Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кананізацыя Сталіна: У імя айца і сына і сьвятога чорта


Гадоў каля дваццаці таму ў Расеі кананізавалі цара Мікалая ІІ, якога датуль называлі «крывавым». Сёньня можна сустрэць праваслаўнага харугваносца з ордэнам Леніна ў несьмяротным палку. Галоўнай фігурай сваёй гісторыі расейскі народ, нібыта, назваў Сталіна, і ўжо ніхто не зьдзіўляецца прапановам аб'явіць сьвятым наступнага «крывавага». Хто далей? Д’ябал? Яшчэ далей толькі марсіяне.

Міністар унутраных справаў РБ Шуневіч душою ўвесь у гэтых фантасмагарычных працэсах, тым больш фантасмагарычных, што целам ён — у незалежнай краіне Беларусі. Гэта ён вывеў на вуліцы «супрацоўнікаў у цывільным» і тым самым дэ факта легалізаваў дзяржаўны бандытызм. Гэта ён носіць форму сталінскага НКВД. Гэта пры ім колькасьць нічым не матываваных нападаў міліцыі на грамадзян вырасла ў разы (тым самым — рапартуе: зьменшылася колькасьць злачынстваў!). Гэта яго так моцна хвалююць (што б вы падумалі?) вясёлкавыя сьцягі на заходніх пасольствах.

Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску
Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску

«Мы мяркуем, па-першае, што не рэагаваць на падобнага кшталту падзеі мы ня маем ніякага права. Гэта ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства… Я называю гэта прапагандай таго вобразу жыцьця, які нам непрымальны… і вялікіх імунітэтаў, на жаль, апроч нашай гісторыі і рэлігіі, няма».

Ігар Шуневіч у форме НКВД
Ігар Шуневіч у форме НКВД

«Вобраз жыцьця непрымальны» каму? — Шуневічу, міліцыі, народу? Мне, напрыклад, непрымальна, каб чыноўнік, пастаўлены іншым чыноўнікам бяз згоды народа, выказваўся ад імя гэтага народа. Ні на хвіліну не сумняваюся, што гэты аматар НКВД можа займаць пасаду міністра толькі пры Лукашэнку, а не пры Беларусі ці беларускім народзе ці нават пры нейкім іншым Лукашэнку. Чыноўнік, абавязак якога забясьпечваць парадак, ня мусіць рэагаваць на сьцяг на пасольстве Вялікабрытаніі ўжо хоць бы таму, што сьцяг гэты грамадзкага парадку не парушае. Сытуацыю ратуе тое, што ў чыноўніка кароткія рукі. Быў бы сьцяг у руках грамадзяніна РБ — капцы таму грамадзяніну. Замучаюць і пры тым ніколі не прызнаюць за што. Маўляў, «лаяўся матам».

«Наша гісторыя» для Шуневіча — гэта сталінскі НКВД. Але Беларусь не Расея. Тут адносіны да незаконных рэпрэсіяў сталінскіх часоў іншыя, яны ня могуць трактавацца і не трактуюцца людзьмі як «свае», а далей — як нешта пазытыўнае і тое, што «можам паўтарыць». Ні ў адным апытаньні беларусаў Сталін не займаў і ня можа займаць першае месца, колькі б ні стараўся на нашай зямлі рускі тэлевізар.

З «нашай рэлігіяй» яшчэ больш складана. Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, ня монаканфэсійная краіна, дзе царква зраслася зь дзяржавай, то бок адбыўся, як кажуць злапыхацелі, «союз воров с попами». Беларусь шматканфэсійная. Прычым рэальна актыўныя ў веры пратэстанты і католікі пераважваюць праваслаўных, якія зазвычай выконваюць нейкія каляндарныя дзеяньні, таму што так робяць усе або таму, што так паказвае рускі тэлевізар.

Што гэта значыць? Што кананізацыя чорта, калі да гэтага дойдзе ў Маскве, ніколі ня будзе прынятая людзьмі ў Беларусі. І пасяліць гэтага чорта ў душах людзей будзе ня менш складана, чым Шуневічу дацягнуцца да вясёлкавага сьцягу на брытанскім пасольстве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG