Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым амбасадарам Польшчы ў Беларусі стаў філёзаф і спэцыяліст па Расеі


Артур Міхальскі
Артур Міхальскі

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда зацьвердзіў Артура Міхальскага на пасадзе амбасадара Польшчы ў Беларусі.

Як паведамляе Міністэрства замежных спраў Польшчы, 17 траўня кіраўнік ведамства Яцэк Чапутовіч уручыў Міхальскаму прызначэньне.

Што вядома пра Міхальскага?

1. Філёзаф. Артуру Міхальскаму 56 гадоў. Ён філёзаф паводле адукацыі. З 1987 году працаваў у грамадзка-каталіцкім тыднёвіку «Ład». Займаўся пераважна рэгіёнам Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Пісаў пра падзеньне камунізму і дэмакратычныя працэсы.

Артур Міхальскі і Яцэк Чапутовіч
Артур Міхальскі і Яцэк Чапутовіч

2. Напісаў кнігу пра хрысьціянства ў Расеі. Кніга «На руінах таталітарызму — размовы пра адраджэньне хрысьціянства ў Расеі» стала вынікам частых паездак у СССР і размоваў з людзьмі, якія ўдзельнічалі ў палітычных пераменах.

3. Дыплямат з 28-гадовым стажам. Працу ў МЗС Міхальскі распачаў у 1990 годзе. Увесну таго ж года яго накіравалі ў польскае пасольства ў Маскву. Там ён працаваў у прэс-аддзеле амбасады, а потым на пасадзе прэс-сакратара. Валодае ангельскай і расейскай мовамі.

4. Спэцыяліст па Расеі. У 1996 годзе Артур Міхальскі вяртаецца ў Варшаву і ўзначальвае расейскі аддзел Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, аднаго з самых уплывовых польскіх think-tank. Праз год ён узначальвае расейскі аддзел у Дэпартамэнце Ўсходняй Эўропы ў МЗС.

5. Праца ў ЗША і Канадзе. У 2000 годзе Міхальскі пакідае Варшаву, каб працаваць у пасольстве Польшчы ў Вашынгтоне. Там ён, як і ў Маскве, працуе прэс-сакратаром. Праз 4 гады дыплямат вяртаецца ў Польшчу і пачынае працу ў Дэпартамэнце Амэрыкі МЗС. А ў 2006 яго ізноў накіроўваюць на працу за акіян — гэтым разам у Канаду. Там ён працуе намесьнікам польскага пасла.

6. Ордэн ад Дадона. З 2010 па 2012 год Міхальскі працаваў дырэктарам Усходняга Дэпартамэнту МЗС Польшчы. У 2012 яго прызначылі паслом Польшчы ў Кішынэве. Сваю місію ён скончыў 30 чэрвеня 2017 году. Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон узнагародзіў польскага дыплямата Ордэнам гонару.

Артур Міхальскі і прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон
Артур Міхальскі і прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон

7. Бацька траіх дзяцей. Артур Міхальскі жанаты на Эве Карноўскай-Міхальскай. У яго трое дзяцей: Аляксандра, Вэраніка і Адам.​

Папярэдні амбасадар Польшчы Конрад Паўлік завяршыў сваю працу ў Беларусі 31 студзеня. Паводле польскіх СМІ, неафіцыйнай прычынай адстаўкі Паўліка стала тое, што ён ня здолеў наладзіць стасункі з прадстаўнікамі польскай дыяспары і кіраўніцтвам тэлеканалу «Белсат».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG