Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільярдэр Іванішвілі вяртаецца ў грузінскую палітыку і ўзначаліць кіроўную партыю


Прэм’ер-міністар Грузіі Георгій Квірыкашвілі 26 красавіка абвясьціў на спэцыяльным брыфінгу, што заснавальнік кіруючай партыі «Грузінская мара» мільярдэр Бідзіна Іванішвілі зноў пагадзіўся ўзначаліць кіроўную партыю. Брыфінг прэмʼера трансьляваўся ў Грузіі ў прамым эфіры ўсіх агульнанацыянальных тэлекампаній.

Квірыкашвілі заявіў, што асабіста прапанаваў мільярдэру Іванішвілі ўзначаліць кіроўную партыю «Грузінская мара» і той прыняў гэтую прапанову. Не выключана, што менавіта Іванішвілі стане кандыдатам «партыі ўлады» на маючых адбыцца ў кастрычніку прэзыдэнцкіх выбарах.

«Ён здольны ўзмацніць нашу партыю ў рангу яе старшыні, надаць партыі новую дынаміку разьвіцьця» — заявіў прэмʼер. Ён заявіў, што «не сумняваецца», што зьезд «Грузінскай мары», які намечаны на бліжэйшы час, «аднадушна абярэ Іванішвілі лідэрам партыі».

Па дадзеных Forbes, маёмасьць Іванішвілі складае больш за 5,5 млрд. даляраў. Ён уладальнік буйной кампаніі «Унікор» і верагодна самы багаты чалавек Грузіі.

Іванішвілі заснаваў партыю «Грузінская мара» ў 2011 годзе, пасьля чаго перамог на парлямэнцкіх выбарах 2012 году партыю Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух». Па яго ўласных словах, ён некалькі гадоў дапамагаў Саакашвілі праводзіць рэформы і ў тым ліку даваў уласныя грошы на тое, каб зь іх плаціліся высокія зарплаты чыноўнікам і паліцыі, але потым моцна пашкадаваў аб тым, што супрацоўнічаў з Саакашвілі.

Неўзабаве Іванішвілі афіцыйна сышоў з палітыкі, але грузінская апазыцыя працягвае лічыць, што ён кіруе «Грузінскай марай» і называе яго «ценявым кардыналам» кіруючай партыі і грузінскай палітыкі. Саакашвілі ўпэўнены, што менавіта Іванішвілі стаіць за гісторыяй яго дэпартацыі з Украіны і пазбаўленьні яго ўкраінскага грамадзянства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG