Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом для Марадоны: дзе ў Берасьці можа жыць аргентынскі футбаліст


Дыега Марадона можа пераехаць у Беларусь ужо гэтым летам: для новага старшыні праўленьня футбольнага клюбу «Дынама-Берасьце» шукаюць жытло ў беларускім абласным цэнтры. Сярод магчымых варыянтаў — суседзтва з набліжанымі да Лукашэнкі бізнэсоўцамі, паведамляе «Настоящее время».

Марадона прыступіць да сваіх паўнамоцтваў пасьля заканчэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі.

Рука Бога, адрэзаныя ногі і тату зь Фідэлем: 8 фактаў пра Дыега Марадону, новага мэнэджара берасьцейскага «Дынама»

Цяпер супрацоўнікі клюбу шукаюць для яго жытло. Асобны катэдж у горадзе або ў межах 5 км ад яго і трэнажорная заля на тэрыторыі — абавязковыя ўмовы будучага жытла Марадоны.

Берасьцейскія рыэлтары ацэньваюць магчымы штомесячны кошт арэнды дома для Марадоны ў 3-4 тысячы даляраў. Гэта 6-9 месячных заробкаў звычайнага берасьцейца, улічваючы, што сярэдні заробак у горадзе складае каля 476 даляраў.

Пошук жытла для Марадоны выклікаў сапраўдны ажыятаж сярод уладальнікаў элітнай нерухомасьці.

«Нават тыя гаспадары, якія ня думалі здаваць свае дамы, гатовыя пераехаць у кватэры, у іншыя дамы, да знаёмых — толькі б здаць дом аргентынскаму футбалісту, — расказвае рыэлтар Дзьмітры Сяргееў. — Абрываюць тэлефон, узрываюць „Вайбер“, толькі каб атрымаць магчымасьць здаць дом. Для іх гэта шанец у будучыні выгадна яго прадаць».

Найбольш верагодных варыянтаў, дзе можа пасяліцца Марадона, два. Першы — прадмесьце Стымава, раён таўнхаўсаў на ўезьдзе ў Берасьце. Цана дамоў яшчэ на этапе будаўніцтва тут пачыналася ў раёне 150 тысяч даляраў.

Другі прыдатны раён для Марадоны — элітны жылы квартал на вуліцы Моладзевай. Некалькі гадоў таму яго забудавалі «малочны кароль» СНД Аляксандар Машэнскі і топ-мэнэджары бізнэсаў, якія яму належаць.

Гэты варыянт бачыцца лягічным і зь іншых прычынаў. Машэнскі ў мінулым — давераная асоба прэзыдэнта Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка апошнім часам любіць зьяўляцца ў СМІ ў кампаніі заходніх зорак.

У гэтым раёне ёсьць прыватны пірс і абгароджаны плотам пляж на беразе ракі Мухавец. Незадоўга да абвяшчэньня прызначэньня Марадоны ў Берасьце тут выставілі на продаж асобны таўнхаўс, дзе патэнцыйна ён мог бы пасяліцца ўжо ў сярэдзіне лета.

***

Дыега Марадона стаў старшынёй праўленьня берасьцейскага футбольнага клюбу «Дынама»: 16 траўня ён падпісаў трохгадовы кантракт і будзе адказваць за стратэгічнае разьвіцьцё клюбу.

Дыега Марадона
Дыега Марадона

Марадону называюць адным з найлепшых футбалістаў у гісторыі. У 1986 годзе ён стаў чэмпіёнам сьвету ў складзе зборнай Аргентыны і быў прызнаны найлепшым гульцом сьвету XX стагодзьдзя па выніках галасаваньня на сайце FIFA.

У якасьці трэнэра цягам апошніх 10 гадоў Марадона ўзначальваў зборную Аргентыны і два клюбы з Арабскіх Эміратаў — без асаблівых посьпехаў.

Ня менш вядомы ён і скандаламі. Футбаліст пападаўся на допінгу, ужываў наркотыкі, страляў па журналістах і публічна падтрымліваў антызаходнюю палітыку Фідэля Кастра і Уга Чавеса.

Раней заўзятары скідваліся на форму. 10 фактаў пра «Дынама-Берасьце», якое ўзначаліць Марадона

Берасьцейскі футбольны клюб заснаваны ў 1960 годзе. Два гады таму туды прыйшлі інвэстары з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, пасьля чаго ў «Дынама-Берасьце» зьявіліся новыя мэнэджары і гульцы, а таксама была адкрытая футбольная акадэмія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG