Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гарошкаве, на радзіме Анатоля Сыса, прайшло сьвята паэзіі


Літаратурны фэст «Агмень» імя Анатоля Сыса ладзіўся 19 траўня ў садку пад грушамі каля роднай хаты паэта ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну. Сюды прыехалі пісьменьнікі, сваякі, грамадзкія актывісты, журналісты зь Беларусі і Польшчы. Музычна літаратурнае сьвята аздобілі блюзмэн Юры Несьцярэнка й бард Зьміцер Цярэньцьеў.

Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў

— Ад сёньня зьмянілася назва нашага літаратурнага фэсту. Цяпер ён называецца «Агмень» — гэтак называўся першы зборнік вершаў Анатоля Сыса. Чаму мы так зрабілі? Мы хацелі б, каб літаратурнае сьвята пашыралася, праводзілася ня толькі на падворку хаты, у якой жыў Анатоль, пісаў вершы. Хацелася б, каб сьвята стала літаратурным фэстам на ўсёй Гомельшчыне, каб як мага больш людзей далучалася да паэзіі выбітнага земляка. Мы хацелі б таксама, каб сьвята гэтае было і ў Гомельскім унівэрсытэце імя Францішка Скарыны, які скончыў Анатоль Сыс.

Я ня бачу іншага месца і для ягонага літаратурнага музэю, як тут, у яго дома, у Гарошкаве. Тым больш, што для будучай экспазыцыі шмат чаго сабралі сёстры паэта, Тамара і Валянціна — яго рукапісы, карціны, яму прысьвечаныя. Музэй трэба будзе рабіць на грамадзкіх пачатках, абапіраючыся на добрую волю мясцовых уладаў.

Віктар Ярац, паэт, выкладчык

​— Сёньня я ўпершыню тут, на гэтым падворку, на гэтай траве, дзе бегаў Анатоль басанож і ў ботах, які ў нас тут называлі часьцей «чобатамі». Пазнаёміўся зь сёстрамі, Тамарай і Валянцінай, братам Віктарам. Паглядзеў хату, сьцены, у якіх Анатоль жыў, дыхаў, спаў, дняваў, начаваў. Як пісаў Янка Сіпакоў, «усё мы з хат». Ці адно ня ўся беларуская літаратура. Усе мы з хат, зь вёсак.

Анатоль Сыс быў ва ўнівэрсытэце маім вучнем, мы нават разам выступалі ў рабочых інтэрнатах, куды нас запрашалі на літаратурныя вечарыны. Чытаў там Анатоль свае першыя вершы — пра тое ж белае піяніна, рукі, чорныя клявішы. Ужо першыя вершы яго ўражвалі нейкай нешматслоўнасьцю, стрыманасьцю і нейкім вельмі сваім адчуваньнем гэтага сьвету, у які прыйшоў.

Яго любімымі паэтамі на той час былі Максім Багдановіч, Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў. Любіў усе, што было лепшае на той час у нашай паэзіі — у яе жывых носьбітах, а таксама тое, што засталося ў спадчыну. Любіў ён і Гарсія Лорку. Адсюль многія могуць заўважыць і супадзеньні, блізкія яму — да маці, вачэй-азёраў, родных сэрцаў. Ужо тады адчувалася, калі будзе праца, лёс складзецца літасьціва, вырасьце ён у сур’ёзную зьяву. І ён пасьпеў пра сябе заявіць, як пра зьяву надзвычай сур’ёзную, адметную, непаўторную. Ён ня спраўдзіў сябе да канца, не рэалізаваў, бо лёс адмераў яму малавата часу.

Сястра Анатоля Сыса Тамара
Сястра Анатоля Сыса Тамара

Яўген Вапа, пісьменьнік, рэдактар тыднёвіка «Ніва»

— Дзякуючы паэзіі Анатоля Сыса, крыху старэйшага за яго Алеся Разанава, мы, жывучы ў Польшчы, адчувалі, што беларуская літаратура ёсьць роўная сярод іншых эўрапейскіх літаратураў.

Зборнік вершаў «Агмень», падпісаны Анатолем, стаіць у мяне на паліцы як зь ліку сьвятых кнігаў.

Ён у мяне бываў, начаваў. І калі мы ехалі на «Басовішча», заўважыў буслоў. І сказаў: «У вас шмат буслоў, але ў Беларусі больш». Я запярэчыў: «Няпраўда». Біліся аб заклад. Анатоль давай лічыць па дарозе кожную бусьлянку. Калі прыехалі, Анатоль кажа мне: «Ты выйграў: на Беласточчыне больш буслоў».

Анатоль друкаваўся на старонках нашага тыднёвіка «Ніва». Мы прыехалі сюды з Ганнай Кандрацюк, аўтаркай кнігі «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С»., прысьвечанай Анатолю Сысу і нашым беластоцка-гарошкаўскім сувязям, нашай памяці і нашаму супольнаму палескаму сьвету.

Сяржук Сыс, паэт і зямляк Анатоля Сыса

— Тры дні таму я зайшоў Менску ў турыстычную фірму — афармляў дачку на паездку ў Баўгарыю. Жанчына з гэтай турфірмы прачытала прозьвішча й кажа: «У вас прозьвішча Сыс, а я ведаю славутага паэта Анатоля Сыса». Пытаюся: «Адкуль яго ведаеце?» Яна адказвае, што колісь была на ягоным выступе — ён і запомніўся. Цяпер ходзіць пэрыядычна ў кніжную краму, шукае яго кніжкі, але не знаходзіць.

Я паабяцаў ёй выправіць гэтую несправядлівасьць і праз два дні прынёс зборнік выбранага Анатоля. Кажу гэта да таго, што мы нават ня можам уявіць у поўнай меры, якую Анатоль пакінуў памяць пра сябе.

Яўген Рагін, літаратар

— Анатоль раскатурхаў мяне як беларуса, хоць я напалову старавер. Ён забараніў мне вершы пісаць па-расейску. Дапёк, што называецца. І правільна. Я пачаў задумвацца: а хто мы? Гэта былі 80-я гады. Анатоль тады ня піў і не курыў. А вочы ў яго былі: адно вока д’ябла, а другое — Ісуса Хрыста.

Георгі Ліхтаровіч, фотамастак, літаратар

— 24 сакавіка 1996 году быў мітынг каля Апэрнага тэатру, потым усе пайшлі да будынку тэлебачаньня патрабаваць наўпроставага эфіру. І тут падыходзіць да мяне малады чалавек і кажа: «Сфатаграфуй мяне». Пытаюся: «А вы хто?» Адказвае: «Я — Анатоль Сыс». Я сфатаграфаваў яго. Цяпер павялічыў здымак, надрукаваў і перадаю ў будучы музэй Анатоля Сыса ў Гарошкаве.

Выступае бард Юры Несьцярэнка
Выступае бард Юры Несьцярэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG