Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Баскін: Чытаньне слоўніка вяртае мяне ў дзяцінства


Марат Баскін
Марат Баскін

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік зь Нью-Ёрку Марат Баскін.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Чытаю двухтомнiк Стывэна Найфi і Грэгары Уайт-Сьмiта «Ван Гог. Жыцьцё»; «Эрнэст Гэмiнгуэй. Другi бок сьвята» Мэры Дыбарн; «Чэрчыл. Бiяграфiя» Мартына Гiлбэрта. I «Японскiя казкi».

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Цудоўную на мой погляд кнiгу амэрыканскага крытыка i лiтаратуразнаўцы Гаралда Блума «Заходні канон». Ён вельмi цiкава разважае пра залежнасьць вялiкiх твораў сусьветнай лiтаратуры. І вызначае пiсьменьнiкаў i кнiгi, якiя ўвайшлі ў літаратурны канон.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

На маё рашэньне прачытаць кнiгу ўплывае яе першая старонка. Калi яна мне даспадобы, то ўзьнiкае жаданьне прачытаць кнiгу цалкам. Праўда, iншым разам спыняюся на чацьвертай старонцы, бо болей ня цягне: зьнiкла асалода ад чытаньня. Кнiга, якая атрымала прэмiю, часам так расчароўвае, што перастаеш глядзець iншыя кнiгi, якія атрымалі гэтую ж прэмiю.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Прачытаў, што ў японскай паэзii захавалiся гукi, якiх у гутаркавай мове ўжо няма. Яшчэ адна неверагодная здольнасьць паэзii.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Уліс» Джойса. Увесь час цягнуўся да яго, i вось прыйшоў яго час!

Апавяданьне

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Кожнага, хто прыцягвае мяне цiкавым творам. Адны радуюць мяне новым творам, іншыя засмучаюць.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Дзьве кнiгi, якiя я заўсёды перачытваю для настрою. Чытаючы iх, я магу засьмяяцца ўголас. Дзьве вельмi таленавiтыя кнiгi. Абедзьве належаць да фантастыкi. Першая гэта «Казкi робатаў. Кiбэрыяда» Станiслава Лема, а другая «Аўтаспынам па Галяктыцы» Дугласа Адамса. Гэтыя кнiгi падымаюць настрой. Дарэчы, адкрыў iх для мяне мой сын. Мы чыталi зь iм гэтыя кнiгi ўслых.

Ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Я чалавек сэнтымэнтальны. I часам наварочваюцца слёзы. Асаблiва, калі дачакаесься шчасьлiвага завяршэньня.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

О, такiх кнiг шмат. Няма ахвоты iх пералiчваць. Ды i навошта. Як кажуць, антырэкляма — таксама рэкляма. Прамаўчу.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Не люблю фэнтэзi. Адзiн раз паспрабаваў залезьцi ў гэтыя прыдуманыя сусьветы, i адразу ўцёк зь iх, анiчога не разумеючы.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

I на паперы, i на Кiндл. На паперы ёсьць адчуваньне паперы, i адчуваньне малюнка. Я вельмi люблю прыгожа выдадзеныя кнiгi. Я люблю разглядаць малюнкi у кнiзе. Дотык да папяровай кнiгi — гэта ўжо шчасьце. Гэткага шчасьця чыталка не дае. Але цяпер даводзiцца больш чытаць на чыталцы. Гэтак таньней для мяне. Такi час, такiя грошы. Чытаю адразу тры кнiгi. Часьцей яны розных жанраў. Каб пераход ад адной да іншай даваў нейкую зьмену для адчуваньня кнiг. Адна кнiга — паэзія, другая — проза, трэцяя — штосьцi дакумэнтальнае. Але бывае, што i ўсе тры кнiгi аднаго жанру, тады яны неяк пераходзяць адна у адну, дапаўняюць уражаньне. Часьцей за ўсё чытаю перад сном. I засынаю з кнiжкай у руцэ.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Ня ведаю, але здагадваюся. На адной пaлiцы прозa, на другой паэзiя, на трэцяй слоўнiкi, на чацвертай альбомы. Але ўсё там у тры рады, i дзе што, адразу ня ўцямлю.

Імбрычак

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Кнiга вядомага амэрыканскага эканамiста, ляўрэата Нобэлеўскай прэмii Дэнiэла Канэмана (Daniel Kahneman) «Thinking, Fast and Slow» з аўтографам аўтара. Праўда, аўтограф ня мне, а сыну.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Нечаканыя падарункi ад скрынi для сьмецьця ў доме. На кожным паверсе ў нашым доме ёсьць невялiчкiя пакойчыкi са скрынямi, куды кiдаюць сьмецьце. Ёсьць там асобная скрыня для паперы. I вось, убычыўшы ў ёй вялiзны альбом «Art Treasures of Vatican» i вялiзную кнiгу «Treasures of Jewish Folklore» 1948-га году выданьня, у якой амаль тысяча старонак, я ня змог пакiнуць там гэткi скарб!

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Адзiнага героя няма. Галоўны герой у мяне заўжды сам аўтар кнiгi. Я адчуваю яго праз апiсаных iм герояў.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

У дзяцiнстве прыйшлі да мяне казкi розных народаў. Я памятаю нават iх вокладкi. Казкi дазваляюць зразумець народ, якi iх прыдумаў. I цяпер люблю чытаць казкi. Памятаю амаль даслоўна першую беларускую кнiжку. Гэта была казка «Лёгкi хлеб». I запомнiлiся на ўсё жыцьцё бацькавы словы, што лёгкага хлеба не бывае.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

«Лiсьце травы» Ўолта Ўітмэна.

Карова

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Шчыра скажу, что запрасiць на вечарыну анiкога не хацеў бы. Пiсьменьнiк мне заўседы цiкавы сваiмi творамi. А асабiстай сустрэчай баюся расчаравацца.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

О, гэта пытаньне не да мяне. Бiяграфiчныя кнiжкi пра такiх, як я, ня пiшуць!

Што вы перачытваеце?

Часьцей за ўсё я перачытваю вершы. Пад настрой. I слоўнiкi. Часта «Краёвы слоўнiк усходняй Магiлёўшчыны» Бялькевiча. Бо ён вяртае мяне ў дзяцiнства.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Кожны дзень зьяўляецца такая вялiкая колькасьць кнiг, што хто ведае, што можа зацiкавiць сёньня. Чакаю, калi знаёмыя прышлюць «Сабакi Эўропы» Альгерда Бахарэвiча, «Казкi» Адама Глобуса, i «Прыступкi да Храма Святога Духа» Людмiлы Хейдаравай.

Ох!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG