Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі на парадзе з нагоды Дня Перамогі прадэманстравалі новую зброю


Вайсковая тэхніка на Краснай плошчы
Вайсковая тэхніка на Краснай плошчы

У гарадах Расеі ў сераду, 9 траўня, праходзяць урачыстыя мерапрыемствы ў гонар Дня Перамогі. У Маскве прайшоў вайсковы парад з удзелам баявой тэхнікі і авіяцыі, на якім упершыню былі прадэманстраваныя некалькі новых узораў ўзбраеньня. У ім таксама ўзялі ўдзел падразьдзяленьні Расейскай гвардыі і вайсковай паліцыі, якая задзейнічаная ў апэрацыі на тэрыторыі Сырыі.

Гасьцямі параду ў Маскве сёлета былі прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу і прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч.

Пасьля заканчэньня параду некалькі камэраў зафіксавалі, як ахова Ўладзіміра Пуціна адштурхоўае ад прэзыдэнта вэтэрана Вялікай айчыннай вайны, які ішоў побач з ім. Пасьля гэтага сам прэзыдэнт падышоў да яго і паціснуў руку. У прэс-службе Крамля назвалі інцыдэнт з вэтэранам «ненаўмыснай выпадковасьцю».

У шматлікіх расейскіх гарадах у сераду адбываецца акцыя «Бесьсьмяротны полк», падчас якой людзі нясуць фатаграфіі сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў вайне.

На сьвята маскоўскія ўлады плянавалі выдаткаваць ня менш як 615 млн рублёў, падлічыў РБК. Сярод заяўленых затратаў:

— канцэрт каля храма Хрыста Збавіцеля,
— праца з сацсеткамі і СМІ,
— георгіеўская стужка даўжынёй 5 км,
— выраб пледаў, чахлоў для iPhone 8 і X з надпісам «Я люблю Маскву».

Падлікі вяліся толькі на падставе інфармацыі, разьмешчанай на сайце дзяржаўных закупак. Ня ўлічваліся выдаткі Масквы на мерапрыемства для суайчыньнікаў за мяжой, кошт паліва для дэманстрацыі авіяцыі і наземнай тэхнікі на маскоўскім парадзе і камплектаў формы, якую шылі спэцыяльна для параду, з прычыны адсутнасьці адкрытай інфармацыі.

9 траўня 1945 году (у 01:01 паводле маскоўскага часу) быў падпісаны Акт аб безумоўнай капітуляцыі Нямеччыны, якім завяршылася Другая сусьветная вайна ў Эўропе. Паводле апошніх ацэнак, яна забрала жыцьці больш за 50 мільёнаў чалавек, у тым ліку 27 мільёнаў грамадзянаў СССР.

У большасьці краінаў Захаду памятныя мерапрыемствы з нагоды завяршэньня Другой сусьветнай вайны праходзяць 8 траўня, у Дзень памяці і прымірэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG