Лінкі ўнівэрсальнага доступу

45 гадоў таму пачаліся слуханьні ў справе Ўотэргейту: 235 гадзін жывога эфіру


17 траўня 1973 году ў Сэнаце ЗША пачаліся слуханьні ў справе ўотэргэйцкага скандалу.

51 дзень сьведкі давалі паказаньні пра тое, ці спрабавалі амэрыканскія спэцслужбы і прэзыдэнт Рычард Ніксан паўплываць на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, усталяваўшы прылады для праслухоўваньня ў штабе дэмакратаў і зьбіраючы кампрамат на палітычных канкурэнтаў.

Многія тэлеканалы ў ЗША ўпершыню трансьлявалі слуханьні ў жывым эфіры, усе 235 гадзінаў, што яны працягваліся. Перад пачаткам эфіру яны спэцыяльна абвяшчалі, што вырашылі не рэдагаваць і ня рэзаць відэа, каб глядач мог убачыць «усю гісторыю, якой бы доўгай яна ні была».

Гэты шматдзённы эфір стаў вяхой у разьвіцьці амэрыканскага тэлебачаньня. Многія экспэрты называюць яго «першым палітычным рэаліці-шоў у жывым эфіры».

Сам уотэргэйцкі скандал пачаўся за 11 месяцаў да пачатку слуханьняў, 17 чэрвеня 1972 году. Менавіта ў гэты дзень, за чатыры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джорджа Макговэрна ў гатэлі «Уотэргэйт» у Вашынгтоне былі затрыманыя пяць чалавек, у тым ліку былы супрацоўнік ЦРУ і спэцыяліст у пытаньнях бясьпекі Джэймс Макорд. Як аказалася, яны займаліся наладкай апаратуры для падслухоўваньня і фатаграфавалі ўнутраныя дакумэнты штабу дэмакратаў.

На выбарах Макговэрн павінен быў супрацьстаяць кандыдату ад Рэспубліканскай партыі Рычарду Ніксану, які ішоў на другі тэрмін. Ніксан выбары ў кастрычніку выйграў і быў абраны прэзыдэнтам яшчэ на чатыры гады.

Але гісторыя з устаноўкай прылад для праслухоўваньня ў штабе ягоных палітычных канкурэнтаў стала публічнай і прывяла да расьсьледаваньня. У выніку пяцёх затрыманых мужчын у пачатку 1973 году пачалі судзіць, абвінаваціўшы ва ўзломе і спробе рабаваньня, а таксама ва ўстаноўцы прыладаў для праслухоўваньня. А расьсьледаваньне паказала, што іх заказчыкам і «тэхнічным» арганізатарам праслухоўваньня ў штабе дэмакратаў быў яшчэ адзін былы супрацоўнік ЦРУ, кансультант Белага дому Говард Хант.

Слуханьні ў Сэнаце, якія пачаліся неўзабаве пасьля суду, павінны былі растлумачыць, ці паходзіў заказ на праслухоўваньне штабу дэмакратаў непасрэдна ад Рэспубліканскай партыі і яе кандыдата Рычарда Ніксана? І калі так — ці аддаваў Ніксан асабіста загад пра гэта.

Паказаньні давалі ў тым ліку сам Макорд і многія дарадцы Ніксана ў пытаньнях бясьпекі. Паказаньні тычыліся ня толькі праслухоўваньня дэмакратаў у гатэлі «Уотэргейт», але таксама сачэньня за супрацоўнікамі Белага Дому і нават устаноўкі прылад для праслухоўваньня непасрэдна ў прэзыдэнцкім Авальным кабінэце.

Трансьляцыя слуханьняў прыцягнула вялікую ўвагу: маніторынгавыя кампаніі лічаць, што 85% амэрыканцаў у той час паглядзелі хаця б адно пасяджэньне Сэнату ў справе Ўотэргэйту. Па выніках слуханьняў Ніксан страціў значную долю падтрымкі грамадзкасьці. І калі пазьней Кангрэс запусьціў працэдуру яго імпічмэнту, апоўдні 9 жніўня 1974 году прэзыдэнт сышоў у адстаўку. Гэта быў першы і пакуль адзіны выпадак у гісторыі ЗША.

У дачыненьні да некалькіх дарадцаў Ніксана па выніках слуханьняў была заведзеная справа аб змове і перашкодзе правасудзьдзю, яны атрымалі рэальныя тэрміны.

Памёр легендарны рэдактар, які дапамог зрынуць прэзыдэнта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG