У Сімфэропалі праходзіць суд над 19-гадовым Сэйтасанам Асанавым, якога затрымалі напярэдадні на акцыі «Запалі агонь у сваім сэрцы» да Дня памяці ахвяраў генацыду крымскіх татар. Яго абвінавачваюць у непадпарадкаваньні законнаму распараджэньню супрацоўніка паліцыі. Усяго былі затрыманыя 20 чалавек, сярод іх — як найменей двое непаўналетніх.
18 траўня — Дзень памяці ахвяраў генацыду крымскататарскага народу. Кожны год у гэты дзень успамінаюць трагічныя падзеі 1944 году, калі карэнны народ выслалі за межы паўвострава ў Сярэднюю Азію. 18 траўня 1944 году з Крыма адправілі першы эшалён крымскіх татар. Усяго дэпартавалі больш за 200 тысяч чалавек.
У Белагорску 18 траўня адбыўся жалобны сход крымчан:
Ва Украіне дэпартацыю крымскататарскага народу прызналі генацыдам.
А 12 гадзін па мясцовым часе ва Ўкраіне прайшла хвіліна маўчаньня.
«Мы ніколі не забудзем цынічнага злачынства савецкага рэжыму, злачынства супраць народу, супраць усяго чалавецтва», — напісаў у сваім фэйсбуку прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Паводле яго, «сучасныя злачынцы панясуць пакараньне за акупацыю Крымскага паўвострава і ўкраінскі Крым зноў стане свабодным».
У міністэрстве замежных справаў Украіны заклікалі міжнародную супольнасьць працягваць ціск на Расею, «каб пазьбегнуць паўтарэньня трагедыі 1944 году, неадкладна спыніць парушэньні асноўных правоў чалавека ў Крыме»:
«Толькі задумайцеся, жыцьцё 191 тысячы людзей зламала жорсткая савецкая сыстэма», — напісаў у твітэры ўкраінскі прэм’ер Уладзімір Гройсман.