Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім «Лідо» з другога паверху ўпаў ліфт. Загінула жанчына


У менскай рэстарацыі «Лідо» на вуліцы Кульман 6 траўня абрынулася плятформа для пад’ёму людзей з інваліднасьцю, паведамілі 7 траўня ў Дзяржпрамнаглядзе МНС.

Плятформа «закрытага тыпу» ўпала з узроўню другога паверху, бо абарваліся цягавыя канаты. Па інфармацыі TUT.BY, на плятформе была 85-гадовая мянчанка Інэса Казіміраўна, яна загінула.

«Нам сказалі, мяркуючы па запісах з камэраў, гэта здарылася праз сэкунду, як яна зайшла — падняўся пыл, як пасьля абрынаньня. Бабулю шпіталізавалі, правялі апэрацыю. Але яна чалавек сталага веку... Яна не перажыла гэтай ночы», — сказаў унук нябожчыцы Максім.

Па факце здарэньня завялі крымінальную справу паводле другой часткі артыкула 338 «Аказаньне паслугаў, якія не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі», піша TUT.BY са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу Сьледчага камітэту Юлію Ганчарову. Дзеяньні, якія сталі прычынай сьмерці або цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, прадугледжваюць абмежаваньне ці пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Паводле Дзяржпрамнагляду, плятформу з грузападымальнасьцю 225 кг вырабілі ў 2012 годзе, а ўсталявалі ў «Лідо» ў 2013 годзе.

У красавіку дэпартамэнт выявіў на аб’ектах масавага знаходжаньня людзей больш за тысячу парушэньняў бясьпекі.

Сетка рэстарацыяў «Лідо» належыць Упраўленьню справамі кіраўніка дзяржавы. У 2013 годзе ў будынку рэстарацыі на вуліцы Кульман адбыўся пажар — на плошчы каля 50 квадратных мэтраў гарэў дах будынку, пісаў пра гэта TUT.BY.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG