Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядыніча ўключылі ў склад міжнароднай прафсаюзнай дэлегацыі. Ці выпусьцяць яго зь Беларусі?


Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

Старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Беларусі Генадзь Фядыніч, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», уключаны ў склад дэлегацыі глябальнага прафсаюзу IndustriALL, якая будзе ўдзельнічаць у канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэнэве.

«Удзел Фядыніча ў канфэрэнцыі МАП мы лічым неабходным, таму просім дазволіць яму выехаць часова зь Беларусі. Мы бяромся гарантаваць ягонае вяртаньне на радзіму», — напісана ў лісьце за подпісам генэральнага сакратара IndustriALL Вальтэра Санчэса на імя Сьледчага камітэту Беларусі. Сьледчыя пакуль не агучваюць свайго рашэньня.

«Я спытаў некалькіх сьледчых, ці выпусьцяць яны мяне зь Беларусі? Адказ быў аднолькавы: «Вы ж самі ведаеце, што рашэньне будзем прымаць ня мы», — сказаў сёньня Свабодзе Генадзь Фядыніч.

Канфэрэнцыя МАП пройдзе з 28 мая па 8 чэрвеня. У ёй будзе ўдзельнічаць урадавая дэлегацыя Беларусі. Акрамя прадстаўнікоў дзяржавы, МАП запрашае і незалежныя прафсаюзы, у тым ліку і Генадзя Фядыніча. Але ён пад падпіскай аб нявыезьдзе, пакідаць Беларусь яму забаронена.

Глябальны саюз IndustriALL аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах сьвету.

Што новага ў «справе прафсаюзаў»

Генадзь Фядыніч сказаў Свабодзе, што 21 траўня разам зь Ігарам Комлікам мусіў наведаць Сьледчы камітэт для азнаямленьня са «справай прафсаюзаў». Аднак сёньня прафсаюзныя актывісты туды не пайшлі, бо іхны адвакат заняты ў іншым працэсе.

«А безь яго мы вырашылі да сьледчых не хадзіць. Тыя, праўда, просяць, каб мы пасьпяшаліся. Яны хочуць, каб мы завяршылі азнаямленьне з дакумэнтамі да 25 траўня. Мы ў адказ прапанавалі, каб яны дазволілі перазьняць матэрыялы справы. Яны сказалі, што гэта немэтазгодна», — сказаў кіраўнік прафсаюзу РЭП.

Паводле закону Фядыніч і Комлік павінны азнаёміцца са сваёй справай ня больш як за адзін месяц. А ўпершыню яны атрымалі доступ да матэрыялаў 8 траўня.

Cупольная місія Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL падчас сустрэчы ў Мінпрацы, 18 красавіка
Cупольная місія Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL падчас сустрэчы ў Мінпрацы, 18 красавіка

Абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Што важна ведаць

  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG