Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспарадкі ў сэктары Газа: што ўжо здарылася і што адбудзецца далей


14 мая ў Ерусаліме была афіцыйна адкрытая амбасада ЗША (раней яна знаходзілася ў Тэль-Авіве). Адразу ж, як стала вядома аб пераносе дыпляматычнага прадстаўніцтва, на палестынскіх тэрыторыях і асабліва ў сэктары Газа пачаліся пратэсты супраць гэтага рашэньня, якія перарасьлі ў беспарадкі на мяжы з Ізраілем.

Палестынскія ўлады і многія арабскія краіны настойваюць, што перанос амбасады падкрэсьлівае статус Ерусаліму як сталіцы Ізраілю. Гэта, зь іхнага гледзішча, недарэчна, бо горад ёсьць спрэчнай тэрыторыяй. 14 траўня беспарадкі ў Газе дасягнулі кульмінацыі.

Што адбылося паводле вэрсіі палестынскіх уладаў

Паводле паведамленьняў палестынскіх уладаў, амаль дзьве тысячы ўдзельнікаў пратэстаў, якія выказвалі сваю пазыцыю на мяжы сэктару Газа і Ізраілю, былі параненыя ізраільскімі вайскоўцамі, а 60 чалавек былі забітыя, у тым ліку шасьцёра непаўналетніх. Адна дзяўчынка, паводле іхных зьвестак, памерла ад сьлезацечнага газу.

Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі ад ізраільскіх уладаў або незалежных назіральнікаў на гэты момант няма, аднак палестынскія ўлады сьцьвярджаюць, што зьвярнуліся па дапамогу да міністэрства аховы здароўя Эгіпту, і параненыя будуць разьмешчаны ў эгіпецкіх шпіталях.

Палестынскія дэманстранты на мяжы з Ізраілем, 14 траўня
Палестынскія дэманстранты на мяжы з Ізраілем, 14 траўня

Што адбылося па вэрсіі Ізраілю

Ізраільскі бок выкладае іншую вэрсію падзеяў, падкрэсьліваючы, што дакладнай інфармацыі аб загінулых і параненых у сэктары Газы з незалежных крыніцаў няма.

Паводле ізраільскай вэрсіі, 14 траўня ў правакацыях на мяжы Газы сапраўды ўдзельнічалі ад 30 да 40 тысяч жыхароў сэктару. Пры гэтым, як сьцьвярджае прэсавая служба арміі абароны Ізраілю, кіраўніцтва арганізацыі Хамас, якое фактычна кантралюе сытуацыю ў Газе, паабяцала выплаціць па 100 даляраў кожнай сям’і, якая прыйдзе на працягу дня да плоту бясьпекі на мяжы сэктару для ўдзелу ў пратэстах. Асобныя выплаты былі абяцаныя параненым: 500 долараў — цяжка параненым, 200 даляраў — параненым у стане сярэдняй ступені цяжкасьці.

Прадстаўнікі ізраільскай арміі таксама распавялі, што пад прыкрыцьцём пратэстаў і падпаленых шынаў тры групы баявікоў паспрабавалі прарвацца з палестынскай тэрыторыі на тэрыторыю кантрольна-прапускнога пункта «Кэрэм Шалом» на мяжы сэктару Газы і Ізраілю. Вайскоўцы заявілі, што былі вымушаныя адказаць кулямётным і снайпэрскім агнём і апублікавалі відэа з камэраў назіраньня на КПП.

Прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу назваў дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў апраўданымі:

«Тэрарыстычная арганізацыя Хамас заяўляе, што яна мае намер зьнішчыць Ізраіль, і накіроўвае тысячы людзей, каб прарвацца праз плот на мяжы менавіта з гэтай мэтай, — напісаў ізраільскі прэмʼер на сваёй старонцы ў Twitter. — Мы будзем працягваць дзейнічаць рашуча, каб абараніць наш сувэрэнітэт і нашых грамадзянаў. Кожная краіна абавязана абараняць свае межы».

Кіраўнік Палестыны Махмуд Абас абвясьціў трохдзённую жалобу па загінулых, а Вышэйшая назіральная камісія ізраільскіх арабаў абвясьціла аб правядзеньні ў сераду, 16 траўня, усеагульнага страйку ў арабскім сэктары Ізраілю. Будуць зачыненыя школы, а таксама гандлёвыя і іншыя ўстановы, а ўвечары ў аўторак у Галілеі, у Вадзі Ара і Нэгеве плянуюцца дэманстрацыі.

Рада бясьпекі ААН увечары ў аўторак правядзе экстраннае пасяджэньне. На ім будзе пастаўленае пытаньне аб тым, што арабскія краіны называюць «шэсьцем палестынцаў у Газе» і «разьні» на мяжы Газы і Ізраілю.

Абас са свайго боку паабяцаў: «Наш народ ня спыніцца ў мірнай барацьбе, і мы працягнем яе аж да стварэньня нашай незалежнай дзяржавы».

Палестынскія ўлады ўжо падтрымала Турэччына.

Што пішуць міжнародныя мэдыя

Прапануем вам падборку публікацыяў міжнароднага друку пра сутыкненьні на мяжы сэктару Газы і Ізраілю (скарыстаныя пераклады парталу Inopressa)

The Times, Вялікабрытанія

Магчыма, прэзыдэнт Трамп думаў, што ў яго ёсьць новы падыход да прымірэньня ізраільцянаў і палестынцаў, аднак учорашнія падзеі выглядалі надзвычай падобнымі на вынікі намаганьняў папярэдніх амэрыканскіх адміністрацыяў.

Відаць, Трамп спадзяваўся, што, адкрыта выступіўшы на баку Ізраілю, ён зможа зьмяніць правілы. Замест таго, каб быць пасярэднікам, ён уступіў у гушчу падзеяў і ўзяў на сябе ролю арганізатара зьдзелкі, асабіста залучанага ў тое, што адбываецца. І ён не лічыў праблемай тое, што так ён мог выклікаць хаос: менавіта хаос прывёў Паўночную Карэю за стол перамоваў, дык чаму гэта не павінна было спрацаваць з палестынцамі?

Neue Zürcher Zeitung, Швэйцарыя

Перанос амэрыканскай амбасады ў Ерусалім чакана прывёў да крывавых пратэстаў, якія паказалі, што палітыка Трампа ў дачыненьні да Палестыны нясе ў сабе велізарныя рызыкі. У Ізраілі шмат хто кажа, што людзі ў сэктары Газы сталі ахвярамі хлусьлівай прапаганды Хамасу, што ніхто не павінен быў прымаць удзел у штурме пагранічных збудаваньняў, што кожны вінаваты сам, і што ў кожнай краіны ёсьць права, нават абавязак, абараняць свае межы. Гэта дакладна. Аднак гэта маскіруе тое, што людзьмі рухае абсалютны адчай, а ў ізраільцянаў былі і іншыя магчымасьці абароны. Абсурдна думаць, што высокатэхналягічны Ізраіль, які «можа ўсё» і нават крадзе ў іранцаў з-пад носу іх атамны архіў, ня быў у стане выкарыстоўваць альтэрнатыўныя спосабы стрымліваньня.

The New York Times, ЗША

Гвалт выклікаў папрокі на міжнародным узроўні, Турэччына адклікала амбасадараў з Ізраілю і ЗША, Паўднёваафрыканская Рэспубліка — з Ізраілю, Францыя заклікала Ізраіль да стрыманасьці.

Ашаламляльна кантрастныя кадры панядзелка — бездакорна апранутыя ізраільцяне і амэрыканцы радасна пляскаюць у ладкі ў новай амбасады ў Ерусаліме, у той час як ізраільскія салдаты страляюць і пускаюць сьлезацечны газ у натоўп палестынскіх пратэстоўцаў у Газе — адлюстроўваюць складанасьць задачы дарадцаў Трампа.

Джарэд Кушнэр, зяць Трамп і яго старэйшы дарадца, якому ён даверыў пакласьці канец блізкаўсходняму канфлікту, у панядзелак заявіў, што перанос амбасады зьяўляецца не адмовай ад мірнага працэсу, а перадумовай для яго.

Па словах Аарона Дэвіда Мілера, віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага навуковага цэнтра імя Вудра Вільсана па Блізкім Усходзе, калі раней дасягненьне мірнага пагадненьня на Блізкім Усходзе бачылася «невыканальнай місіяй», то ў панядзелак гэта стала «гіпэрневыканальнай місіяй». Замест таго, каб зьняць Ерусалім з парадку дня, яны зрабілі яго парадкам дня.

Прыхільнікі адміністрацыі, аднак, сьцьвярджаюць, што перанос амбасады і прызнаньне Ерусаліму сталіцай Ізраілю можа станоўча паўплываць на пэрспэктывы міру, прымусіўшы палестынцаў вярнуцца за стол перамоваў.

На думку старэйшага навуковага супрацоўніка Heritage Foundation, экспэрта па Блізкім Усходзе Джыма Філіпса адкрыцьцё амбасады ЗША ў Ерусаліме «можа мець станоўчы эфэкт у доўгатэрміновай пэрспэктыве, калі ён заахвоціць палестынцаў і іншых арабскіх лідэраў прызнаць, што, чым даўжэй яны цягнуць з прызнаньнем існаваньня Ізраілю і падпісаньнем мірнай дамовы, тым на меншую выгаду ад такой дамовы яны могуць разьлічваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG