Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэйк пра нашую «Канстытуцыю 3 траўня», у які мы паверылі


Ухваленьне Канстытуцыі 3 траўня. Карціна Казімежа Вайнякоўскага
Ухваленьне Канстытуцыі 3 траўня. Карціна Казімежа Вайнякоўскага

Якая ж Рэч Паспалітая і беларуская дзяржава, калі Канстытуцыя 3 траўня зрабіла з ВКЛ і Каралеўства Польскага ўнітарную польскую дзяржаву? Так пішуць у інтэрнэце і сур’ёзныя людзі, і тролі. Так пішуць і ў кнігах. А тым часам тэзіс пра канец ВКЛ 3 траўня 1791 году можа быць адным з найбольшых гістарычных фэйкаў, у які мы паверылі.

Беларусы як адны з спадкаемцаў ВКЛ былі часткаю фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай. Але да яе гісторыі ў нас ставяцца падазрона — як да польскай. І ўплыў польскай мовы, і культуры, і спольшчаная шляхта. Дык цяпер у Беларусі пануе расейская мова і культура. І што, гэта дае падставы казаць, што ніякай Беларусі не існуе? Апошнім аргумэнтам у спрэчках «за Рэч Паспалітую» ўсплывае Канстытуцыя 3 траўня. Маўляў, яна скасавала ВКЛ і абвясьціла Рэч Паспалітую Польшчай.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Па-першае, да ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе гэтая Канстытуцыя ўжо ня дзейнічала. Яна была скасаваная праз год пасьля прыняцьця. Па-другое, прачытаўшы ўважліва тэкст Канстытуцыі (я зрабіў гэта сёньня двойчы), я нідзе не пабачыў артыкулу пра скасаваньне фэдэрацыі і абвяшчэньне Рэчы Паспалітай унітарнаю дзяржаваю. Такога там не пабачыў і гісторык права, чалец камітэту юрыдычных навук Польскай акадэміі навук Ежы Малец. Выяўляецца, што так было задумана.

Паводле Мальца, некаторыя экспэрты прынялі за скасаваньне фэдэрацыйнага характару дзяржавы... адсутнасьць слова «фэдэрацыя» ў Канстытуцыі. Матыў дакумэнту сапраўды мог быць такім, але пра гэта нідзе выразна не гаворыцца. Літоўскія сэнатары і паслы ня мелі намеру адмаўляцца ад юрыдычнай і палітычнай суб’ектнасьці ВКЛ. Яны падтрымалі Канстытуцыю, каб абараніць Рэч Паспалітую ад вонкавых пагрозаў. Пасьля гэтага пачалася распрацоўка канкрэтных законаў, якія ўнармоўвалі палітычны лад Рэчы Паспалітай. У падтрымку тэзісу, што ніякай унітарнай дзяржавы Канстытуцыя не абвясьціла, гавораць і пазьнейшыя пастановы Чатырохгадовага Сойму. У іх чорным па белым напісана пра зьвяз Польскага каралеўства і ВКЛ. І ня толькі ў іх.

Я у свой час зламаў нямала віртуальных і ня толькі дзідаў у спрэчках вакол Канстытуцыі 3 траўня. А аказваецца, дастаткова было пачытаць сам яе тэкст ды іншыя дакумэнты.

У Беларусі захавалася 20 калёнаў у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 году

У рамках так званай унітарнай Канстытуцыі была прынятая папраўка — «Узаемныя заручыны Абодвух Народаў». Яе прынялі 20 кастрычніка таго ж году, калі прынялі Канстытуцыю. Папраўка была вынікам змаганьня літоўскіх паслоў за свае правы і дэталёва тлумачыла не сфармуляваныя ў Канстытуцыі ўмовы зьвязу Польшчы і ВКЛ.

Пра гэтую дадатковую інструкцыю шмат пісаў польскі гісторык і прафэсар юрыспрудэнцыі, клясык гістарычна-праўнай думкі Юліюш Бардах. Ён называў тое, што адбывалася 3 траўня, і кастрычніцкую папраўку збліжэньнем Кароны і ВКЛ «перад абліччам небясьпекі з захаваньнем ФЭДЭРАЦЫЙНАЙ (вылучана мною. — Д. Г.) мадэлі Рэчы Паспалітай».

Дамо слова Бардаху, акадэміку Польскай акадэміі навук:

«Умацоўваючы повязі ў сфэры вайсковай арганізацыі і скарбу, папраўка гарантавала далейшае існаваньне цэнтральных літоўскіх установаў, асобны судовы лад і ўласную сыстэму права. Для грамадзян Літвы забесьпечвалася палова месцаў у цэнтральных установах Рэчы Паспалітай. З гэтай нагоды Казімер Нестар Сапега казаў: «Панаваньню Жыгімонта Аўгуста народы абавязаны уніяй. Панаваньню Станіслава Аўгуста будуць абавязаныя яшчэ мацнейшым яе яднаньнем з азначэньнем свае самастойнасьці».

Гэты дакумэнт атрымаў такі ж самы статус, як і акт Люблінскай уніі. Яе важнасьць прызнаваў і адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 траўня кс. Гуга Калонтай:

«Была абноўленая паміж Літвой і Каронай сьвятая зарука уніі, была прынята памятная ўхвала, паводле якой на ўсе ўрадавыя магістратуры павінна была абірацца палова грамадзян літоўскіх, а палова каронных, хоць Літва параўнальна з Каронай не складае і трэцяе часткі ані ў насельніцтве, ані ў багацьці».

Калёны ў гонар Канстытуцыі 3 траўня ў Беларусі
Калёны ў гонар Канстытуцыі 3 траўня ў Беларусі

Але, як піша гісторык Цімох Акудовіч, пасьля Калонтая — на працягу ХІХ і амаль усяго XX ст. — гэты вельмі істотны вынік «Узаемных заручынаў» забыўся. Пазьней многія польскія гісторыкі называлі «Заручыны» ня больш як пагадненьнем у пытаньнях скарбовай камісіі. Але былі інакшыя інтэрпрэтацыі.

«Польская звычка казаць пра гісторыю Рэчы Паспалітай як гісторыю Польшчы, а пра грамадзян Рэчы Паспалітай як пра землякоў з краю Віслы і Варты, злуе. Але гэта часьцей вынік несьвядомасьці, чым праява прысваеньня гісторыі суседзяў з Усходу», — піша польскі гісторык Анджэй Суліма-Камінскі.

Сёньня менш важныя матывы. Важныя факты. І калі Канстытуцыя 3 траўня была скасаваная ўжо праз год, то Статут ВКЛ спыніў дзеяньне толькі ў 1840-м. На гэтых фактах нам і трэба засяроджвацца, кажучы ўголас, што Канстытуцыя 3 траўня — гэта і наша Канстытуцыя. Не бездакорная, але наша. І што Рэч Паспалітая — гэта і беларуская дзяржава.

Racja jest jak dupa — każdy ma swoją, казаў некалі Язэп Пілсудзкі. Пра дупу ўсё праўда. Але з праўдай пра Рэч Паспалітую ўсё значна складаней.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG