Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна апублікавала невядомыя дакумэнты пра Крым 1940-2015 гадоў


Інстытут гісторыі Ўкраіны апублікаваў зборнік архіўных дакумэнтаў «Крым ва ўмовах сацыяльна-палітычных трансфармацыяў 1940-2015». Большая частка яго прысьвечана тэме дэпартацый так званых неляяльных народаў: ня толькі крымскіх татараў, аб гвалтоўным высяленьні якіх вядома больш за ўсё, але і немцаў, туркаў, італьянцаў, баўгараў, румынаў.

З трох тысяч старонак зборніка 700 старонак — гэта дакумэнты аб эканамічных, грамадзкіх і культурных аспэктах уваходжаньня Крыму ў склад Украіны пасьля 1954 году. Многія зь іх ніколі не публікаваліся.

Публікацыя грунтуецца на дакумэнтах архіву Службы бясьпекі Ўкраіны, былога партыйнага архіву і архіву Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Акрамя ўжо вядомых гісторыкам, у зборнік увайшлі дакумэнты, якія сталі даступнымі зусім нядаўна, у сувязі з прыняцьцем ва Ўкраіне законаў, якія дазволілі рассакрэціць архівы савецкіх сілавых структур, Міністэрства ўнутраных справаў і службы дзяржбясьпекі.

У зборніку, напрыклад, падрабязна расказана, як у 1949 годзе ў Крыме праходзіла апэрацыя «Хваля», якая датычыла дэпартацыі італьянцаў, крымскіх татараў і туркаў з рэгіёну Прычарнамор’я. Распавядае ўкладальнік зборніка, украінскі гісторык Алег Бажан:

Алег Бажан
Алег Бажан

— Чэкісцкая апэрацыя пад кодавай назвай «Хваля» праводзілася ў 1949 годзе, калі з Крымскага паўвостраву, Адэскай, Мікалаеўскай і Хэрсонскай абласьцей былі вывезены прадстаўнікі няўгодных народаў, якія вярнуліся пасьля вайны і зьбіраліся жыць у Крыме. Пасьля зачысткі 1944 году некаторым крымскім татарам, напрыклад, удалося застацца ў Крыме або яны вярнуліся сюды пасьля вайны. Іх усіх вырашылі дэпартаваць ва Ўзбэкістан. Асаблівая ўвага ў часе апэрацыі «Хваля» надавалася туркам. У СССР баяліся, што побач — Турэччына, якая арыентавалася на НАТО, таму рэпрэсіі супраць туркаў праводзіліся ня толькі ў Крыме, але і ва ўсім Прычарнамор’і. Калі казаць пра храналёгію гэтай апэрацыі, то пачаткам была пастанова Савету міністраў СССР ад 29 траўня 1949 году «Аб забесьпячэньні перавозкі, расьсяленьня і працаўладкаваньня выселеных з тэрыторый Грузінскай, Азэрбайджанскай і Армянскай ССР, а таксама ўзьбярэжжа Чорнага мора». У адпаведнасьці з гэтай пастановай з рэгіёнаў чарнаморскага ўзьбярэжжа Ўкраіны былі выселеныя туркі і іншыя прадстаўнікі так званых неляяльных народаў. Апэрацыя па высяленьні пачалася па ўказаньні міністэрства дзяржбясьпекі СССР у ноч з 5 на 6 ліпеня 1949 году. Усяго з тэрыторыі Адэскай, Мікалаеўскай, Хэрсонскай, Ізмаільскай абласьцей выселена 450 чалавек. Мы друкуем дакумэнты і даем пайменныя сьпісы выселеных, у тым ліку, дзяцей. У ліку іх іх былі, акрамя туркаў, і рускія, і грэкі. Наогул жа апэрацыя «Хваля» была часткай больш маштабнай апэрацыі па ачышчэньні ўсяго паўднёвага ўзьбярэжжа Савецкага Саюзу ад няўгодных, таму што яна па храналёгіі супадае з апэрацыяй «Поўдзень», з масавай дэпартацыяй у Малдавіі, якая праводзілася 6 і 7 ліпеня 1949 году. У чэрвені 1949 году было прынятае рашэньне аб ачыстцы чарнаморскага ўзьбярэжжа Краснадарскага краю ад нядобранадзейных элемэнтаў.

— Акрамя інфармацыі аб апэрацыі «Хваля», якія яшчэ нядаўна рассакрэчаныя дакумэнты ўвайшлі ў зборнік?

— Мы друкуем дакумэнты, якія тычацца рэакцыі насельніцтва Крыму на дэпартацыі 1944 году: пра агульную сытуацыю, пра тое, як тыя, хто баяўся высяленьня, рэагавалі на чуткі аб блізкай дэпартацыі. Напрыклад, крымскія татары з-за ўцечкі інфармацыі здагадваліся, што іх чакае ў канцы вясны і летам 1944 году. У некаторых дакумэнтах службы бясьпекі гаворыцца, што людзі праяўляюць сымпатыю і спачуваньне да тых, каго чакае дэпартацыя. Грэкі, каб пазьбегнуць высяленьня, стараліся, асабліва жанчыны, выходзіць замуж за савецкіх афіцэраў і салдатаў. (...) Гэтыя сьведчаньні даюць нам падставы сьцьвярджаць, што той нацыянальны склад Крыму, які склаўся сёньня, дзе ў працэнтных суадносінах пераважаюць рускія, — гэта вынік працяглай палітыкі сталінскага рэжыму. З-за гэтага і атрымалася так, што народы, якія пражывалі ў Крыме некалькі стагодзьдзяў, апынуліся за межамі радзімы. Гэта адбылося штучна.

— У зборніку апісана, што перасяленчую палітыку, хоць, вядома, не гвалтоўную, праводзіла і Ўкраінская ССР пасьля 1954 году, калі Крым стаў яе часткай...

— Нават раней. Адразу пасьля дэпартацыі крымскіх татараў, баўгараў, грэкаў, армянаў у траўні і чэрвені 1944 году зьявілася пастанова Савета міністраў Украінскай ССР аб перасяленьні ўкраінскага насельніцтва ў калгасы Крыму. Украінцы павінны былі папоўніць дэфіцыт працоўных рук, які ў той час узьнік у Крыме — у 50-х і 60-х гадах. Цяпер вядома, колькі чалавек, у які час, зь якіх галінаў пераяжджае ў Крым. У 70-х гадах украінцы ўжо складалі больш за 25 адсоткаў насельніцтва Крыму. Хрушчоў, перадаючы Крым Украіне, хацеў з дапамогай украінскага вопыту ператварыць Крым ва ўсесаюзную здраўніцу.

Цалкам чытаць матэрыял тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG