Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ ў Вільні пераехаў у новы будынак. Сёньня адбылося ўрачыстае адкрыцьцё. ФОТА


У дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ) пачаў працу ў новым корпусе — у былым Аўгустынскім кляштары ў Старым горадзе Вільні.

Як сьцьвярджаецца ў прэс-рэлізе, на ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця да калектыву ЭГУ з віншавальным словам зьвярнуліся рэктар унівэрсытэту прафэсар Сяргей Ігнатаў, віцэ-міністар асьветы і навукі Літвы доктар Гедрус Вілюнас і віцэ-міністар замежных спраў Дарус Скусявічус.

Айцец Андрэй Квяцінскі OFM зь віленскай парафіі св. Барталамея ў Зарэччы асьвяціў новы корпус унівэрсытэту.

«Вельмі сымбалічна, што менавіта ў год свайго 25-га юбілею ЭГУ знайшоў новы дом у Вільні. Магчымасьць сумеснай працы супольнасьці ЭГУ ў выдатным будынку Аўгустынскага кляштару надае працэсу навучаньня і навуковай дзейнасьці яшчэ большую каштоўнасьць. Мы ўдзячныя Літве за стабільную падтрымку на працягу ўсіх год працы ў Вільні», — адзначыў падчас свайго выступу старшыня Кіроўнай Рады ЭГУ Пэр Карлсэн.

З восені 2005 году ЭГУ дзяліў навучальны корпус з унівэрсытэтам Міколаса Ромэрыса.

Абавязак перадаць ЭГУ будынак аўгустынскага кляштару ўрад Літвы ўзяў на сябе ў 2009 годзе. У кастрычніку 2017 году да 25-годзьдзя ўнівэрсытэту ўрад прыняў канчатковае рашэньне аб перадачы былога кляштару. Пераезд у новы корпус неаднаразова пераносіўся.

Пасьля 12 гадоў працы ў Менску ЭГУ быў вымушаны пакінуць Беларусь і працягнуць сваю працу ў Вільні, што стала магчымым дзякуючы падтрымцы Літвы і Эўрапейскага Зьвязу. За ўсе гады свайго існаваньня ўнівэрсытэт скончыла 3044 выпускнікі. Большасьць зь іх жывуць і працуюць у Беларусі.

Былы кляштар Аўгустынскага ордэну быў збудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя на скрыжаваньні вуліц Савічаўс і Бокшта, за 200 мэтраў ад віленскай ратушы. Будынак мае арыгінальныя элемэнты інтэр’еру, у тым ліку фрэскі і брукаваную падлогу, якія былі захаваныя ў выніку пяцігадовай рэстаўрацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG