Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам будзе складаней набыць алькаголь у Польшчы


Польскія органы самакіраваньня яшчэ да пачатку летніх канікул павінны прыняць рашэньне, абмяжоўваць ці продаж алькаголю ў начны час, паведамляе Польскае радыё.

З 9 сакавіка ў Польшчы дзейнічае абноўлены закон аб выхаваньні ў цьвярозасьці і супрацьдзеяньні алькагалізму. Ён дазваляе мясцовым уладам кантраляваць колькасьць і месца разьмяшчэньня крамаў, у якіх можна купіць алькаголь. Акрамя таго, закон дазваляе ўвесьці забарону на продаж алькаголю з 22 гадзін вечара да 6-й раніцы.

Як беларусу закупіцца ў Польшчы ў нядзелю. Нягледзячы на забарону

Ключавыя рашэньні па гэтым пытаньні будуць прынятыя мясцовымі ўладамі ў траўні і чэрвені гэтага года. Начная забарона на продаж у цяперашні час ужо дзейнічае ў Сопаце і Пётркуве-Трыбунальскім.

Некаторыя польскія гарады сваё рашэньне ставяць у залежнасьць ад таго, што кажуць іх жыхары. Улады Гданьска ў сярэдзіне траўня правядуць апытаньне, ці падтрымліваюць жыхары горада забарону на продаж алькаголю ў начны час. Жыхары Лодзі ўжо выказалі сваё меркаваньне — 68% апытаных (а гэта група з 2599 чалавек) супраць любых забаронаў.

У Варшаве чыноўнікі хацелі б мець магчымасьць уводзіць забарону кропкава, у адносінах да асобных раёнаў або аб’ектаў, аднак дэпутаты кіруючай партыі ня схільныя да такіх выключэньняў, таму што, на іх погляд, гэта магло б прывесьці да субʼектыўных рашэньняў і абмежаваньня канкурэнцыі ў пэўных частках горада.

Ужо вядома, што ня будзе ўводзіць забарону на гандаль алькаголем ноччу Беласток. Адзінае, што разглядаюць улады гораду — гэта абмежаваньне максымальнай колькасьці крамаў, якія прадаюць сьпіртовыя напоі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG