Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія мэдыкі заявілі пра эпідэмію адру ў краіне. А што ў Беларусі?


Брытанскія мэдыкі папярэджваюць пра эпідэмію адру і просяць жыхароў краіны прайсьці вакцынацыю.

«Паводле дадзеных на 9 траўня, з пачатку году ў Брытаніі выяўленыя 440 выпадкаў захворваньня на адзёр, у тым ліку ў Лёндане — 164, на паўднёвым усходзе Англіі — 86, у цэнтральнай частцы — 78, на паўднёвым захадзе 42 і 37 выпадкаў у Заходнім Ёркшыры... За ўвесь мінулы год у краіне былі зафіксаваныя 267 выпадкаў», — гаворыцца ў заяве Упраўленьня аховы здароўя Англіі, апублікаванай 11 траўня.

Мэдыкі тлумачаць рост колькасьці захворваньняў успышкай адру ў Эўропе, у прыватнасьці, у Румыніі і Італіі, а таксама нагадваюць, што адзёр зьяўляецца інфэкцыйным захворваньнем, якое мае сур’ёзныя для арганізма наступствы. У некаторых выпадках адзёр можа прыводзіць да сьмерці.

У Беларусі ў 2018 годзе было зафіксавана больш за 40 выпадкаў захворваньня на адзёр

У Беларусі ў гэтым годзе было зафіксавана больш за 40 выпадкаў захворваньня на адзёр — у Берасьцейскай, Гомельскай і Горадзенскай абласьцях. Апошнія тры выпадкі былі зафіксаваныя ў канцы красавіка ў Маларыцкім раёне, а таксама ў Менску (захварэла малое дзіця, якое пабывала ў Эгіпце).

Першай захварэла сёлета ў лютым 5-гадовая дзяўчынка з Ваўкавыску. Крыніцу інфэкцыі ня выявілі. На Гомельшчыну вірус трапіў праз жыхара Жлобіна, які вярнуўся з адпачынку ў Адэсе (ва Ўкраіне фіксавалі ўспышку адру).

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Натальля Жукава, аднак, заявіла, што эпідэмія адру не пагражае Беларусі, баяцца гэтага жыхарам рэспублікі ня варта.

Летась у Беларусі зафіксавалі адзін выпадак захворваньня на адзёр. У 2016–2017 гадах 98% дзяцей мелі прышчэпкі ад адру (іх робяць у веку ад 1 да 6 гадоў).

Напачатку адзёр праяўляецца як звычайная вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя. Сярод сымптомаў — высокая тэмпэратура, высыпка, боль у горле, кашаль, запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй. Лекарам варта паведамляць, калі хворы быў за мяжой. Сярод краінаў, дзе цяпер можна заразіцца адром, — Украіна, Італія, Румынія, Сэрбія, Вялікая Брытанія, Грэцыя, Нямеччына, Латвія, Польшча, Францыя і Швэцыя.

Больш за палову тых, хто ў Эўропе летась хварэў на адзёр, — людзі ў веку да 20 гадоў, больш як 80% зь іх ня мелі прышчэпак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG