Бэн Брэдлі, шматгадовы рэдактар The Washington Post, чыя газэта дапамагла зрынуць прэзыдэнта Рычарда Ніксана, памёр у аўторак ва ўзросьце 93 гадоў.
Брэдлі памёр у сябе дома ў Вашынгтоне. На працягу некалькіх гадоў ён цярпеў ад хваробы Альцгаймера.
Брэдлі ўзначальваў The Washington Post ад 1968 да 1991 году і стаў часткай гісторыі журналістыкі, пераўтварыўшы газэту са звычайнага штодзёньніка ў адно з самых дынамічных і аўтарытэтных выданьняў ЗША.
Брэдлі курыраваў маладых журналістаў Боба Вудварда і Карла Бэрнстайна, якія адсачылі ў 1972 узлом штаб-кватэры Дэмакратычнай партыі, што прывяло да Ўотэргэйцкага скандалу. Гэтая гісторыя вывучаецца ў школе журналістыкі і была экранізаваная Галівудам.
The Washington Post атрымала Пулітцэраўскую прэмію за асьвятленьне скандалу Ўотэргэйт, які вымусіў Ніксана ў жніўні 1974 году пад пагрозай імпічмэнту сысьці ў адстаўку.
Газэта на працягу больш як 28 месяцаў публікавала каля 400 артыкулаў пра Ўотэргэйт. Праца The Washington Post, разам з кнігай і фільмам пра яе — «Уся прэзыдэнцкая раць» — натхнілі цэлае пакаленьне журналістаў-дасьледчыкаў.
Стварэньне непрыемнасьцяў прэзыдэнтам стала каньком Брэдлі. У 1972 The Washington Post далучылася да New York Times у кампаніі публікацыяў «Дакумэнты Пэнтагону», зьвязаных з сакрэтнымі ўрадавымі рашэньнямі наконт вайны ва Віетнаме. Газэта таксама выявіла дэталі скандалу «Іран-контрас», які прынёс шмат непрыемнасьцяў Роналду Рэйгану.
Брэдлі блізка сябраваў толькі з адным прэзыдэнтам, Джонам Кенэдзі, які быў яго суседам ў раёне Джорджтаўн у Вашынгтоне, калі Брэдлі працаваў карэспандэнтам Newsweek. У 1975 годзе ён напісаў кнігу пад назвай «Гутаркі з Кенэдзі.»
Паводле Брэдлі, ён ня ведаў пра такія грашкі Кенэдзі, як, напрыклад, ягоная сувязь з Джудзіт Экснэр, на якую потым была заведзеная справа з-за яе дачыненьняў з мафіяй. Пазьней Брэдлі казаў, што калі б даведаўся, то быў бы вымушаны апублікаваць гэтую інфармацыю і, магчыма, разбурыць сяброўства з Кенэдзі.
***
Бэнджамін Краўніншылд Брэдлі нарадзіўся ў Бостане 26 жніўня 1921 году ў арыстакратычнай сям’і. Ён паступіў у Гарвард, служыў у ВМС на Ціхім акіяне падчас Другой сусьветнай вайны.
Яго кар’ера ў The Washington Post пачалася ў 1948 годзе з працы паліцэйскім рэпарцёрам. Пазьней на некаторы час ён сышоў, каб стаць прэс-аташэ ў амбасадзе ЗША ў Парыжы, затым карэспандэнтам часопісу Newsweek.
У 1965 годзе Брэдлі зноў вярнуўся ў The Washington Post, дзе спачатку працаваў шэф-рэдактарам, а ад 1968 узначаліў газэту, і на пасадзе галоўнага рэдактара прапрацаваў 23 гады.
Барак Абама ўзнагародзіў Брэдлі Прэзыдэнцкім мэдалём Свабоды, найвышэйшай грамадзянскай узнагародай.