Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія адмовілася ад праекту ў Іране праз санкцыі


Ілюстрацыйнае фота. Недахоп пітной вады ў Іране

Кампанія сына генэральнага пракурора Расеі Ігара Чайкі адмовілася ад будаўніцтва станцыі апрасьненьня вады ў Іране з прычыны санкцый ЗША. Пра гэта паведамляе газэта «Коммерсант».

Кампанія «Расейска-блізкаўсходні экспартны цэнтар» зьбіралася ўжо сёлета пабудаваць у Іране станцыі апрасьненьня для пітной і тэхнічнай вады магутнасьцю да 200 тысяч кубамэтраў за суткі, расказаў Алег Мітволь, які да красавіка быў саўладальнікам кампаніі. Кошт праекта ацэньвалі ў 180 млн даляраў. Паколькі ЗША ня цалкам зьнялі санкцыі з Ірану, кампанія Чайкі не змагла дамовіцца аб пастаўках у Іран абсталяваньня для станцый зь яго вытворцамі, паведаміў Мітволь. Паводле яго, удзельнікамі перамоў былі, у прыватнасьці, кампаніі з Паўднёвай Карэі.

Іран уваходзіць у дваццатку краінаў з самым сухім кліматам у сьвеце, і няхватка пітной вады зьяўляецца для краіны сур’ёзнай праблемай.

Пагадненьне, падпісанае ў 2015 годзе Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай, Кітаем, Расеяй, Францыяй і ЗША з аднаго боку і Іранам з другога, прадугледжвала зьняцьце з Тэгерана эканамічных санкцый ЗША і Эўразьвязу ў абмен на кантроль над іранскай ядзернай праграмай.

8 траўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра рашэньне Вашынгтону выйсьці з гэтага пагадненьня і абвясьціў пра гатоўнасьць прымяніць да Тэгерана санкцыі. Трамп адзначыў, што Іран не выконваў узятых на сябе абавязаньняў і не абмежаваў ядзерныя распрацоўкі ў абмен на паслабленьне санкцый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG