Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Успышка адру ва Ўкраіне, эпідэмію пакуль не абвяшчаюць. У Беларусі ўсё спакойна


Ва Ўкраіне за першыя два тыдні студзеня на адзёр у розных рэгіёнах краіны захварэлі 1285 чалавек, у тым ліку 856 дзяцей. У Адэскай вобласьці адно дзіця памерла.

Ад жніўня 2017 году працуе апэратыўны штаб Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны па рэагаваньні на сытуацыю. Адбываецца ўзмоцненая вакцынацыя, якой удалося ахапіць 65,5% дзяцей.

«Эпідэміі няма, ёсьць успышкі. Але важна ня тое, эпідэмія гэта ці ўспышка, а тое, што хварэюць людзі. У цывілізаванай краіне людзі ад адру паміраць не павінны. Адзіны дзейсны спосаб абароны ад адру — вакцынацыя. Сёньня самае галоўнае — зрабіць прышчэпкі, прапушчаныя па календары. Вакцыны не забіваюць людзей, адзёр забівае», — сказала выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Ульляна Супрун.

Украіна: ад адру прышчэплена 50% насельніцтва

Летась ва Ўкраіне на адзёр захварэлі 4782 асобы, зь іх шэсьць выпадкаў былі сьмяротнымі — усе яны здарыліся ў Адэскай вобласьці.

Спэцыялісты мяркуюць, што галоўнай прычынай успышкі адру ёсьць нізкі ўзровень ахопу прышчэпкамі на працягу апошніх гадоў. У 2016-м вакцынацыю прайшлі менш за палову ўкраінскіх дзяцей.

«Успышка не была нечаканай. Увесь 2017 год праводзілася ўзмоцненая праца ў вакцынацыі, бо сытуацыя была амаль катастрафічнай. Летась практычна ўдвая павялічылася колькасьць прышчэпленых дзяцей, але гэтага яшчэ недастаткова, каб абараніць усё грамадзтва ад інфэкцыйных хваробаў. Трэба вырашаць пытаньне з дарослымі. У нас ёсьць групы рызыкі — мэдыкі і пэдагогі», — кажа старшыня Нацыянальнага камітэту вэрыфікацыі і элімінацыі адру і краснухі Ірына Калесьнікава.

У той жа час большасьць украінскіх экспэртаў сьцьвярджаюць, што распаўсюджаная статыстыка Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны не адпавядае рэальнай сытуацыі з маштабамі захворваньня на адзёр.

«Мы трапілі ў тую катэгорыю краін, дзе прышчэпленая ўсяго палова людзей, але галоўнае — у нас вялікія праблемы са статыстыкай. Гэта проста драматычная сытуацыя. Палова грамадзян прышчэпленыя толькі на паперы. Нават сёньня, ва ўмовах успышкі адру, няма дакладнай інфармацыі, вялікая колькасьць выпадкаў у статыстыку не трапляе. Часам проста ня вызначаюць адпаведны дыягназ, а замест адру ставяць алергію ці краснуху. Найбольш страшна, што мы ня маем дакладных зьвестак пра сьмяротнасьць, бо хворы на адзёр можа памерці, напрыклад, ад пнэўманіі або мэнінгаэнцэфаліту. І такія выпадкі паўсюль. Рэальна мы ведаем пра 6 сьмерцяў ва Ўкраіне ад адру, але да Міністэрства аховы здароўя дайшлі толькі два выпадкі», — кажа вядомы дзіцячы доктар Яўген Камароўскі.

Паводле яго, цяпер праблемы з распаўсюдам адру датычаць усіх рэгіёнаў краіны, а ня толькі Кіева, Адэсы ці Івана-Франкоўскай вобласьці, дзе адзначаецца ўспышка захворваньня. «Праблемы паўсюль, трэба вакцынавацца ня толькі дзецям, а і дарослым. Вакцыны ёсьць, яны ў вольным доступе», — пераконвае лекар.

Яўген Камароўскі папярэджвае, што наступнай праблемай для грамадзкага здароўя можа стаць дыфтэрыя.

«А дыфтэрыя — не адзёр. Пры дыфтэрыі без вакцынацыі памірае 50% хворых. Але нават пры ўмове вакцынацыі статыстыка сьмерцяў ад гэтага захворваньня нават у найлепшых клініках сьвету дасягае 10-20%. То бок памірае кожны дзясяты, хто захварэў. А вось якраз з сывараткай супраць дыфтэрыі ў нас вялікая праблема», — падсумоўвае ён.

Беларусь: прышчэплена 98% насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 98% жыхароў прышчэпленыя ад адру. Такую інфармацыю распаўсюдзіла ведамства пасьля паведамленьняў пра ўспышку хваробы ў некаторых краінах.

Для Беларусі ўспышкі адру не зьяўляюцца праблемай, запэўніваюць у ведамстве. Афіцыйна адзёр у краіне пераможаны. У 2016 году Беларусь атрымала сэртыфікаты Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя па дакумэнтальна засьведчанай элімінацыі (зьнікненьні выпадкаў захворваньня) адру і краснухі.

Як паведамілі Свабодзе ў Рэспубліканскай лябараторыі дыягностыкі адру на базе лябараторыі імунапрафіляктыкі РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, апошнія 30 гадоў беларускіх дзяцей прышчапляюць двухразова — у 12 месяцаў і ў 6 гадоў. Гэтага дастаткова для стварэньня пажыцьцёвага імунітэту.

Эфэкт праілюстраваны такой статыстыкай: да ўвядзеньня абавязковай вакцынацыі ў Беларусі штогод хварэлі на адзёр 50-80 тысяч чалавек. З пачаткам яе прымяненьня колькасьць выпадкаў зьнізілася на парадак. У апошняе дзесяцігодзьдзе рэгістраваліся адзінкавыя выпадкі, завезеныя з Украіны, Нямеччыны, Італіі, Расеі, Армэніі, Тайлянду, Індыі.

Выключэньнем сталі 2006 і 2016 гады, калі па выніках кожнага колькасьць хворых перавысіла 100 чалавек. Гэта было зьвязана найперш з завозам «украінскага» вірусу, успышка якога раз-пораз ахоплівае значныя тэрыторыі Ўкраіны.

У асобныя гады — напрыклад, цягам 2008/2009 — адзёр у Беларусі не рэгістраваўся наогул. За 2017-ы зафіксаваныя два выпадкі выяўленьня хваробы, таксама завезеныя.

Успышкі адру характэрныя ня толькі для Ўкраіны. Ад пачатку 2016 году ў дзяржавах Эўразьвязу зарэгістравана амаль 15 тысяч выпадкаў захворваньня на адзёр. Мацней за ўсё хвароба «разгулялася» ў Румыніі і Італіі. Спэцыялісты тлумачаць гэта найперш адмовай ад вакцынацыі — некалькі гадоў таму адзёр прызналі пераможаным, прышчэпкі ад яго спынілі. Цяпер зноў заяўлена пра аднаўленьне вакцынацыі.

Адзёр — адна з самых заразных вірусных інфэкцый. Перадача ідзе ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Сымптомамі зьяўляюцца высокая тэмпэратура, кашаль, сып і каньюнктывіт. Найбольш небясьпечны адзёр для дзяцей — у іх найбольш высокі шанец памерці. Адзіны спосаб абароны ў гэтым выпадку — вакцынацыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG