Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У брытанскім парлямэнце назвалі пагрозай «брудныя грошы» з Расеі


Шкода, якую здольныя прычыніць «брудныя грошы» з Расеі зьнешняй палітыцы Злучанага Каралеўства, зводзіць на нішто выгаду ад расейскіх пагадненьняў, якія заключаюцца ў лёнданскім Сіці. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Золата Масквы: расейская карупцыя ў Вялікай Брытаніі» камітэту па міжнародных справах палаты абшчын брытанскага парлямэнту.

«Вялікай Брытаніі недаравальна заплюшчваць вочы на клептакратаў з атачэньня Ўладзіміра Пуціна і на парушальнікаў правоў чалавека, якія з дапамогай адмываньня грошай аслабляюць нашы альянсы і падрываюць веру ў нашы інстытуты», — гаворыцца ў дакумэнце.

Выкарыстаньне Лёндана ў якасьці «базы для карупцыйных актываў зьвязаных з Крамлём асобаў» цягне наступствы для нацыянальнай бясьпекі Вялікай Брытаніі, адзначаецца ў дакладзе.

Вялікая Брытанія павінна выпрацаваць адзіную стратэгію процідзеяньня расейскаму палітычнаму рэжыму, а таксама ўзмацніць інструмэнты фінансавага ціску на Ўладзіміра Пуціна і ягонае акружэньне, лічаць аўтары дакладу. Яны прапануюць, у прыватнасьці, ускладніць выпуск Расеяй сувэрэнных аблігацый, якія не зьяўляюцца аб’ектам санкцый, праз банкі, якія знаходзяцца пад абмежавальнымі мерамі.

1 траўня ў Вялікай Брытаніі была прынятая папраўка ў заканадаўства, прапанаваная Міністэрствам замежных спраў каралеўства, якая абавязвае брытанскія заморскія тэрыторыі раскрываць імёны ўладальнікаў афшорных рахункаў, у тым ліку і грамадзян Расеі.

У красавіку газэта Sunday Times паведаміла, што на афшорных рахунках у брытанскіх заморскіх тэрыторыях расейцы захоўваюць 34 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў. 1 траўня была прынятая папраўка, якая абавязвае брытанскія заморскія тэрыторыі раскрываць імёны ўладальнікаў афшорных рахункаў.

Раней прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй абяцала замарозіць усе расейскія актывы і сродкі, якія знаходзяцца ў краіне, у адказ на атручваньне ў Солсбэры былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Лёндан сьцьвярджае, што яны былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок» і, што яд быў выраблены ў Расеі. Масква гэта адмаўляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG