Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў рыхтуецца да фіналу Лігі чэмпіёнаў. На што разьлічваць беларускім заўзятарам


Матч «Лівэрпуль — Рэал» адбудзецца 26 траўня на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве
Матч «Лівэрпуль — Рэал» адбудзецца 26 траўня на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве

26 траўня на кіеўскім стадыёне «Алімпійскі» адбудзецца фінал Лігі чэмпіёнаў. Англійскі клюб «Лівэрпуль» будзе змагацца за трафэй упершыню за апошнія 11 гадоў, у той час як для другога фіналіста, леташняга ўладальніка тытулу мадрыдзкага клюбу «Рэал», гэты фінал будзе шаснаццатым.

Амбасадар Фіналу Лігі чэмпіёнаў Андрэй Шаўчэнка і амбасадар фіналу Лігі чэмпіёнаў сярод жанчын Ія Андрушчак прэзэнтавалі Кубкі фіналаў, якія будуць разыграныя ў Кіеве
Амбасадар Фіналу Лігі чэмпіёнаў Андрэй Шаўчэнка і амбасадар фіналу Лігі чэмпіёнаў сярод жанчын Ія Андрушчак прэзэнтавалі Кубкі фіналаў, якія будуць разыграныя ў Кіеве

24 траўня ў Кіеве таксама адбудзецца фінал жаночай Лігі чэмпіёнаў, у якім згуляюць нямецкі «Вольсбург» і францускі «Ліён». Гэты матч адбудзецца на кіеўскім стадыёне «Дынама», які месьціць 17 000 гледачоў.

​Ці могуць трапіць беларусы на футбольнае сьвята ў Кіеў і колькі каштуе такая паездка?

Квіткоў у вольным продажы не было і ня будзе

Квіткі на фінальны матч прадаваліся ўсяго тыдзень — з 15 па 22 сакавіка і выключна праз афіцыйны сайт UEFA. Уладальнікі найдаражэйшых квіткоў, набытых па 450 эўра, разьмесьцяцца ў цэнтральным сэктары стадыёну. За 320 эўра прадаваліся месцы, бліжэйшыя да кутніх сьцяжкоў, а ў сэктар за брамамі — па 160 эўра. Найбольш танныя квіткі — па 70 эўра — гарантавалі магчымасьць назіраць за матчам зь ніжніх і верхніх радоў за брамамі.

Адзін з уваходаў на стадыён «Алімпійскі»
Адзін з уваходаў на стадыён «Алімпійскі»

Асобныя прапановы былі распрацаваныя для грамадзян з абмежаванымі магчымасьцямі — яны маглі набыць квіток за 70 эўра, і ў гэтую цану дадаткова ўваходзіла месца для суправаджальнай асобы. Адмысловыя ўмовы набыцьця квіткоў прапаноўваліся дарослым зь дзецьмі да 14 гадоў — яны маглі набыць два квіткі за 140 эўра.

Усе наяўныя квіткі былі разьмеркаваныя лёсаваньнем і прададзеныя. Новага распродажу ня будзе. Нельга спадзявацца і на тое, што квіток можна набыць «з рук» — згодна з правіламі UEFA, тыя, хто набыў квіток, ня маюць права яго перапрадаваць ці перадаваць іншым асобам.

Гатэль каля стадыёну — вольных месцаў няма
Гатэль каля стадыёну — вольных месцаў няма

UEFA заўсёды папярэджвае, што квіткі ня могуць распаўсюджвацца праз агенцтвы ці брокераў або прапанавацца ў межах турыстычных пакетаў.

Чатыры фан-зоны па-за межамі стадыёну

Для тых, у каго няма квіткоў на стадыён, у Кіеве будуць створаныя чатыры фан-зоны, на тэрыторыі якіх можна будзе назіраць за фіналам.

Галоўную зь іх — «Вёску чэмпіёна» — ад 12 траўня пачнуць ладзіць на Храшчаціку. Яна зойме цэлы квартал гораду — ад ЦУМа да вуліцы Гарадзецкага.

Аднадзённыя фан-зоны плянуюць стварыць на Кантрактовай плошчы, у парку Шаўчэнкі і на пляцоўцы перад палацам «Украіна». У кожнай зь іх будзе працаваць мабільны турыстычны інфацэнтар, дзе можна атрымаць кансультацыю і набыць турыстычную картку Kyiv Pass, зь якой магчыма бясплатна і са зьніжкамі наведваць музэі, галерэі, рэстараны, кавярні і бары, а таксама выкарыстоўваць яе як праязны ў мэтрапалітэне (ад 3 да 5 паездак).

Цана такой карткі — ад 450 да 1050 грыўняў (ад 34 да 80 беларускіх рублёў) у залежнасьці ад часу яе дзеяньня: ад адных сутак да 72 гадзін.

На гатэлі разьлічваць ня варта

За два тыдні да фінальнага матчу практычна ва ўсіх гатэлях Кіева не засталося вольных месцаў, а тарыфы павялічыліся ў 5-10 разоў. На адсутнасьць магчымасьцяў для турыстаў спыніцца ў цэнтральных гатэлях 25-27 траўня імгненна адрэагаваў прыватны сэктар нерухомасьці. На рэсурсе па рэзэрваваньні booking.com пачалі зьяўляцца прапановы апартамэнтаў вартасьцю ад 40 да 500 тысяч грыўняў (у Кіеве цяпер можна набыць аднапакаёвую кватэру на другасным рынку за 300-500 тысяч грыўняў — 11-20 тысяч даляраў у эквіваленце).

У той жа час у Кіеве ёсьць вялікая колькасьць агенцтваў, якія прапануюць арэнду кватэры на суткі, няхай і ня так блізка да цэнтру, дзе будуць адбывацца ўсе падзеі, але па цане больш даступныя — ад 650 да 1200 грыўняў (25-45 даляраў). Гэта таксама крыху больш, чым у нефутбольныя дні, але ўсё ж больш прымальна для людзей зь сярэднім даходам.

Але для футбольных заўзятараў няма бязвыхадных сытуацый. Ім на дапамогу прыйшлі бескарысьлівыя ўкраінцы. З ініцыятывы адной з мэдыйных інтэрнэт-кампаній у Кіеве пачаўся флэшмоб «Прымем у госьці бясплатна». На адмысловай старонцы ў Facebook можна знайсьці такія прапановы.

Машынай лепш не карыстацца

Для падарожжа ў футбольны Кіеў лепш не карыстацца аўтамабілем. Ад 12 траўня па ўсім цэнтры ўкраінскай сталіцы будзе абмежаваны рух. Спадзявацца на навігатар для аб’езду таксама ня варта — у Кіеве перайменавалі шмат вуліц і зьмянілі правілы руху, але на мапе гэта пакуль адлюстравана ня цалкам.

Апроч таго, кошт паслуг парковак у цэнтры таксама «кусаецца» — у некаторых паркінгах за дзень трэба выкласьці ад 100 грыўняў, а на платных вулічных паркоўках — ад 20 грыўняў за гадзіну.

Колькі турыстаў чакаюць у Кіеве

​На стадыёне «Алімпійскі», дзе будзе праходзіць фінальны матч Лігі чэмпіёнаў, 70 500 месцаў. На такія лічбы турыстаў і арыентуюцца ўлады.

Паводле прагнозу Нацыянальнага банку Ўкраіны, памер аднадзённых выдаткаў турыста складзе 100-150 даляраў, а дадатковыя паступленьні валюты чакаюць на ўзроўні 15-20 мільёнаў даляраў. Гэта, паводле спэцыялістаў НБУ, ня створыць дадатковага ціску на валютны рынак ці інфляцыйныя працэсы ў краіне.

«Улічваючы, што абарот міжбанкаўскага рынку ў сярэднім за дзень у красавіку склаў больш за 200 мільёнаў даляраў, істотнага ўплыву ад аб’ёму дадатковай прапановы валюты ня будзе. Такая сума дадатковых паступленьняў складзе ўсяго 1-1,5% ад агульнага экспарту паслуг і 0,3-0,4% ад экспарту тавараў і паслуг у траўні», — адзначаецца ў камэнтары НБУ.

У той жа час, паводле Нацбанку, у больш аддаленай пэрспэктыве фінал Лігі чэмпіёнаў патэнцыйна можа садзейнічаць павелічэньню прытоку турыстаў.

У МУС абяцаюць бясьпеку

На час падрыхтоўкі і правядзеньня фіналу Лігі чэмпіёнаў усе службы, падпарадкаваныя сыстэме Міністэрства ўнутраных спраў, будуць пераведзеныя ва ўзмоцнены рэжым. Пакуль агульную лічбу праваахоўнікаў, якія будуць задзейнічаныя ў ахове грамадзкага парадку, не называюць, але да штабных вучэньняў прыцягнутыя ўсе падразьдзяленьні Нацыянальнай паліцыі, Інтэрполу, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай службы ў пытаньнях надзвычайных сытуацый, Дзяржаўнай памежнай службы і Дзяржаўнай міграцыйнай службы.

Вучэньні праваахоўнікаў для працы ў сытуацыйных цэнтрах
Вучэньні праваахоўнікаў для працы ў сытуацыйных цэнтрах

Апэратыўная сытуацыя будзе аналізавацца ў адмысловых сытуацыйных цэнтрах, куды будзе паступаць інфармацыя ў рэжыме рэальнага часу з усіх баз дадзеных — камэраў відэаназіраньня, спадарожнікаў і непасрэдна зь месцаў падзей.

Арганізацыя бясьпекі падчас правядзеньня «Эўравізіі» летась у Кіеве
Арганізацыя бясьпекі падчас правядзеньня «Эўравізіі» летась у Кіеве

Традыцыйна ў месцах вялікага збору людзей будзе арганізаваны асабісты агляд і ўсталяваныя мэталічныя рамкі.

Бясьпека для беларусаў ва Ўкраіне шмат у чым залежыць і ад іх асабіста. Традыцыйна на масавых мерапрыемствах трэба быць пільнымі і не забывацца, што ва Ўкраіне забароненыя савецкая сымболіка і георгіеўскія стужкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG