Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нас людзі судзяцца за бясьпеку на АЭС, — кіраўнік Інстытуту міжнародных стасункаў Японіі


Інспэктары японскага агенцтва, якое займаецца рэгуляваньнем ядзерных аб'ектаў, правяраюць цыстэрны зь небясьпечнымі рэчывамі. 23 жніўня 2013 году.
Інспэктары японскага агенцтва, якое займаецца рэгуляваньнем ядзерных аб'ектаў, правяраюць цыстэрны зь небясьпечнымі рэчывамі. 23 жніўня 2013 году.

Ці будзе ў Беларусі японскі індустрыяльны парк? Ці здолеюць урэшце дамовіцца Трамп і Кім Чэн Ын? Што скажа Пуцін прэм’еру Японіі пра спрэчныя выспы? Якія высновы японцы зрабілі з аварыі на АЭС у Фукусіме?

Падчас міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы Globsec2018 у Браціславе кіраўнік Інстытуту міжнародных стасункаў Японіі Коіці Аі адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Як раззброіць Паўночную Карэю

— Як зьмянілася сытуацыя зь бясьпекай вакол Карэйскай паўвыспы ад таго часу, што Дональд Трамп заступіў на пасаду прэзыдэнта ЗША?

Коіці Аі — выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Інстытуту міжнародных стасункаў Японіі.
Коіці Аі — выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Інстытуту міжнародных стасункаў Японіі.

— Я ня думаю, што прыход прэзыдэнта Трампа быў асноўным фактарам для гэтай сытуацыі. Зьмены адбываліся і пры адміністрацыі Абамы. І ў Японіі было разуменьне — нам трэба рыхтавацца да таго, што Паўночная Карэя створыць ядзерную зброю.

Але прэзыдэнт Трамп даў яснае пасланьне, што ён будзе вырашаць гэтую праблему. Пры мінулых адміністрацыях ЗША такога падыходу не было. Мне здаецца, што гэтае пасланьне, разам з санкцыямі супраць Паўночнай Карэі, спрацавала. Гэта пераканала Паўночную Карэю, што трэба весьці перамовы са Злучанымі Штатамі. У выніку падзеі пайшлі даволі нечакана, што прывяло да заплянаванай на 12 чэрвеня сустрэчы на найвышэйшым узроўні.

— А вы думаеце, што гэтая сустрэча адбудзецца, яе не скасуюць?

— Эээ... [сьмяецца]. Нягледзячы на іх заявы, я ўсё ж думаю што паўночнакарэйскае кіраўніцтва зацікаўленае ў сустрэчы з прэзыдэнтам Трампам.

[24 траўня прэзыдэнт Трамп скасаваў саміт з Кім Чэн Ынам. У адказ прадстаўнікі КНДР заявілі, што ўсё роўна гатовыя да перамоваў «дзе заўгодна і калі заўгодна», паведамляе Reuters].

Мяне непакоіць, што тут зашмат чаканьняў з абодвух бакоў, а таксама ад іншых зацікаўленых бакоў у рэгіёне. Таму калі першая сустрэча ня дасьць выніку, які назіральнікі палічаць значным, могуць быць расчараваньні. Я за тое, каб быць асьцярожнымі ў чаканьнях. Будзе вялікая спакуса, асабліва з боку ЗША, пайсьці на кампраміс, пра які потым могуць пашкадаваць.

Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын (зьлева) разглядае боегалоўку балістычнай ракеты, 15 сакавіка 2016 году
Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын (зьлева) разглядае боегалоўку балістычнай ракеты, 15 сакавіка 2016 году

Калі прыгадаць сытуацыю з іранскай ядзернай праграмай, дык там былі гады перамоваў, а Іран у той час ня меў ядзернай зброі. Яны мелі здольнасьць стварыць ядзерную зброю, але гэта было своечасова спынена.

У выпадку Паўночнай Карэі трэба сыходзіць з таго, што яны ўжо маюць зброю. Таму стаўкі значна вышэйшыя, і будзе яшчэ цяжэй пераканаць Паўночную Карэю адмовіцца ад гэтай зброі. Мне здаецца, што ў любым выпадку спатрэбіцца не адна сустрэча, а сэрыя сустрэчаў на розных узроўнях перш чым атрымаецца прыйсьці да нейкага пагадненьня.

Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан (справа)
Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан (справа)

— Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан ў канцы красавіка заявіў, што Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць для ядзернага раззбраеньня Паўночнай Карэі «лібійскую мадэль». Як вы ацэньваеце гэтую заяву?

— «Лібійская мадэль» можа значыць розныя рэчы. Для мяне гэтая заява не была вялікай праблемай, бо мы ўжо мелі досьвед дачыненьняў з Паўночнай Карэяй, калі яны заяўлялі, што гатовыя да ядзернага раззбраеньня, але гэтага не адбывалася. Таму перш чым расслабляцца, нам бы хацелася пабачыць адчувальныя вынікі. Японіі, як зацікаўленаму боку, хацелася б пабачыць канкрэтныя крокі з боку Паўночнай Карэі , перш чым вяртаць свой давер. Трэба весьці працэс ядзернага раззбраеньня такім чынам, каб гэты працэс быў незваротны і яго можна было пракантраляваць.

— Але ці не гучаць словы пра «лібійскую мадэль» занадта пагрозьліва для кіраўніцтва Паўночнай Карэі і асабіста для Кім Чэн Ына?

— Вы маеце на ўвазе лёс Кадафі? [сьмяецца] Так, рэтраспэктыўна зразумела, што гэта так.

Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце лідэраў краін Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Віетнаме. 10 лістапада 2017 году
Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце лідэраў краін Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Віетнаме. 10 лістапада 2017 году

Спрэчка пра выспы

— 26 траўня прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ мае сустракацца ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Ці будуць яны абмяркоўваць пытаньне спрэчных тэрыторыяў, і ці ёсьць нейкія зьмены ў гэтым пытаньні за апошнія гады?

— Я думаю, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца. Невядома, якая будзе рэакцыя прэзыдэнта Пуціна. Гэта першая такая сустрэча пасьля нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Я не экспэрт у расейскай палітыцы, але мне здаецца, што пасьля пераабраньня прэзыдэнт Пуцін крыху ў іншай пазыцыі, і гэта можа паўплываць на ягоныя падыходы. Аднак я ня маю тут вялікага аптымізму.

У гэтым пытаньні і Расея (а да яе Савецкі Саюз), і Японія заўсёды выкарыстоўвалі юрыдычныя аргумэнты. І пазыцыі абодвух бакоў ў гэтым сэнсе вельмі жорсткія. Апошнім часам ёсьць крыху гатоўнасьці пашырыць абсяг перамоваў. Гаворка пра супольныя эканамічныя праекты на гэтых тэрыторыях. Аднак для канчатковага юрыдычнага рашэньня з абодвух бакоў давядзецца падключыць творчае мысьленьне.

Электронны экран з каціроўкамі біржы ў Токіё, 6 лютага 2018 году
Электронны экран з каціроўкамі біржы ў Токіё, 6 лютага 2018 году

Чаму запаволіўся «японскі цуд»

— У 1980-я гады было адчуваньне, што Японія хутка зробіцца галоўнай эканомікай сьвету. Але цяпер у Беларусі ёсьць кітайскі індустрыяльны парк, аднак няма японскага. Чаму не адбылося японскай эканамічнай экспансіі ў такіх маштабах, як кітайская? Гэта пытаньне насельніцтва ці ёсьць іншыя фактары?

— Мне здаецца, што мы сьвядома пазьбягалі экспансіянізму ў любых формах. На гэта паўплываў наш гістарычны досьвед. Апошні раз калі мы былі экспансіяністамі, гэта ня надта добра скончылася, праўда? [сьмяецца]

Што тычыцца эканомікі, дык у 1990-я лопнула бурбалка з цэнамі нерухомасьці і акцый. І хоць мы захавалі моцную прамысловасьць, мы ня здолелі гэтым скарыстацца ў 1990-я і на пачатку 2000-х гадоў. Нашая эканоміка не паказала таго, на што мы спадзяваліся, а тым часам Кітай меў драматычны эканамічны рост.

— Але ці ёсьць шанец, што ў Беларусі ўсё ж зьявіцца японскі індустрыяльны парк — магчыма праз 10 гадоў?

— Думаю, што галоўнае пытаньне — як мы здолеем правесьці рэструктурызацыю прамысловасьці, каб новыя, інавацыйныя тэхналёгіі прывялі да росту нашай эканомікі. Пакуль што гэтага не адбываецца. Аднак дэрэгуляцыя і іншыя ініцыятывы цяперашняга ўраду патроху дапамагаюць прыстасавацца да сучасных рэалій.

Магчыма тады будзе больш прысутнасьці японскай эканомікі і ў Беларусі. Але я ня думаю, што мы спрабуем зь некім спаборнічаць. Ня думаю, што гэта ў нашых інтарэсах.

Японская дзяўчынка ў каранціне, дзе пасьля аварыі на АЭС у Фукусіме трымалі людзей, якія мелі выкокі ўзровень радыяцыі, глядзіць праз шыбу на свайго сабаку. 14 сакавіка 2011 году
Японская дзяўчынка ў каранціне, дзе пасьля аварыі на АЭС у Фукусіме трымалі людзей, якія мелі выкокі ўзровень радыяцыі, глядзіць праз шыбу на свайго сабаку. 14 сакавіка 2011 году

​Чарнобыль і Фукусіма

— Беларусь прыняла на сябе вялікую частку наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Японія перажыла ня толькі ядзерныя выбухі ў Хірасіме і Нагасакі, але і аварыю на АЭС у Фукусіме. Якія высновы з гэтых аварыяў варта зрабіць?

— Галоўны ўрок — што мы павінны быць сьціплымі, калі маем справу з тэхналёгіямі, якія могуць прывесьці да такіх катастрафічных наступстваў. Мне здаецца, што ў нашай сыстэме дзеяньняў ёсьць элемэнты саманадзейнасьці і неапраўданага даверу.

Японіі трэба ядзерная энэргетыка, інакш нам давядзецца радыкальна скарачаць спажываньне энэргіі. Але пасьля досьведу Фукусімы нам трэба быць надзвычай асьцярожнымі наконт захадаў бясьпекі, каб такая трагедыя не паўтарылася.

Былі судовыя працэсы, калі людзі ставілі пад пытаньне стандарты бясьпекі на новых аб’ектах.

Пасьля Фукусімы людзі больш думаюць пра захады бясьпекі. Былі судовыя працэсы, калі людзі ставілі пад пытаньне стандарты бясьпекі на новых аб’ектах. Да прыкладу, калі энэргетычная кампанія хацела аднавіць працу ядзернай электрастанцыі і прасіла на гэта дазволу мясцовых уладаў, жыхары гэтага рэгіёну падалі ў суд. Адбылася дыскусія праз судовую сыстэму пра тое, ці адпавядаюць новым крытэрам бясьпекі тыя стандарты, якія прапанавала гэтая кампанія. І такога кшталту ціск з боку грамадзтва падштурхоўвае ўрад і энэргетычныя кампаніі да вышэйшых стандартаў.

Коіці Аі — выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Інстытуту міжнародных стасункаў Японіі. Ад 1989 працаваў у Міністэрстве замежных спраў Японіі. Быў дыпляматам ў Вашынгтоне, Атаве, Джакарце і Нью-Ёрку. У МЗС Японіі займаў пасады дырэктара па палітычным плянаваньні і па міжнароднай эканоміцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG