2015 годзе, дае дзяржаўным спэцыялізаваным арганізацыям права дэмантаваць і ўтылізаваць іх, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне».

Да ратаваньня могілак маюць далучыцца адмыслоўцы. Патрэбныя калясальныя сродкі

Старымі пахаваньнямі і заняліся талакоўцы. Пляцоўка шчыльна зарасла кустоўем. Дрэвы паразрасталіся і каранямі завальваюць надгробкі. Шмат якія помнікі разламаныя.

Паводле старажылаў, бурыць могілкі пачалі ў апошнія пяцьдзясят гадоў. Мармуровыя помнікі перараблялі і затым ставілі на негабрэйскія магілы. З агароджаў і помнікаў зрывалі мэталічныя часткі. Улада тады на гэта не рэагавала.

Габрэйскія могілкі зарасьлі і разбураюцца. Талакоўцы агаляюць іх заняпад
Габрэйскія могілкі зарасьлі і разбураюцца. Талакоўцы агаляюць іх заняпад

Лідэр габрэйскай грамады Магілёва Аляксей Каплан прызнаецца, што высілкаў грамадзкасьці недастаткова. Да працы, кажа ён, маюць далучыцца адмыслоўцы ў рэстаўрацыі старых надмагільляў.

«Для нас галоўнае цяпер — прыцягнуць увагу ўлады і простых людзей да праблемы з станам гэтых могілак. Мы разумеем, што на рамонт надмагільляў патрэбныя калясальныя сродкі. Разьлічваць на дапамогу дзяржавы нам не выпадае. Чакаем, што адгукнуцца мэцэнаты, якія дапамогуць уратаваць адны з найстарэйшых могілак у Магілёве з унікальнымі надмагільлямі», — кажа Аляксей Каплан.

Суразмоўца сказаў Свабодзе, што габрэйская грамада зьвярнулася ў гарвыканкам, каб могілкам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Кожнаму шостаму пахаваньню пагражае зьнішчэньне

Падчас візыту ў Магілёў амбасадара Ізраілю Алона Шогама прадстаўнікі гарвыканкаму запэўнівалі яго, што возьмуцца хадайнічаць перад Міністэрствам культуры, каб клады займелі ахоўны статус. Пры гэтым, аднак, чыноўнікі настойваюць, што могілкі павінны быць упарадкаваныя. На гэта габрэйскай грамадзе далі два гады. Пра фінансавую дапамогу гаворкі не было.

Замест надмагільляў — бітыя кавалкі бэтону
Замест надмагільляў — бітыя кавалкі бэтону

«Навесьці парадак» на габрэйскіх могілках Магілёўскі спэцыялізаваны камбінат зьбіраўся пасьля 22 чэрвеня. У абвестках, якія застаюцца на могілках дагэтуль, гаворыцца: тыя, хто мае на іх пахаваньні, абавязаныя «прывесьці надмагільныя збудаваньні ў належны стан» да гэтай даты.

Актывісты габрэйскай грамады летась апісалі больш за 600 старых магіл на габрэйскіх кладах. Паводле іхнай каталягізацыі, у аварыйным стане кожнае шостае пахаваньне. Знайсьці сваякоў пахаваных, кажуць у грамадзе, надта цяжка. Значнай частцы старых магіл сто і больш гадоў. Радню пахаваных пазабівалі падчас Галакосту.

Зьнішчэньне пагражае і магілам сваякоў цяперашняга прэзыдэнта Ізраілю

Габрэйскія могілкі — адны з найстарэйшых у горадзе. Паводле архіўных зьвестак яны вядомыя з 1745 году. Нямала надмагільляў вырабленыя ў Варшаве, Вільні, Санкт-Пецярбургу. Многія з пахаваных укладалі пры жыцьці сродкі ў разьвіцьцё гораду.

Тут адшукалі магілы сваякоў цяперашняга прэзыдэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна. Некаторым таксама пагражае зьнішчэньне.

талака на габрэйскіх могілках
талака на габрэйскіх могілках

Мясцовыя дасьледчыкі габрэйскай мінуўшчыны, абапіраючыся на зьвесткі з кнігі «Генэалёгія сямейства Рыўліных», а таксама энцыкляпэдычныя зьвесткі, сьцьвярджаюць: пахаваныя на кладах купцы Арон-Эліэзэр і Хаім Сімховічы — родзічы цяперашняга кіраўніка ізраільскай дзяржавы. Як і Рэўвэн Рыўлін, яны паходзяць з старажытнага роду, карані якога сягаюць XVI стагодзьдзя, калі жыў сьвяты рабін Ёсіф.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG