Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я больш патрэбен тут». Як моладзь з замежнымі дыплёмамі вяртаецца на радзіму


Беларусы вучацца за мяжой, і гэта ўжо нікога не зьдзіўляе. Але калі, адвучыўшыся, яны вяртаюцца, гэта выклікае пытаньні. Мы задалі такія пытаньні выпускнікам замежных адукацыйных праграм, якія працуюць у Беларусі.​

«У мяне не было б энэргіі змагацца за гендэрную роўнасьць у іншай краіне»

​Аляксандра Дзікан, скончыла магістратуру ў Міжнародным інстытуце сацыяльных дасьледаваньняў, Гаага, Нідэрлянды

— Я з 15 гадоў была актывісткай у грамадзянскім сэктары. Потым атрымала эканамічную адукацыю — па спэцыяльнасьці была маркетолягам. І я разумела, што маёй адукацыі ў эканамічнай сфэры недастаткова, каб разьвівацца ў грамадзянскім сэктары, у тэматыцы правоў чалавека.

У Нідэрляндах я вучылася па спэцыяльнасьці «Правы чалавека і гендэр». Раней я не задумвалася наконт гендэру. А калі пачала вучыцца, мяне стала гэта чапляць. Я натхнілася і зразумела, што гэта тое, што мяне бударажыць.

І калі вярнулася ў Беларусь, ужо пачынала шукаць працу менавіта ў гендэрнай сфэры. Я стала заснавальніцай арганізацыі «Яе правы», цяпер мы абараняем і прасоўваем правы жанчынаў. І спрабуем натхніць іх. Бо існуе шмат бар’ераў, у тым ліку ўнутраных, у саміх жанчынаў, каб станавіцца пасьпяховымі лідэркамі ў сваіх сфэрах.

— Не было думак, каб застацца?

— Вы ведаеце, неяк не было. Я арыентавалася на тое, што павучуся і прыеду ў Беларусь займацца тым, што мне было на той момант цікава. Не было жаданьня заставацца. Мая сфэра — гендэр — дастаткова складаная. Я думаю, у мяне не было б энэргіі змагацца за гендэрную роўнасьць у іншай краіне. Хацелася гэтым займацца ў Беларусі.

— Чаму варта вяртацца ў Беларусь?

— На той час у мяне тут ужо склалася прафэсійнае кола. Гэта тыя людзі, з кім прыемна працаваць.

У Беларусі шмат пэрспэктываў і магчымасьцяў, каб рабіць штосьці ўнікальнае, што яшчэ ніхто ня робіць. Узяць вось мой сэктар: тут так шмат, з чым можна працаваць.

Так, гэта дрэнна, калі ў краіне ёсьць пэўныя праблемы. Але з іншага боку, гэта магчымасьць для прафэсійнай самарэалізацыі — вырашыць нейкія сур’ёзныя для краіны пытаньні.

«Мне здавалася, я вярнуся — і ўсё тут зьмяню»

​Алег Савачка, вучыўся адзін сэмэстар у Рурскім унівэрсытэце ў Бохуме, Нямеччына

— Калі я вучыўся на хімфаку БДУ, я прайшоў на праграму ў Рурскім унівэрсытэце. Цяпер я асьпірант Акадэміі навук.

Замежная адукацыя карысная тым, што выводзіць за межы ўжо быццам бы ўсталяванага сьветапогляду. Я вось перастаў баяцца размаўляць з іншаземцамі, хоць дасканала ня ведаў мовы. Ці яшчэ вось. Да Нямеччыны ў мяне быў вельмі вузкі сьвет: адвучыўся і паехаў адразу дахаты. А там адрываесься ад сям’і, вымушаны станавіцца больш самастойным.

— Ня думалі, каб застацца?

— Тэарэтычна застацца можна было б. Але я б усё ж хацеў працаваць у Беларусі, маючы замежны досьвед. Мне хацелася жыць тут, але гэтак жа добра, як і там. Можа, гэта такое наіўнае жаданьне. Але мне складана ўявіць, як я кіну ўсіх сваякоў тут, усё, што мне дорага, і зьеду. Да таго ж я вучыўся на апошнім курсе, і трэба было неўзабаве абараняць дыплём.

Я думаю, было б добра, каб больш людзей вучыліся за мяжой і вярталіся. Калі людзі едуць на адукацыйную праграму з мэтай міграваць, для нас у гэтым няма карысьці. Такім чынам зьяжджае невялікая праслойка актыўнай моладзі. Ды і мне шмат хто казаў: «Чаму ты не зьяжджаеш?»

Як завабіць людзей назад? Калі рабіць дырэктыўна, ня думаю, што гэта спрацуе. Усё адно людзі знойдуць пралаз. Патрэбна матывацыя. А гэта такое глябальнае пытаньне.​

«Нам кажуць, што ў кампаніі няма працы, адпаведнай нашым ведам і адукацыі»

​Ганна Радзько, скончыла магістратуру ў Рэйнскім Бонскім унівэрсытэце Фрыдрыха Вільгельма, Нямеччына

— У 2015 годзе я скончыла нямецкую магістратуру, а потым працавала ў DAAD у Нямеччыне. Гэта праграма студэнцкіх абменаў. Праект тычыўся адукацыі і міжнароднага супрацоўніцтва з усімі ўнівэрсытэтамі Нямеччыны. Пасьля завяршэньня гадовага кантракту я вярнулася сюды.

Я лічу, што замежны досьвед не заўсёды проста прымяніць у Беларусі. Не магу сказаць, што на мяне наваліліся прапановы працы, калі я вярнулася. Я сама шмат куды падавалася, але не сказала б, што атрымлівала шмат запрашэньняў на працу.

— Гэта значыць, што замежная адукацыя ў Беларусі ня цэніцца?

— Замежная адукацыя ў Беларусі дапамагае паказаць, што ў цябе ёсьць вельмі добрыя моўныя і камунікатыўныя навыкі. Падчас сумоўя людзі пазытыўна рэагавалі на мой досьвед.

Але ў большасьці выпадкаў выпускнікам замежных праграмаў кажуць, што ў кампаніі няма працы, якая б адпавядала нашым ведам і адукацыі. Працадаўцы ня ведаюць, што рабіць з такімі выпускнікамі, калі пазыцыі пад іх уменьні няма, а прапанаваць нізкі заробак сорамна. Працадаўца таксама разумее, што чалавек, які ведае некалькі моваў, ня будзе доўга заставацца на працы, якая яму хутка можа здацца сумнай. Таму яны добра ўзважваюць, ці запрашаць такіх людзей да сябе ўвогуле.

Што могуць рабіць такія выпускнікі ў Беларусі? Магчыма, працаваць як экспэрты, кансультанты, мэнтары. Калі арганізацыя невялікая, там няма магчымасьці наняць, скажам, мэнэджара міжнародных праектаў. Але працадаўцы маглі б наймаць выпускнікоў замежных праграмаў у якасьці кансультантаў, прымаць іх паводле дамоваў падраду.​

«За мяжой і безь мяне дастаткова людзей, каб нешта зьмяняць у іхным грамадзтве»

​Зьміцер Валадзько, вучыўся па праграме «Суседзі 3.0» і Erasmus+, Нарва, Эстонія

— У мяне свой сацыяльны праект «Рэспубліка сонейка», дзе мы працуем зь людзьмі, якія маюць сындром Даўна. Гэтая задума ў мяне была яшчэ са студэнцкіх часоў, калі я вучыўся на геафаку БДУ. Але я ня ведаў, што магу зрабіць. Потым трапіў на беларуска-ўкраінска-польскую праграму «Суседзі 3.0», дзе мае думкі склаліся ў пазл.

А сёлета я яшчэ зьезьдзіў на тыднёвую праграму «Разнастайнасьць. Сацыяльныя актыўнасьці», якая праходзіла ў Нарве, у Эстоніі. Для мяне быў клясны досьвед, бо я даведаўся, чым жывуць інклюзіўныя арганізацыі ў Армэніі, Эстоніі, Украіне, Латвіі, Літве.

У нас, напрыклад, людзі з сындромам Даўна ня могуць атрымліваць адукацыю ў звычайнай сярэдняй школе, хоць у краіне шмат кажуць пра інклюзію. А ў Літве гэта пройдзены этап. Там складанасьці толькі з працаўладкаваньнем.

Калі ты бачыш, як працуюць з гэтай тэмай у іншых краінах, то разумееш, у якім кірунку табе трэба працаваць далей.

— А вы не разглядалі адукацыйныя праграмы як магчымасьць застацца за мяжой?

— Я люблю Беларусь. Калі ў нейкі момант давядзецца зьехаць з краіны, я ня буду рабіць гэта праз такія праграмы. Для мяне сёньня найбольш каштоўнае — гэта магчымасьць павучыцца і паглядзець, як інклюзія ўкараняецца за мяжой.

Пасьля ўдзелаў у такіх праграмах магу сказаць, што беларусы шмат лянуюцца. Сьвет імкліва разьвіваецца, а мы крок за крокам толькі даганяем іншыя краіны. Таму я ўпэўнены, што за мяжой і безь мяне дастаткова людзей, каб нешта зьмяняць у іхным грамадзтве. Я больш патрэбен тут.

«Без усялякіх шкадаваньняў вярнулася ў Беларусь. Бо тут вельмі шмат магчымасьцяў у маёй сфэры»


Юлія Міхалюк, магістратура ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце, Лёндан, Вялікая Брытанія

— Адразу пасьля журфаку я прыйшла працаваць у ІТ-кампанію як рэсурс- b акаўнт-мэнэджар. Проста рабіла ўсё тое, што мне загадвалі. З часам гэта дайшло да аўтаматызму і стала ўжо ня так цікава. Калі я пачала «ўпірацца ў столь», вырашыла пайсьці ўдасканальвацца. У адзін цудоўны дзень я прайшла на магістэрскую праграму па піяры ў Лёндане.

Каштоўнасьць майго навучаньня была ня столькі ў спэцыяльнасьці, як у падыходах да вучобы. Самае галоўнае, што я вынесла з праграмы — гэта як працаваць з інфармацыяй у вялікіх аб’ёмах.

Я прайшла практыку па піяры і пабачыла, што ў гэтай прафэсіі патрэбны не такія вялікія высілкі, як у ІТ. А камунікацыю і сувязь з грамадзкасьцю, чаму я вучылася цэлы год, уключае ў сябе любая праца, калі ты кантактуеш з кліентамі. На новай працы ў беларускай ІТ-кампаніі я не пішу прэс-рэлізаў, але кантактую з кліентамі, вяду шмат перамоваў. І гэта важны складнік маёй працы.

А яшчэ даводзіцца рабіць вельмі шмат аналітыкі. Я працую як бізнэс-аналітык і project manager. Без інтэнсіўнай падрыхтоўкі, якую я атрымала ў Брытаніі, было б больш складана распрацоўваць праекты і ствараць прататыпы.

Я без усялякіх шкадаваньняў вярнулася ў Беларусь. Бо тут вельмі шмат магчымасьцяў у маёй сфэры. Ёсьць цікавыя праекты, шмат варыянтаў, як можна разьвівацца.

Пасьля праграмы я вярнулася з новым сьветапоглядам, новымі каштоўнасьцямі, іншым мысьленьнем. Я зразумела, што мне падабалася ў старой працы, а што не. Калі я вярнулася, я ўжо ведала, якога кшталту працу я хацела б, што я хачу ад яе атрымліваць і чаму яшчэ хачу вучыцца.

Калі падумаць, цяпер я абсалютна іншы чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG